У 2018–2019 навучальным годзе ў школах Беларусі сядуць за парты 1 мільён 110 тысяч вучняў. Гэта на 116 тысяч болей, чым было ў папярэднім, паведаміла сёньня начальнік упраўленьня агульнай і сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.
Упершыню за апошнія 10 гадоў колькасьць дзяцей-школьнікаў перавысіла 1 мільён.
Паводле чыноўніцы, адметнасьцю новага навучальнага году стане ўвядзеньне ў 10-й клясе прадмету «Працоўнае навучаньне». Вучні будуць займацца 6 гадзін на тыдзень і засвойваць рабочыя прафэсіі альбо непасрэдна ў школе, альбо, пры адсутнасьці такой магчымасьці, у прафтэхвучэльнях, каледжах ці ВНУ.
Міністэрства адукацыі падрыхтавала прыкладны сьпіс прафэсіяў, якія прапануецца засвойваць вучням 10-х клясаў, але канчатковае рашэньне будуць прымаць мясцовыя органы ўлады з улікам магчымасьцяў навучаньня і запатрабаванасьці пэўных спэцыялістаў непасрэдна ў рэгіёнах.