Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ўпершыню затрымалі грамадзяніна Беларусі за ўдзел у баявых дзеяньнях на баку «ДНР»


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Затрыманаму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. Прозьвішча пакуль не называюць. Гэта першае затрыманьне грамадзяніна Беларусі за ўдзел у баявых дзеяньнях на баку так званых ДНР і ЛНР.

Спэцслужбы Ўкраіны затрымалі на падкантрольнай Кіеву тэрыторыі Данецкай вобласьці грамадзяніна Беларусі, які ваяваў на баку ўзброеных фармаваньняў самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» ў складзе батальёна «Самалі» і браў актыўны ўдзел у збройных сутыкненьнях з украінскім войскам.

«Грамадзяніну Беларусі паведамілі аб падазрэньні ў зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 258-3 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. Суд задаволіў хадайніцтва пракуратуры Данецкай вобласьці і абраў для яго меру стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад вартай тэрмінам на два месяцы. Дасудовае расьсьледаваньне працягваецца», — паведаміў прэсавы сакратар Генэральнай пракуратуры Ўкраіны Андрэй Лысенка.

Артыкул 258-3 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (стварэньне тэрарыстычнай групы або тэрарыстычнай арганізацыі) прадугледжвае пакараньне пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў. Прозьвішча затрыманага беларуса не называюць.

Паводле Андрэя Лысенкі, грамадзянін Беларусі трапіў у шэрагі «ДНР» у лістападзе 2014 году. «Атрымаўшы званьне „старшы сяржант“, ён пачаў ваенную службу ў 1-м асобным танкавым батальёне „Самалі“ на пасадзе камандзіра танка, за што штомесяц атрымліваў грашовае ўзнагароджаньне», — сказаў Андрэй Лысенка.

Паводле пракуратуры, беларус таксама браў актыўны ўдзел у захопе Данецкага аэрапорту ў 2015 годзе.

Прэсавы сакратар ГПУ дадаў, што пасьля ўдзелу ў вайсковых дзеяньнях у 2015 годзе беларус пакінуў службу, аднак у 2017 годзе вярнуўся і быў залічаны ў адну з вайсковых частак «ДНР».

«Сёлета, 10 жніўня, для працягу сваёй супрацьпраўнай дзейнасьці ён прыбыў на тэрыторыю Ўкраіны, дзе і быў выкрыты супрацоўнікамі СБУ і пракуратуры», — дадаў Андрэй Лысенка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG