Японія — краіна з трэцяй па велічыні эканомікай сьвету, але з пэнсійнай сыстэмай у ёй ня ўсё гладка. Японскія пэнсіянэры атрымліваюць каля 40% ад сярэдняй зарплаты, прыкладна такую ж долю, як у Расеі і Польшчы — і гэта адзін з горшых вынікаў паводле Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця.
«Пэнсійны ўзрост расьце так хутка, што дасягне 150 гадоў у бліжэйшую пяцігодку», — жартуе Алекс Цай, кіраўнік і заснавальнік стартапу beepnow — пляцоўкі для пошуку фрылансэраў без дыскрымінацыі па ўзросьце і іншых прыкметах.
У інтэрвію «Настоящему времени» Цай расказаў, як цяпер працуе пэнсійная сыстэма ў Японіі, якую аналітыкі з «Сусьветнага эканамічнага форуму» назвалі глябальнай «бомбай запаволенага дзеяньня» з-за імклівага старэньня насельніцтва.
Па словах Цая, у аснове крызісу — сацыяльная і дэмаграфічная сытуацыя ў краіне. «Маладыя пакаленьні плацяць за пэнсію для пажылых, але ў нас цяпер стала менш моладзі», — кажа ён.
Японія — «самая старая» краіна ў сьвеце паводле сярэдняга ўзросту, больш за палова насельніцтва — старэйшыя за 46 гадоў.
Калі ў 1950-х бацька сямейства мог без праблем, працуючы адзін, утрымліваць 8-10 дзяцей, дык цяпер нават для падтрымкі адзінага дзіцяці трэба працаваць абодвум бацькам, распавядае Цай.
Асноўную долю пэнсіі плоціць дзяржава (каля $ 600 у месяц), але ёсьць і дадатковая частка, якая залежыць ад заробку, кампаніі і стажу. Можна сысьці на пэнсію і раней, але тады яна скарачаецца на 6% за кожны «недапрацаваны год».
Цяпер пэнсійны ўзрост складае 65 гадоў для мужчын і жанчын, пры гэтым можна працягваць працаваць без абмежаваньняў (што многія і робяць), але новую працу пажылым знайсьці значна цяжэй. Па словах суразмоўцы, звычайна японцы перастаюць працаваць у раёне 70 гадоў. Пры гэтым чаканая працягласьць жыцьця — амаль 84 гады.
«Няма выбару, даводзіцца паніжаць узровень жыцьця, таму што пэнсія — усяго каля 2200 даляраў на дваіх у месяц, — кажа Цай. — Прыкладна столькі атрымлівае моладзь пасьля выпуску з унівэрсытэту. Так што вельмі складана для двух чалавек, старэйшых за 65 гадоў, захаваць свой узровень жыцьця пры такіх даходах».
Пражытачны мінімум (без уліку мэдыцынскай, жыльлёвай і іншай дапамогі) для чалавека 60-69 гадоў у Токіё складае каля $ 727 у месяц.
У сталіцы Японіі толькі арэнда невялікі кватэры з камунальнымі паслугамі абыдзецца прыкладна ў 1000 даляраў за месяц, паводле дадзеных сэрвісу Numbeo, які параўноўвае кошт жыцьця ў розных гарадах на аснове інфармацыі ад карыстальнікаў. Менавіта з-за высокага кошту жыльля многія японцы, якія ня могуць знайсьці працу, якая б добра аплочвалася, пераяжджаюць жыць у спэцыяльныя інтэрнэт-кавярні.
Цай кажа, што прыходзіць у жах, калі думае пра пэнсію.
«Цяпер у нас людзі ад 65 гадоў, якія атрымліваюць пэнсію, могуць пратрымацца да самай сьмерці, таму што ў іх, напэўна, ёсьць нейкія зьберажэньні, — лічыць заснавальнік beepnow. — Майму пакаленьню, калі нам стане па 65, для нас будзе немагчыма выжыць, таму што ў мяне няма такіх зьберажэньняў».
На пытаньне аб тым, ці дапамагаюць дзеці бацькам-пэнсіянэрам, Алекс Цай сьмяецца: «Гэта якраз мы да гэтага часу атрымліваем грошы ад бацькоў. Цяпер пэнсіянэры багацейшыя за маладое пакаленьне людзей, якія працуюць».