Гісторыя жыцьця і бізнэсу Васіля Шкіндзера, захавальніка традыцый і этнаграфічных рарытэтаў на Лепельшчыне.
Васіль Шкіндзер, гаспадaр аграсядзібы «Поўсьвіж» на Лепельшчыне, летась у рэспубліканскім галіновым конкурсе стаў пераможцам у намінацыі «Захавальнік традыцый». Васіль сказаў у інтэрвію Свабодзе, што беларускія традыцыі ня «фішка» для конкурсу, а справа ягонага жыцьця.
Пачынаў з гандлю семкамі
У «Поўсьвіжы» гаспадар аграсядзібы прапануе ня толькі адпачыць па-вясковаму, але й стаць удзельнікам традыцыйнага абраду або трапіць на самадзейны канцэрт ці мастацкую выставу.
Васіль Шкіндзер — былы настаўнік матэматыкі і фізыкі. Скончыўшы Віцебскі ўнівэрсытэт, ён вярнуўся на родную Лепельшчыну і адпрацаваў па разьмеркаваньні два гады ў сваёй вёсцы.
Потым, як ён кажа, яго «адпусьцілі, доўга не трымаючы». Настаўнікаў на Віцебшчыне быў лішак — сюды пераехала шмат сем’яў перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны, якія шукалі працу. І якраз у 1990-я пачалася актыўная плынь прадпрымальніцтва. Васіль Шкіндзер з братамі заснавалі свой бізнэс — куплялі семкі ў Варонежы ды Растове, а прадавалі ў Беларусі.
Справа была прыбытковай, Васілю ўдалося назьбіраць грошай на хату ў Вялікім Поўсьвіжы. Збудавалі яе ў 1993-м, у сям’і нарадзіліся два сыны. І Шкіндзеры вырашылі заняцца новай справай — агратурызмам, які толькі ўвайшоў у моду. На рэшту грошай збудавалі другую хату — для гасьцей. Пачалі думаць, чым іх прывабіць.
Тады падумаў: «Так можна ўсю Беларусь прапіць!»
Ідэі наконт гэтага ўжо былі, кажа Шкіндзер:
«Яшчэ калі быў прадпрымальнікам, на кірмашы ў Полацку пазнаёміўся з чалавекам, які скупляў старадаўнія рэчы — ручнікі, кросны, самавары… Была нішчымніца, і людзі аддавалі амаль задарма сапраўдныя рарытэты. А той чалавек збываў гэта ўсё ў Маскве за вялікія грошы, якія прапіваў, не шкадуючы… Тады я падумаў: так можна ўсю Беларусь прапіць!»
Спадар Васіль вырашыў, што ў яго на сядзібе будзе ўласны музэй, каб было што паглядзець, апрача навакольнай прыгажосьці».
Экспанаты для музэю спадар Васіль зьбірае ўжо 20 гадоў. Тут і драўляныя колы, кавальскія вырабы, керамічны посуд, пад два дзясяткі жорнаў і безьліч іншых сялянскіх прыладаў працы — ад сярпа да «тэхнічных навінак» пачатку мінулага стагодзьдзя.
Нешта з экспанатаў ён набыў падчас вандровак па суседніх вёсках, а іншым разам яму й дораць старадаўнія рэчы. Нядаўна старэнькая жанчына аддала яму некалькі вышываных ручнікоў. Сказала, што давялося перасяляцца ў кватэру да нявесткі, а тая катэгарычна адмовілася «трымаць у доме старое рызьзё».
Для такіх экспанатаў Шкіндзер хоча зрабіць асобнае цёплае памяшканьне. Бо значная частка ягоных этнаграфічных скарбаў захоўваецца ці пад паветкай, ці проста ў двары.
Наведаньне музэю на сядзібе «Поўсьвіж» уключана ў многія мясцовыя турыстычныя маршруты. Але ня толькі гэта вабіць сюды гасьцей.
Пад аховаю Перуна, Вялеса і Цмока
На аграсядзібе штогод сьвяткуюць Купальле і Багач, гукаюць вясну, ладзяць «Жаніцьбу Цярэшкі», калядуюць з цэлым гуртам. Прычым робяць гэта не па мэтадычных дапаможніках, а паводле арыгінальных фальклёрных зьвестак, сабраных на Лепельшчыне.
Ладзяць усё гэта ўласнымі сіламі ня толькі сям'я Шкіндзераў, але й мясцовыя мастакі, майстры, музыкі ды лепельскі турыстычны клюб. Усе разам арганізавалі не адну фальклёрную экспэдыцыю.
Супрацоўніцтва творчых людзей падштурхнула Васіля Шкіндзера да яшчэ адной прыдумкі: ладзіць на аграсядзібе творчыя фэсты. Пачалося ўсё з мастацка-рамесьніцкага фэстывалю «Вялікае поле», запачаткаванага ў 2011 годзе.
І неўзабаве непадалёк ад вёскі, побач з каменем-сьледавіком каля Перуновай гары, паўстала амаль трохмэтровая драўляная скульптура Перуна — вынік працы разьбяроў, якія ўдзельнічалі ў фэсьце. Яшчэ праз год паблізу зьявіўся стод Вялеса. Два драўляныя цмокі — маленькі і вялікі — амаль круглы год знаходзяцца ў музэйнай частцы сядзібы. Але падчас імпрэзаў іх выносяць на падворак — каб госьці маглі зь імі сфатаграфавацца.
Мастакам тут спадабалася
У канцы ліпеня сядзібу Шкіндзера апанавалі мастакі. Тут яны зьбіраюцца ўжо другі раз— ладзяць плэнэры, а потым робяць для вяскоўцаў імправізаваную выставу. Гэтым разам яна супала са штогадовым фэстам «Жнівень» — яшчэ адной ініцыятывай Васіля.
Паводле традыцыі, на фэст зьехаліся і лепельскія майстры са сваімі вырабамі, і самадзейныя выканаўцы. Завіталі даўнія сябры Шкіндзера — полацкі этнаграфічны гурт «Варган». А сам ён упершыню прэзэнтаваў слухачам зусім малады гурт «Рэхта», створаны ім асабіста.
«Чаму „Рэхта“? Таму што недалёка ад нашай вёскі ёсьць гара з такой назвай. Можа, мы высока ўгару падымемся, як будзем добра граць?», — жартуе спадар Васіль.
Пайшоў у музычную школу ў 48 гадоў
Пакуль што ў гурце ўсяго трое музыкаў. Але пляны ў іх сур'ёзныя: стварыць паўнавартасную канцэртную праграму ды ладзіць майстар-клясынародных танцаў і сьпеваў. Увогуле Шкіндзер перакананы, што без музычнага гурту ў справе адраджэньня традыцый не абыдзесься. Бо музыка і сьпевы — важны складнік любога народнага сьвята.
Восем гадоў таму гаспадар аграсядзібы пачаў граць на дудзе — тады якраз быў пік цікавасьці да гэтага інструмэнта. Вучыўся граць у Тодара Кашкурэвіча. А дуду яму зрабілі на ўзор старажытнай дуды, якая захоўваецца ў Лепельскім краязнаўчым музэі. Потым вырашыў навучыцца на скрыпцы, кажа музыка:
«Паколькі на гітары ўжо ўмеў, то разважаў так: раз магу граць на шасьці струнах, то на чатырох будзе зусім лёгка. Аказалася, што не. У 48 гадоў я пайшоў у музычную школу. Давялося вучыцца побач з малымі дзецьмі. Але за тры гады асвоіў скрыпку ды навучыўся нотнай грамаце».
Спадар Васіль перакананы: традыцыі, якія захаваліся ў родных мясьцінах, неабходна захаваць для нашчадкаў.
Ён ня любіць скардзіцца на цяжкасьці прадпрымальніцтва ў Беларусі, хоць і ня ўтойвае праблемаў. Дый відавочна: утрымліваць аб’ект, які ўвесь час патрабуе ўкладаньня сродкаў ды гаспадарскага клопату, а паралельна займацца творчасьцю нялёгка. Але й зарабляць грошы, не пакідаючы нічога для душы, надта ж сумна.