Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шчасьце фінаў — у дыктатуры». Тады чаму нешчасьлівыя беларусы — тлумачыць фінскі беларус


З 2012 году ААН складае «Сусьветны рапарт шчасьця» (World Happiness Report). У сьпісе фігуруюць 156 краін. Першая дзясятка мяняецца толькі месцамі. Фінляндыя — заўсёды ў пяцёрцы самых шчасьлівых краін, сёлета — на першай пазыцыі. Беларусь — на 73-й пазыцыі.

Паміж Гандурасам і Турэччынай: беларусы сталі менш шчасьлівыя​

Фіны і беларусы шмат у чым падобныя. Немітусьлівыя, працавітыя, памяркоўныя, сьціплыя. Абедзьве дзяржавы бедныя на сыравінныя запасы, энэрганосьбіты ды іншыя прыродныя рэсурсы. Але ў фінаў халадней і менш сонечных дзён.

Што ж дае фінам шчасьце? У чым сакрэт такой розьніцы ў рэйтынгу паміж фінамі і беларусамі? На гэтыя пытаньні адказвае перакладчык нацыянальнага эпасу фінаў «Калевала» на беларускую мову Якуб Лапатка з Хэльсынкі.

Якуб Лапатка
Якуб Лапатка

«Законапаслушэнства прывіваецца фінам зь дзяцінства»

«Палкія юнакі і паталягічныя лібэралы скажуць, што галоўная прычына — дэмакратыя. Гэта так і ня так. У Сынгапуры дэмакратыяй і ня пахне. А калі параўнаць дабрабыт жыхароў гораду-дзяржавы і, скажам, дэмакратычнай Бразыліі — карціна будзе не на карысьць дэмакратыі. Пра Фінляндыю я сказаў бы, што аснова яе шчасьця — гэта дыктатура. Дыктатура закону. Роўнасьць усіх без выключэньня грамадзянаў перад ім. І стаўленьне да закону, законапаслушэнства».

Якуб Лапатка прыгадвае выпадак, які адбыўся некалькі гадоў таму з начальнікам крымінальнага вышуку Хэльсынкі. Мужчыну затрымаў дарожны патруль. Начальнік ехаў нападпітку. Атрымаў вялізны штраф і паляцеў з пасады.

«Як вы думаеце, што было б зь беларускім ДАІшнікам у такім выпадку? Прыклад другі. Абагнаць машыну, якая прапускае пешаходаў на пераходзе — крымінальнае злачынства і цягне за сабой неверагодна вялікія штрафы і нават турэмнае зьняволеньне», — кажа Лапатка.

У 2016 годзе фінскі мільянэр абагнаў машыны, якія стаялі на пераходзе. Яму прысудзілі 155 тысяч эўраў штрафу. Ён абскардзіў гэтае рашэньне, але 77 тысяч усё ж мусіў заплаціць.

«Законапаслушэнства прывіваецца фінам зь дзяцінства. Я неяк пажартаваў, сказаўшы суседзкай дзяўчынцы, што яна магла б і сьпісаць кантрольную. Дык тая з жахам адказала: "Вы што! Гэтак жа нельга рабіць! Гэта ж непрыстойна!" Зьвярніце ўвагу: нельга, бо непрыстойна. — кажа Лапатка, — Гэтак жа непрыстойна і браць хабар. Не магу сказаць, як там зь мільённымі сумамі, але чыноўнікі рознай ступені забясьпечанасьці не бяруць. Як сказаў адзін мой кліент з Расеі: "Немагчыма працаваць! Дзікія людзі — не бяруць!"»

Што раздражняе фінаў?

Горад Порва
Горад Порва

Паводле Лапаткі, калі ў Беларусі прымаецца закон, усе прыкідваюць, як будуць яго абыходзіць. У фінаў — як яго будуць выконваць. Аднак задаволенасьць жыцьцём, на яго думку, ідзе поплеч зь незадаволенасьцю.

«У Хэльсынкі, дый паўсюдна, выдатна наладжаны грамадзкі транспарт. Паводле апытаньня, 98% хэльсынкцаў лічаць ягоную работу амаль ідэальнай. І сапраўды: агульнатранспартны білет на праезд у мэтро, трамваі, аўтобусе, электрычцы ў межах гарадзкіх станцый дзейнічае на працягу гадзіны. Кароткія — 300–400 мэтраў — адлегласьці паміж прыпынкамі, вольныя палосы руху аўтобусаў — ніякіх затрымак і г. д. Можна правозіць багаж вялікіх памераў, ехаць з сабакамі, ніякай цеснаты і таўханіны, што яшчэ трэба?» — працягвае беларускі перакладчык.

«Непрыстойна і моцна радавацца, і бурна засмучацца — і гэта ўжо ў плоці і крыві». Абмяркоўваем эмацыйнасьць беларусаў

А вось незадаволеныя людзі, паводле Лапаткі, тым, што высокая цана праезду. Моцная сыстэма сацыяльнага забесьпячэньня не дае людзям апускацца за мяжу галечы. Беспрацоўныя атрымліваюць успамажэньні, пэнсіянэры — ільготы і зьніжкі, студэнты — стыпэндыі і г. д.

«Карціна алеем, праўда? Але бурліць і незадаволенасьць высокімі падаткамі. Калі гаворка ідзе аб успамажэньнях ды льготах — гэта добра, а калі даводзіцца плаціць немалыя падаткі з заробкаў і прыбыткаў — гэта, людцы вы мае, нікуды ня варта! Гэта якраз і ёсьць добрая ілюстрацыя таго, што манэта мае два бакі. Добрае заўсёды суседзіцца з паганым».

Асновай дабрабыту фінаў Якуб Лапатка называе вольнае прадпрымальніцтва. Заснаваць сваю фірму ў Фінляндыі вельмі проста.

«Прыходзіш ва Ўправу патэнтаў і рэгістрацый, атрымліваеш пакет дакумэнтаў і, заплаціўшы невялікую пошліну, атрымліваеш рэгістрацыйны нумар, падатковыя дакумэнты і, па заяве, ня надта вялікі стартавы капітал — і наперад. Дзяржава ня будзе тузаць цябе бясконцымі праверкамі, візытамі розных інспэктараў ды іншых пэрсонаў нон-грата».

«Дзяржава ня лічыць патрэбным займацца безьліччу дробязных спраў»

Але сачыць, кажа беларус, усё адно будзе. Ненавязьліва, але пільна і неадступна. Блытаніна з падаткамі, санітарнымі або іншымі правіламі каштуе вельмі дорага. Малымі і сярэднімі фірмамі забясьпечваецца якасьць жыцьця фінаў. Гэта і фірмы, якія ачышчаюць сьнег з дахаў і з вуліц, і аўтобусныя кампаніі, якія па дамове з горадам забясьпечваюць зручны і хуткі грамадзкі рух. Тут і невялікія лягістычныя фірмы, якія па прамых дамовах з крамамі, супэрмаркетамі і ўстановамі грамадзкага харчаваньня развозяць тавары і прадукты.

«Дзяржава ня лічыць патрэбным займацца безьліччу дробязных паўсядзённых спраў. А прыватны — дробны, сярэдні і вялікі — бізнэс выдатна спраўляецца з гэтым. Ні міністэрства, ні тым болей прэзыдэнт, ня будуць прадпісваць перавозчыкам, дзе ім рабіць прыпынкі, і па якім графіку езьдзіць. Ня царская гэта справа. Калі ж пачынаецца мітусьлівы цэнтралізаваны "клопат аб народзе", дык нічога добрага атрымацца ня можа. Фіны добра засвоілі гэтую аксіёму».

«Тое, што можна простаму грамадзяніну, нельга прэзыдэнту»

Найвышэйшы дзяржаўны чыноўнік у Фінляндыі — прэзыдэнт. Да яго асаблівыя маральныя патрабаваньні. Тое, што можна простаму грамадзяніну, нельга прэзыдэнту, кажа Лапатка.

«Тар’я Халанэн да прэзыдэнцтва шмат гадоў жыла ў грамадзянскім шлюбе. Але, стаўшы прэзыдэнткаю, мусіла аформіць свой шлюб афіцыйна. Таму што сярод фінаў запанавала думка: "Прэзыдэнта і ягоную сям’ю мы абавязаны ўтрымліваць. А вось на хахаляў грошай у нас няма"».

Сядзіба парлямэнту ў Хэльсынкі
Сядзіба парлямэнту ў Хэльсынкі

Наогул, прэзыдэнты Фінляндыі — людзі сьціплыя, кажа Лапатка. Яны ня сьвецяцца на тэлебачаньні, не арганізоўваюць надзвычайных штабоў па барацьбе з чым заўгодна. Яны ціха робяць сваю справу.

«У час вялікіх народных сьвятаў кшталту Першамаю, Купальля ці Раства, прэзыдэнта можна сустрэць у натоўпе, падысьці і перакінуцца парай словаў. І калі прэзыдэнт едзе па горадзе, вуліцы не перакрываюць зусім. Толькі на некалькі хвілін участак ад скрыжаваньня да скрыжаваньня, дзе імчыць прэзыдэнцкі картэж. Няма ў Фінляндыі і вялізнага гаража асобнага прызначэньня. Службовыя машыны маюць толькі прэзыдэнт, прэм’ер і сьпікер парлямэнту. Астатнія высокія чыноўнікі, дэпутаты ды іншыя езьдзяць на сваіх машынах. Ім выплачваецца кампэнсацыя за паліва і амартызацыю тэхнікі».

Цалкам адсутнічае і саслоўная пыха, працягвае Лапатка. Дзеці нават вельмі багатых людзей вучацца ў звычайных школах, езьдзяць на грамадзкім транспарце або на роварах, а з 16 гадоў улетку працуюць на азеляненьні, ці дзе хто толькі можа, зарабляючы кішэнныя грошы. Багацеі ня сьвецяцца на экранах, паказваючы свае раскошныя апартамэнты.

«Бамжы і прафэсійныя алькаголікі — самыя шчасьлівыя фіны»

Фаервэрк на 100-годзьдзе фінскай незалежнасьці, Хэльсынкі
Фаервэрк на 100-годзьдзе фінскай незалежнасьці, Хэльсынкі

​Самыя хранічна шчасьлівыя людзі ў Фінляндыі, як лічыць Якуб Лапатка, — гэта бамжы і прафэсійныя алькаголікі. Часам пра іх замежныя газэтчыкі зларадна пішуць: «Во, глядзіце, поўна тут абяздоленых! Людзей выкінулі на вуліцу! А яшчэ краіна ўсеагульнага дабрабыту!»

«Па-першае, ня так ужо і поўна: бяздомных ва ўсёй краіне ўсяго каля трох тысяч. І ніхто іх не выкідваў на вуліцу. Яны мелі працу, розныя ўспамажэньні, жыльлё, аплачваць якое ім дапамагала дзяржава, але ўсе тыя жыцьцёвыя турботы яны зьмянілі на вечную алькагольную нірвану. Ім выдаюць падзённыя грошы, недзе па 20 эўра на дзень, іх разьмяшчаюць па начлежках».

Бяздомнікам і малазаможным людзям актыўна дапамагаюць дабрачынныя арганізацыі. У Хэльсынкі кожны дзень ідзе раздача прадуктаў, адзеньня, абутку і прадметаў асабістай гігіены. І гэта не сапсаваныя прадукты, а нармальныя рэчы. Памерці з голаду-холаду практычна немагчыма, кажа Лапатка.

«Адукацыя, законы і нацыянальны дух». Фінскі пасол пра тое, як пабудаваць дабрабыт бяз нафты і газу

​«Безумоўна, ідылія, намаляваная мной — не зусім ідылія. Бываюць і памылковыя суды, многае залежыць і ад чалавечага фактару. Напрыклад, мне давялося быць перакладчыкам у двух уцекачоў-узбэкаў. Прабраліся яны ў Фінляндыю адначасова, былі родам аднекуль з Фэрганскай даліны. Заявы падалі адначасова і адрозьніваліся тыя заявы толькі імёнамі ды назвай кішлакоў».

Але аднаму далі прытулак, а другому адмовілі. Таму што ягоныя паперы трапілі да чыноўніцы, якая на дух не пераносіла «панаехаўшых», распавядае беларус. Адмову скасавалі праз суд.

«Сустракаюцца ў Фінляндыі і прайдзісьветы, і махляры і зладзеі. Уся справа тут у працэнтных адносінах. Калі адзін-два на сотню чалавек — гэта язва, але яшчэ не сьмяротна, а калі дваццаць-трыццаць — гэта ўжо нацыянальнае бедзтва. Напэўна ў тым і крыецца розьніца паміж 5-м і 73-м месцамі», — падсумоўвае беларускі перакладчык з Хэльсынкі Якуб Лапатка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG