У прыватнасьці, яшчэ раней выйшла пастанова пра забарону выкарыстаньня бесьпілётнікаў у памежнай зоне. 94 разы памежныя органы пачыналі адміністрацыйныя справы, 81 дрон сканфіскаваны. Пра гэта расказаў намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня — начальнік упраўленьня папярэдняга расьсьледаваньня і праўнага забесьпячэньня апэратыўнай дзейнасьці Дзяржаўнага памежнага камітэту Мікалай Барэйка.
Начальнік упраўленьня выкарыстаньня паветранай прасторы Ўзброеных сілаў Расьціслаў Давідзюк паведаміў, што толькі пасьля ўвядзеньня стражэйшых правілаў палётаў бесьпілётнікаў у краіне паменела паведамленьняў аб парушэньні паветранай прасторы. Раней жа, пры ўдасканаленьні тэхналёгіяў, іх колькасьць пастаянна расла.
У 2020 годзе паведамленьняў аб парушэньні паветнанай прасторы было толькі 20, але ў 2022-м ужо 270, а ў 2024-м іх колькасьць вырасла да 598. Аднак вялікая частка паведамленьняў тычылася апаратаў з дазволам на палёты, што і высьвятляла праверка ўсьлед паведамленьню.
Адказваючы на пытаньне пра аэрастаты, якія ляцяць у бок Літвы, Барэйка абвінаваціў Літву ў «штучным нагнятаньні сытуацыі» і нагадаў, што раней літоўцы скасавалі дзеяньне шэрагу міжнародных дамоваў зь Беларусьсю. Ён сьцьвярджае, што памежнікі цалкам выконваюць свае задачы ў дапамозе Ўзброеным сілах пры ахове мяжы.
1588 прыватных бесьпілётнікаў знаходзяцца на дзяржаўнай рэгістрацыі, паведаміла начальніца ўпраўленьня праўнай, кадравай работы і дакумэнтацыйнага забесьпячэньня дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту Вольга Калошыч. Ставіць іх на дзяржаўны ўлік гэты дэпартамэнт. Увозіць бесьпілётнік у краіну можна толькі з дакумэнтамі, якія гэта дазваляюць. На ўлік бесьпілётнік трэба паставіць цягам 5 дзён.
Форум