Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вар’яцкая афэра». Лукашэнка пра закрыцьцё мяжы, вайну, крадзеж золатавалютных рэзэрваў і санкцыі

абноўлена

Алякандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Алякандар Лукашэнка. Архіўнае фота

У Менску праходзіць чарговая міжнародная канфэрэнцыя ў эўразійскай бясьпецы. Улады анансавалі ўдзел у ёй міністраў замежных справаў Расеі, Вугоршчыны, КНДР, М’янмы, спэцыяльнага прадстаўніка ўраду Кітаю, прадстаўнікоў замежнапалітычных ведамстваў Ірану, Індыі, Камбоджы, Аману, ААЭ, Таджыкістану.

Аляксандар Лукашэнка назваў рашэньне Літвы закрыць мяжу зь Беларусьсю празь вялікую колькасьць залётаў паветраных балёнаў «вар’яцкай афэрай».

«Канфэрэнцыю чакалі ня толькі мы, але і нашы апанэнты, якія пільна сёньня назіраюць за Менскам. Ня ўсе сёньня павінны былі дабрацца да Менску. Менавіта такую мэту перасьледавалі нашы суседзі, правярнуўшы гэтую вар’яцкую афэру з закрыцьцём мяжы. І нагоду прыдумалі абсурдную. Паветраныя балёны. Нават для такой дробнай краіны, як Літва, гэта дробна», — заявіў Лукашэнка на Менскай міжнароднай канфэрэнцыі ў бясьпецы.

Лукашэнка падкрэсьліў, што ніякай «надзвычайнай кантрабанды» няма.

Ён таксама адзначыў, што Беларусь «не выкарыстоўвае міграцыю» супраць краін Эўразьвязу, і раскрытыкаваў адмову эўрапейскіх краін ад дыялёгу зь Беларусьсю. Хоць раней кіраўнік КДБ ня раз заяўляў, што такія кантакты адбываюцца.

У той жа час ён адзначыў, што вырашэньне мігранцкага крызісу можа стаць часткай «глябальнай угоды».

«Падыход прэзыдэнта Трампа „усё на ўсё“ мы можам абмяркоўваць і з ЗША, і з Эўропай», — заявіў ён.

Пра вайну і крадзеж золатавалютных рэсурсаў

Аляксандар Лукашэнка перакананы, што «драматычныя падзеі ва Ўкраіне і на Блізкім Усходзе» сталі вынікам пасьлядоўнага ігнараваньня прынцыпаў бясьпекі. У той жа час ён не згадаў, што вайну ва Ўкраіне пачала Расея, а яе войскі ўварваліся на ўкраінскую тэрыторыю зь Беларусі.

Паводле яго, «глябальная большасьць» намагаецца сілай прымусіць працаваць на яе інтарэсы, а хто «не прагнецца — таго ізаляваць».

«Іхная палітыка санкцыяў — гэта просты шлях да самаізаляцыі», — заявіў ён.

«Хай, увялі санкцыі, колькі іх ужо было. [...] Вазьміце золатавалютныя рэзэрвы Расеі і Беларусі. Яны ж заўсёды хацелі, каб мы іх захоўвалі дзе? Вывезьлі і што? [...] Дайшлі да таго, што пачалі бяз сораму браць гэтыя грошы як свае, і накіроўваць туды, куды хочуць. Бандытызм і крадзяжы. На гэта трэба неяк рэагаваць, калі амэрыканцы ня хочуць, каб мы выкарыстоўвалі іхны даляр, то трэба ствараць альтэрнатыўную валюту», — сказаў Лукашэнка.

Аб тым, хто вінаваты, і пра заклік да дыялёгу

Аляксандар Лукашэнка лічыць, што ў Эўропе неабгрунтавана называюць яго і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна «агрэсарамі» і назваў выдуманымі пляны нападу на Польшчу ці Літву.

«Нам патрэбны дыялёг. Нельга глядзець адзін на аднаго праз прыцэл аўтамата. Ні ў якім разе нельга. Трэба заўжды размаўляць. Калі не размаўляюць, тады вайна бліжэй», – адзначыў ён.

Пры гэтым ён ня бачыць сваёй віны ў пагаршэньні дачыненьняў з заходнімі краінамі.

«Мы ня лічым сябе вінаватымі ў пагаршэньні дачыненьняў з Захадам і яго асобнымі краінамі. Але руку працягваем. Гэта не рука таго, хто просіць. Гэта рука партнэра, які мае ўласную годнасьць і прапануе разам і шчыра працаваць дзеля міру для нашых дзяцей і ўнукаў», – заявіў Лукашэнка.

Дзяржаўны тэлеканал «Першы інфармацыйны» вёў жывую трансьляцыю з канфэрэнцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG