Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка выкрывае заганы ў міжнародным спорце


«Навёўшы парадак» у беларускім спорце, Аляксандар Лукашэнка ўзяўся за міжнародны.

Прымаючы генэральнага сакратара Міжнароднай фэдэрацыі баскетболу (FIBA) Патрыка Баўмана, кіраўнік Беларусі выказаў свае прэтэнзіі да Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК):

«Мне здаецца, гэтая структура ня проста бюракратычная, яна часам безадказная. Там вельмі хутка „бранзавеюць“ людзі, знаходзячыся на гэтай пасадзе. І я як кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэту вымушаны на чарговым мерапрыемстве давесьці (гэта) да ведама міжнароднай спартовай грамадзкасьці».

Ня першы раз Аляксандар Лукашэнка абураецца міжнароднымі спартовымі арганізацыямі, выкрывае змовы. Яшчэ ў першыя гады прэзыдэнцтва, калі на спаборніцтве па спартыўнай хадзе за парушэньні правілаў быў зьняты з дыстанцыі беларускі спартовец, кіраўнік Беларусі заявіў:

«Мяне дагэтуль трасе... Тым больш што гэта зрабіў расейскі судзьдзя. Я скажу, што гэта прадмет адмысловай гутаркі, у тым ліку і з кіраўніцтвам Расеі».

Падчас паездкі на Алімпійскія гульні ў японскі горад Нагана ў 1998 годзе Лукашэнку да глыбіні душы абурыла, што спаборніцтвы па біятлёне былі спыненыя з прычыны дрэннага надвор’я:

«Міжнародная мафія перакрэсьліла гонку, як толькі ўбачыла, што перамагаюць беларусы. Яны нам паўтараюць аб дэмакратыі, у іх і ня пахне гэтым. Імпэрыі дзеляць мэдалі, а ў нас няма вялікай краіны за сьпінай».

Не спадабалася прэзыдэнту і судзейства ў спаборніцтвах па фрыстайле:

«Тут няма ніякай сумленнасьці і прыстойнасьці. Наш хлопец павінен быў заняць як мінімум другое месца».

Тэма судзейства ў фрыстайле прыцягнула ўвагу Лукашэнкі і падчас зімовых Алімпійскіх гульняў гэтага году. Ён палічыў, што несправядліва паставіліся да беларуса Антона Кушніра.

18 лютага, падчас сустрэчы з журналістамі на выбарчым участку, Лукашэнка заявіў:

«Яны проста, адкрыта вам скажу як чалавек, які трохі ў гэтым разьбіраецца, выкінулі галоўнага канкурэнта зь фіналу... Мне давялося ноччу падняць па трывозе МЗС, задзейнічаць пасольства ў Рэспубліцы Карэя. Накіраваць неадкладна ўрадавую тэлеграму ў адрас Баха (прэзыдэнт МАК. — Аўт.). Выказаў яму ўсё, як я думаю, у мяккай форме. Мы гэта ўсё апублікуем. Мы хаваць гэта ня будзем... Вы ж бачылі, хто менавіта судзіць: чалавек з Швайцарыі, Расеі, Кітаю... А іх прадстаўнікі якраз супернічаюць з намі. Усе яны працягнулі ў фінал сваіх спартоўцаў».

Ён дадаў, што можа зразумець судзейства швайцарцаў, ня вельмі разумее «кітайскіх сяброў» і «адмаўляецца разумець нашых старэйшых братоў — расіян».

«Трэба другога расіяніна зацягнуць. Коштам беларуса?! Навошта? Вось маральная пазыцыя судзьдзяў. Таму гэта суцэльнае бязладзьдзе, я яго інакш растлумачыць не магу», — падсумаваў Лукашэнка.

І вось зноў кіраўнік Беларусі раскрытыкаваў МАК за «ператварэньне спорту ў частку бруднай палітыкі» і за «абвінавачаньне цэлай каманды» ва ўжываньні допінгу.

Аляксандар Лукашэнка на паседжаньні Эўрапейскага алімпійскага камітэту, 2016 год
Аляксандар Лукашэнка на паседжаньні Эўрапейскага алімпійскага камітэту, 2016 год

Гэтае пэрыядычнае выкрываньне Лукашэнкам змоваў і мафіі ў міжнародным спартовым руху тлумачыцца некалькімі чыньнікамі. Найперш, варта адзначыць, што ён аддае спорту больш увагі, чым эканоміцы, гэта такая ягоная любімая цацка. «Няма ніводнай краіны ў сьвеце, дзе б пытаньні разьвіцьця спорту вырашаліся на такім высокім узроўні», — казаў кіраўнік Беларусі і ў той жа час прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Гэткі падвойны статус, як ён лічыць, надае яму права ўплываць на міжнародны спорт.

А зь іншага боку, з кожным годам посьпехі беларускіх спартоўцаў на міжнародных спаборніцтвах усё меншыя. Алімпійскіх мэдалёў з Алімпійскіх гульняў з кожным разам прывозіцца меней. Павялічваецца колькасьць допінгавых скандалаў. Паглядзіце, напрыклад, што адбываецца з футболам і хакеем Беларусі. І ў Лукашэнкі ўзьнікае адчуваньне, што ў яго адбіраюць гэтую яго любімую цацку. Адсюль і гучны пратэст.

А калі нешта не атрымліваецца, то, як ён часта лічыць, галоўная прычына — змова ворагаў.

Да таго ж тут існуе і піяраўскі складнік. Заўзятар, калі прайграе ягоная любімая каманда, часта робіць выснову: «Засудзілі», «Судзьдзю на мыла». Таму Лукашэнка ўпэўнены, што шараговы абывацель, які заўзее каля тэлевізара, яго падтрымае.

Раней Лукашэнка ня раз папракаў расейскіх судзьдзяў. Цяпер жа ён фактычна выступіў у абарону Расеі, крытыкуючы «абвінавачаньне цэлай каманды» ва ўжываньні допінгу. Нагадаю, што зборную РФ адхілілі ад удзелу ў зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 г. Таму ягоныя цяперашнія заявы спадабаюцца Маскве.

Асабліва пацешыў ягоны папрок, што ў кіраўніцтве МАК «вельмі хутка „бранзавеюць“ людзі, знаходзячыся на гэтай пасадзе». У беларуса адразу ж узьнікаюць непрыемныя для Лукашэнкі аналёгіі і паралелі. Невыпадкова, што гэтая фраза выкінутая з афіцыйнага паведамленьня БЕЛТА і прэсавай службы прэзыдэнта. Але ў інфармацыі расейскага ТАСС яна засталася.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Дзяніс Івашын: «Сьляды з рэстарацыі „Поедем поедим“ вядуць у хакейную каманду Лукашэнкі?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG