У Сынгапуры ў выніку беспрэцэдэнтнай кібэратакі выкрадзеныя асабістыя дадзеныя паўтара мільёна чалавек, у тым ліку прэм’ер-міністра. Пра гэта паведамілі ў пятніцу ўрадавыя крыніцы.
Улады назвалі інцыдэнт «найбольш сур’ёзным узломам баз пэрсанальных дадзеных». Сынгапур, з насельніцтвам каля 6 мільёнаў, вядомы высокім узроўнем разьвіцьця кампутарных тэхналёгій, і кібэрбясьпека — адзін з галоўных прыярытэтаў уладаў.
Сьледчыя нацыянальнага агенцтва па кібэрбясьпецы і ўрадавая інфармацыйная сыстэма аховы здароўя, пацьвердзілі, што напад быў наўмысным і добра сплянаваным. Каля паўтары мільёнаў пацыентаў, якія наведвалі мэдычныя клінікі з траўня 2015 году па ліпень 2018 году, пацярпелі ў выніку ўзлому іх пэрсанальных дадзеных.
У 2018 годзе Сынгапур старшынюе ў Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, у якую ўваходзяць 10 краін і ў сувязі з гэтым таксама нясе частку адказнасьці за стан кібэрбясьпекі ў арганізацыі.