Пакуль сілавікі думалі, што рабіць з канфіскаванымі крыжамі, актывісты ўжо зрабілі новыя і ўсталявалі іх у мэмарыяльным комплексе Курапаты, з боку рэстарацыі «Поедем поедим».
Актывіст Валер Мінец апублікаваў на Facebook пастанову Міністэрства ўнутраных справаў аб выніках праверкі па адміністрацыйнай справе супраць яго. Справа за «парушэньне правілаў гандлю» спыненая ў сувязі з адсутнасьцю складу правапарушэньня. Канфіскаваныя крыжы, якія Мінец вёз у Курапаты, можна забраць зь Ленінскага РАУС.
Сам Мінец усё адно абураны: пытае, «нахалеру было распачынаць дурны спэктакаль».
Яго, а таксама актывістаў Ягора Лаўрухіна і Зьмітра Дашкевіча, 29 чэрвеня затрымлівалі з удзелам ДАІ і «людзей у цывільным», ды адпусьцілі праз тры гадзіны, склаўшы пратаколы і канфіскаваўшы крыжы. Затым на вытворчасьць кампаніі Дашкевіча «Цесьляры», дзе вырабляліся крыжы, прыехаў супрацоўнік АБЭП, ды яго прагнаў уладальнік арэндаваных кампаніяй памяшканьняў, бо той ня меў законных падставаў для праверкі.
Ужо 6 ліпеня Дашкевіч і паплечнікі ўсталявалі новыя крыжы ў Курапатах, нягледзячы на пратэсты з боку чыноўнікаў: актывістам пагражалі міліцыяй, адказнасьцю і зносам крыжоў дырэктар Бараўлянскага лясгасу Аляксандар Мірановіч і намесьнік старшыні Менскага райвыканкаму Аляксандар Мякіньнік.
Што будзе з канфіскаванымі крыжамі, якія цяпер можна забраць, актывісты пакуль ня ведаюць. Як сказаў Свабодзе Дашкевіч, ён яшчэ ня змог зьвязацца зь міліцыянтамі, каб удакладніць дэталі вяртаньня крыжоў. Але калі крыжы атрымаецца вярнуць, яны будуць усталяваныя, пераконвае Дашкевіч.
Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
- Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.