Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцы Курапатаў выпрабавалі новую тактыку: «У рэстарацыю заехала 5 машын, 4 мы адгаварылі»


Пікетоўцы ля рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах
Пікетоўцы ля рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах

Каля Курапатаў працягваецца пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим», закрыцьця якой другі месяц патрабуюць актывісты розных арганізацыяў дэмакратычнага кірунку.

13 ліпеня пікетоўцам не пашкодзіла моцная залева, якая тут працягвалася амаль гадзіну.

«За час пікетаваньня ў рэстарацыю заехала толькі пяць машын з наведнікамі, зь іх адна хутка зьехала, — расказаў Свабодзе сустаршыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. — Нам яны сказалі, што там не спадабаўся нават антураж. Наведнікаў з чатырох машынаў мы адгаварылі тут есьці, у тым ліку зь іх былі дзьве з расейскімі нумарамі. Людзі сапраўды нічога ня ведалі пра Курапаты, а калі нас паслухалі, дык пагадзіліся, што тут нельга было адкрываць рэстарацыю, і зьехалі».

Актывістка Натальля Гарачка дадала, што пікетоўцы пачалі па-новаму ўзьдзейнічаць на наведнікаў рэстарацыі.

«Называем ім добрыя рэстарацыі побач, адрасы кажам, — расказала Гарачка. — Прыкладам, той жа „Ачаг“ у пачатку Лагойскай шашы, іншыя месцы. І людзі зьяжджаюць, не крыўдуючы на нас. Трэба і далей прапаноўваць альтэрнатыву, а ня проста крытыкаваць гэты рэстаран».

Рыгор Кастусёў паведаміў пра дамоўленасьці з уладальнікам «Поедем поедим». Якія, не сказаў

Паводле пікетоўцаў, ім ад уладальнікаў рэстарацыі «Поедем поедим» прапаноў наконт перамоў сёньня не было.

«Спачатку закрыцьцё рэстарану, потым перамовы», — паўтараюць свае ўмовы пікетоўцы.

Супрацоўнікі ДАІ 13 ліпеня ніводнага пратаколу на пікетоўцаў не складалі, хоць да пікету ня раз набліжаўся аўтамабіль дарожнай інспэкцыі. Актывістка Ганна Шапуцька мяркуе, што пікетоўцы «не давалі падставаў».

Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Усталяваньне крыжоў ва ўрочышчы
Усталяваньне крыжоў ва ўрочышчы

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG