Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перайшоў зь міліцыі на бок апазыцыі. Што вядома пра турэмніка, асуджанага за ўдзел у вахце ля Курапатаў


Ізалятар на завулку Акрэсьціна ў Менску
Ізалятар на завулку Акрэсьціна ў Менску

Паводле актывістаў вахты ў Курапатах супраць рэстарана «Поедем поедим», 15 ліпеня з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў, што на вуліцы Акрэсьціна ў Менску, мае вызваліцца супрацоўнік міліцыі 44-гадовы Міхаіл Грамыка.

Наглядчык адміністратыўнай турмы, у якой перабывалі тысячы апазыцыянэраў, 30 чэрвеня сам стаў у іх шэрагі ля Курапатаў. Пасьля гэтага Міхаіл Грамыка трапіў у адну з камэр, якія раней ахоўваў.

За ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, паводле непацьверджанай інфармацыі ад абаронцаў Курапатаў, Грамыку прысудзілі 15 сутак арышту.

На Акрэсьціна і ў міліцыі інфармацыі не даюць

Падчас круглага стала 12 ліпеня, прысьвечанага далейшай стратэгіі ў справе абароны Курапатаў, актывіст Леанід Кулакоў сказаў, што, хутчэй за ўсё, Міхаіл Грамыка быў асуджаны 2 ліпеня, у першы працоўны дзень пасьля ягонага ўдзелу ў курапацкай вахце, альбо адразу пасьля доўгіх выходных.

Шукаючы інфармацыю пра Грамыку, карэспандэнт Свабоды найперш зьвязаўся з ізалятарам на вуліцы Акрэсьціна ў Менску, дзе працаваў Міхал і дзе нібыта ён цяпер знаходзіцца. Раней там называлі прозьвішчы затрыманых. У гэтым выпадку дзяжурны ў турме на Акрэсьціна найперш спытаў, хто цікавіцца зьвесткамі пра Грамыку. Пасьля чаго сказаў, што ніякай інфармацыі праз тэлефон ягоная ўстанова не дае.

Прэсавая сакратарка менскай міліцыі Натальля Ганусевіч выслухала пытаньне карэспандэнта Свабоды, запісала прозьвішча Грамыкі і паабяцала праз 30 хвілін адказаць, ці працаваў у іх такі чалавек, ці быў ён звольнены і пакараны арыштам.

Пазьней яна адказала: «Калі будзе нейкая інфармацыя наконт гэтага, то яна зьявіцца на сайце ГУУС Менгарвыканкаму».

Абрыдла выконваць працу турэмніка

Тым ня меней актывістам стала вядома, што Міхаіла Грамыку павінны вызваліць 15 ліпеня.

Паводле кіраўніцы ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ганны Шапуцькі, зьявіўшыся нечакана для ўсіх 30 чэрвеня каля брамы рэстарана «Поедем поедим», Міхаіл Грамыка прызнаўся, што «абрыдла» выконваць працу наглядчыка. Таму і далучыўся да вахты ў Курапатах, дапамагаў абаронцам мэмарыялу, трапіў на агульны здымак удзельнікаў пікету.

Севярынец: Грамыка па-людзку ставіўся да зьняволеных

За шмат гадоў працы турэмным наглядчыкам Міхаіл Грамыка знаў многіх палітычных вязьняў, якія прайшлі праз турму на Акрэсьціна, у тым ліку Леаніда Кулакова, Зьмітра Дашкевіча, Паўла Севярынца. Знаёмства зь Севярынцам паўплывала на рашэньне прыйсьці ў Курапаты, лічыць Ганна Шапуцька.

«Міхася ведаю досыць даўно — прынамсі па апошніх гадах Акрэсьціна, — пацьвярджае Свабодзе Павал Севярынец. — Добры і спагадлівы чалавек, адзін зь нямногіх, хто ў той сыстэме па-людзку ставіцца да зьняволеных. Ён некалі разоў мне тэлефанаваў, хоць я яго адразу папярэдзіў: мае размовы праслухоўваюцца і можа быць небясьпечна. На што ён адказаў, што стаміўся працаваць на сыстэму. Адзінае, стрымлівае сям’я, трэба зарабляць. І ўсё ж адважыўся на такі годны ўчынак».

Паводле Паўла Севярынца, Міхаіл Грамыка родам з глухой палескай вёскі, размаўляе на добрай беларускай мове. І тое, што ён літаральна адзін год не дацягнуў, каб сысьці на немалую міліцэйскую пэнсію, сьведчыць пра канфлікт паміж сумленьнем і неабходнасьцю выконваць загады.

Актывіст абароны Курапатаў Леанід Кулакоў, які не адзін раз быў у турме на Акрэсьціна, таксама дабром згадвае Міхаіла Грамыку — падчас ягонай «адседкі» гэты наглядчык прыносіў яму цыгарэты.

Дашкевіч: Грамыка дзякаваў за абарону Курапатаў

Міхаіл Грамыка падтрымліваў актывістаў апазыцыі больш за год, кажа Свабодзе Зьміцер Дашкевіч. Ён згадаў леташнюю курапацкую варту, калі падчас ягонага знаходжаньня ў турме на Акрэсьціна Міхаіл Грамыка ўначы прыйшоў да яго і падзякаваў за годную справу, якую ён робіць у Курапатах.

«У сэнсе сумленьня ў чалавека ўсё нармальна, — кажа Зьміцер Дашкевіч. — Ведаю, што калі я гэтым беспрэцэдэнтным фактам пра Грамыку падзяліўся на сваёй старонцы ў Facebook і потым гэта падхапілі СМІ, была ведамасная праверка — шукалі, хто з супрацоўнікаў такі ляяльны да абаронцаў Курапатаў. Відаць, тады не знайшлі».

За леташні ўчынак Міхаіла Грамыку не пакаралі. Гэтым разам усё выглядае больш жорстка, хоць пакуль невядома, ці звольнены ён ужо фармальна зь міліцыі.

«Думаю, што будзе збольшага паказальнае пакараньне, — лічыць Павал Севярынец. — У гэтай сыстэмы выклікае проста лютасьць, калі чалавек становіцца на бок праўды і сумленьня. Нават адзін такі крок жахліва караецца. Згадайце: супраць людзей, якія выходзілі з сыстэмы і выступалі супраць рэжыму — тыя ж Чыгір, Марыніч, Лявонаў, Казулін — пачыналася лютая рэакцыя. Тут аналягічная сытуацыя: чалавек супрацьстаіць сыстэмным парадкам. І гэта надзвычай годны, знакавы ўчынак».

Павал Севярынец перакананы, што абавязак усіх неабыякавых грамадзянаў — сустрэць у нядзелю Міхаіла Грамыку з турмы, народная салідарнасьць будзе прыкладам у тым ліку і для супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

За кратамі застаюцца і іншыя абаронцы Курапатаў: актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі мае вызваліцца 13 ліпеня, кінарэжысэр, аўтар фільму пра Курапаты «Жоўты пясочак» Аляксей Туровіч — 14 ліпеня.

Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Дагэтуль дакладна не вядома, хто ўладальнік рэстарацыі. Яе адрас супадаез адрасам ТАА «Амізбел», яго прадстаўнікі не ідуць на кантакт. Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст».
  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG