Пратаколы ад ДАІ, ад адных наведнікаў — словы падзякі, ад іншых — пагрозы. Сёньня 27-ы дзень вахты каля рэстарацыі «Поедем поедим», закрыцьця якой патрабуюць незалежныя актывісты і прыхільнікі розных дэмакратычных арганізацый.
«Разам» падтрымалі
Аўторак паводле ўзгодненага графіка дзяжурстваў замацаваны за рухам салідарнасьці «Разам», на вахту каля рэстарацыі прыйшоў адзін зь лідэраў руху Вячаслаў Сіўчык. Але без паплечнікаў.
Сёньня неўзабаве пасьля Сіўчыка на пікет прыйшла Ніна Багінская і разгарнула бел-чырвона-белы сьцяг. Ніна Багінская — пэнсіянэрка, яна не ўваходзіць ні ў якія палітычныя арганізацыі, але падтрымлівае большасьць апазыцыйных акцый. Прыйшоў таксама ліцэіст Арсень, які пікетуе ля Курапатаў ужо амаль месяц, пазьней далучыўся менскі кіроўца Дзьмітры Казакевіч — новы твар у шэрагах актывістаў, прыхільнік БХД. За ім зьявіліся актывіст партыі БНФ Ігар Лялькоў, а таксама Мая Навумава і Максім Вінярскі з «Эўрапейскай Беларусі», рэжысэрка Вольга Нікалайчык, Ганна Шапуцька ды іншыя актывісты з камітэту «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты». На пікеце цягам дня было каля 20 чалавек — гэта значна больш, чым тры тыдні таму, калі пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» пачыналі 5-6 актывістаў.
«Штрафуюць, але папер не дасылаюць»
Ужо праз гадзіну на Вячаслава Сіўчыка ДАІ склала пратакол за стварэньне аварыйнай сытуацыі на дарозе — актывіст не прапусьціў у рэстарацыю аўтамабіль з прадуктамі. Нарад ДАІ выклікалі ахоўнікі «Поедем поедим» — ім яўна надакучыла самім разгружаць і цягаць на тачках прадукты. Потым актывісты не прапусьцілі на тэрыторыю аўтамабіль дырэктаркі рэстарацыі — яе белы «Пасат» пікетоўцы ўжо вызначаюць здаля. За гэта пратакол склалі на актывістку Маю Навумаву. Бліжэй да вечара ў пратакольны канвеер «уцягнула» таксама Максіма Вінярскага, Сержука Мацкойця, Вольгу Мікалайчык.
«Сёньня атрымаў трэці пратакол. Але сумы штрафу ня ведаю — не казалі і ніякіх папер не дасылалі. Уражаньне, што пратаколы зьбіраюць і дашлюць, калі будзе загад», — мяркуе Сяржук Мацкойць.
«І мне адразу не казалі, на колькі аштрафавалі сёньня. У мяне ад ДАІ ўжо больш за 20 пратаколаў. А якая сума штрафаў, так і ня ведаю. Трэба ісьці да іх у ДАІ на Кальварыйскую, але мне няма часу туды хадзіць», — пацьвярджае сытуацыю са штрафамі Вольга Нікалайчык.
«Вазьміце, паешце»
Пікетоўцы стаяць каля рэстарацыі з 12 дня да 10 вечара. А як харчуюцца?
Ніна Багінская дзеліцца сваім рэцэптам падтрыманьня бадзёрасьці цягам пікетаваньня:
«Добра сьнедаю раніцай і бяру з сабой паесьці. Бывае, людзі прывозяць, у асноўным папіць, бо стаіць сьпёка. А з рэстарана, зразумела, нам нічога не прыносяць», — сьмяецца актывістка.
Ніна Багінская, як і іншыя пратэстоўцы ў пачатку пікетаваньня, меркавала, што за тыдзень-два справа вырашыцца. Але мінуў ужо амаль месяц.
«Трэба дык трэба. Шкадую толькі, вось цяпер нарыхтоўкі пачаліся, а часу на іх няма. Сёньня я б пайшла ў лес па чарніцы, але замест гэтага тут. Вось зараз пайду паем ссабойку, а больш падмацуюся дома, як дабяруся», — кажа Ніна Багінская.
Ліцэіст Арсень падчас пікетаваньня харчуецца мінімальна:
«Ды тут есьці ня хочацца. У крайнім выпадку купляю каву з булачкай на аўтазапраўцы. Бацькі грошы даюць, але кава тут дарагая».
Мая Навумава кажа, што часам паесьці пікетоўцам прывозяць зусім староньнія людзі: «У нядзелю дзяўчына гадоў 25 прывезла печыва і 2 пачкі соку».
Вольга Нікалайчык прыгадала пэўнага спонсара: «Вольга Галецкая прывозіла паўвядра чарэшні. У сьпёку невядомыя хлопцы прывозілі «Баржомі».
Учора пад вечар да пікету на аўтамабілі прыехала маладая жанчына. Актывісты падумалі, што перад імі наведніца рэстарана, але жанчына, якая назвалася Тацянай, дастала торбу з вадой і печывам, сказала «Дзякуй вам» ды зьехала.
Яшчэ праз паўгадзіны гэтак жа да пікетоўцаў падышла маладая пара. Прадставіліся: «Аляксандар і Тацяна, з Салігорску».
«Мы хочам вам падзякаваць за тое, што вы робіце. І ведайце, у нас у Салігорску пра вас ведаюць і вас падтрымліваюць. Мае калегі, хто працуе на „Беларуськаліі“, і шахтары таксама. Сярод шахтароў шмат неабыякавых і незадаволеных», — сказаў Аляксандар.
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.