Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму патрэбныя мігранты


Чачэнскія уцекачы ў Берасьці, жнівень 2016
Чачэнскія уцекачы ў Берасьці, жнівень 2016

Наколькі слушная дзяржаўная міграцыйная палітыка ў Беларусі? Чаму беларусы баяцца мігрантаў? Чым падобныя і чым адрозныя праблемы міграцыі ў Беларусі і ў ЗША?

Па гэтых пытаньнях спрачаюцца сузаснавальніца праваабарончага цэнтру Human Constanta Наста Лойка і кіраўнік амэрыканскай юрыдычнай фірмы Юрась Зянковіч.

Дракахруст: Сёлета на міжнародны дзень уцекача МУС Беларусі абнародавала дадзеныя пра ўцекачоў, якія прыбываюць у Беларусь.

Паводле МУС, калі да 2013 году колькасьць замежнікаў, якія хадайнічалі аб абароне, не перавышала 200 чалавек на год, то ад 2014-га іх колькасьць павялічылася ў 4–6 разоў. Летась Беларусь прыняла хадайніцтвы аб наданьні абароны ад 748 іншаземцаў. Большасьць зь іх — грамадзяне Ўкраіны (каля 90%). Аднак статус уцекача атрымалі толькі 5 чалавек.

Як вы ацэньваеце ў цэлым міграцыйную палітыку ў краіне, ня толькі адносна ўцекачоў? Наколькі слушнай вы яе лічыце?

«Беларусі трэба вызначыць, мігрантаў зь якіх рэгіёнаў мы хочам прымаць»

Лойка: Мой погляд — гэта погляд праваабаронцы. Што да міграцыйнай палітыкі Беларусі, то ў нейкім адным дакумэнце яе на сёньня не існуе.

У 2016 годзе МУС заяўляла, што мае намер яго стварыць, але я ня чула, каб гэта было зроблена, прадстаўнікоў грамадзкасьці да абмеркаваньня не запрашалі.

Міграцыйная палітыка Беларусі — гэта набор разнастайных нормаў і дзеяньняў. Гэта набор, абумоўлены шэрагам фактараў. Адзін зь іх — гэта мяжа зь Эўразьвязам, што патрабуе ад Беларусі пэўнага ўзроўню абароны за грошы таго ж ЭЗ, патрабаваньне нікога не прапускаць. Зь іншага боку — гэта дамова АДКБ з Расеяй і іншымі краінамі СНД

У межах АДКБ ёсьць распрацаваныя праграмы па міграцыйным пытаньні — гэта абмен інфармацыяй, апэрацыі «нелегалы».

У цяперашняй міграцыйнай палітыкі Беларусі ёсьць шмат хібаў і недапрацовак.

Зянковіч: Я згодны з Настай — не выпадае казаць пра дальнабачную міграцыйную палітыку беларускіх уладаў. Але яна жыцьцёва неабходная. Бо гэта праблема ўсяго нашага рэгіёну і ўсяго сьвету.

Юрась Зянковіч
Юрась Зянковіч

Карэннае насельніцтва скарачаецца, нараджальнасьць падае. Беларусь раней ці пазьней сутыкнецца з дэфіцытам працоўнай сілы.

Іншай крыніцы, дзе мы можам яе ўзяць, акрамя імігрантаў, не існуе. Хіба што здарыцца цуд, і беларусы вернуцца да традыцыйных каштоўнасьцяў, да вялікіх семʼяў. Але давайце будзем рэалістамі — бліжэйшыя 20-30 гадоў гэта немагчыма.

Беларусі трэба вызначыць, мігрантаў зь якіх рэгіёнаў мы хочам прымаць, якіх веравызнаньняў. Гэта завязана на пытаньні нацыянальнай бясьпекі.

Мы бачым Эўропу, якая пусьціла да сябе хвалю мігрантаў з Блізкага Ўсходу, не правяраючы, хто ёсьць хто, і ў выніку сутыкнулася з праблемамі тэрарызму і злачыннасьці. Мне б не хацелася, каб у Беларусі былі падобныя праблемы.

«На жаль, у іх ня бачаць людзей»

Дракахруст: Адзін з самых вядомых сюжэтаў, зьвязаны зь міграцыяй у Беларусі і празь Беларусь — гэта лёс чачэнскіх уцекачоў, якія імкнуцца празь Беларусь патрапіць у Эўропу. Ваш, Наста, цэнтар апякуецца іх лёсам. А чаму?

Юрась сказаў, што трэба глядзець, уцекачы зь якіх рэгіёнаў нам патрэбныя. А чачэнцы нам патрэбныя?

Лойка: Я нязгодная, што тэрарызм — гэта вынік міграцыі. Трэба разумець, што міграцыя — гэта абʼектыўны працэс, які заўсёды разьвіваўся, але цяпер ён стаў больш інтэнсіўным з прычыны разьвіцьця камунікацыяў.

І пытаньне ў тым, як добра гэты працэс адміністраваць. Калі ўзяць так званую тэрарыстычную пагрозу Эўропе і так званы міграцыйны крызіс, то варта сказаць, што на Эўропу прыпадае толькі 5% сусьветнага патоку мігрантаў.

Гэта не такая катастрафічная пагроза. Што да тэрактаў, то іх учыняюць пераважна людзі, якія даўно жывуць у ЭЗ ці нават нарадзіліся ў ім. Іх бацькі, якія прыехалі ў Эўропу, яны самі сталі ахвярамі кепскай інтэграцыі. Так што паміж міграцыяй і тэрарызмам няма наўпроставай сувязі.

Наста Лойка
Наста Лойка

Што да таго, хто нам патрэбны, а хто непатрэбны. Ёсьць два віды міграцыі: добраахвотная і вымушаная. Што да добраахвотнай міграцыі, то тут мы сапраўды можам вызначаць, хто нам патрэбны. А іншая гісторыя — калі людзі ў выніку войнаў, катастрофаў вымушаныя пакінуць свае месцы жыхарства і ўратаваць сваё жыцьцё.

Адносна вымушанай міграцыі большасьць дзяржаваў сьвету падпісала дакумэнты, якія абавязваюць іх гэтых людзей прымаць. Не абавязкова даваць ім статус, але іх нельга высылаць у краіны, дзе ім пагражаюць забойствы і катаваньні.

Статус уцекача ў нас і праўда атрымліваюць нямногія. Але 80% з тых, хто просіць прытулку, атрымліваюць пэўныя формы абароны, хай сабе толькі на год. Аднак астатніх 20% часам, на жаль, высылаюць у краіны, дзе ім пагражаюць катаваньні і сьмерць.

Я гляджу на людзей з пункту гледжаньня правоў чалавека, я не магу глядзець на іх з пункту гледжаньня — патрэбны ці непатрэбны. У кожным чалавеку варта бачыць чалавека.

Для нас важны лёс і транзытных уцекачоў, гэта ў нас людзі пераважна, 93%, з Паўночнага Каўказу. Яны знаходзяцца ў Берасьці і штодзень спрабуюць трапіць у Эўразьвяз.

Для іх першай бясьпечнай краінай будзе не Беларусь, з улікам адкрытых межаў з Расеяй і прамых сувязяў міграцыйных службаў Берасьця ж чачэнскай паліцыяй.

Таму мы дапамагаем гэтым людзям. Мы лічым, што Польшча павінна хаця б выслухоўваць гэтых людзей. На жаль, у іх ня бачаць людзей, зь імі ня надта добра абыходзяцца польскія памежнікі, а беларускія ўлады іх высылаюць.

Мы займаліся справай Імрана Саламава. Ён, дарэчы, прасіў статус уцекача ў Беларусі, але яму было адмоўлена. Яго выслалі ў Грозны і ён зьнік бязь зьвестак.

Зянковіч: У нас з Настай заўсёдная спрэчка людзей зь дзяржаўным поглядам на праблему міграцыі і праваабаронцамі, якія хацелі б усіх прыняць і ніяк міграцыю не абмяжоўваць.

Эканамічную міграцыю мае права рэгуляваць любая краіна. Мы павінны вырашаць, каго мы хочам прымаць, каму даваць статус сталага жыхара краіны. Больш складаная справа з вымушанай міграцыяй: гэта пераважна ўцекачы.

Ёсьць міжнароднае вызначэньне: уцякач — гэта асоба, якая зазнала перасьлед ці мае вялікую пагрозу зазнаць перасьлед паводле прыкметаў нацыянальнасьці, расы, палітычных поглядаў, рэлігіі альбо прыналежнасьці да пэўнай сацыяльнай групы.

У гэтую дэфініцыю не ўваходзяць ні эканамічныя ўцекачы, якія ўцякаюць ад эканамічных праблемаў, ні экалягічныя.

Гэтай працэдурай атрыманьня ўцякацкага статусу вельмі часта злоўжываюць. Але давайце гаварыць шчыра — мы маем права рэгуляваць, хто будзе жыць у нашай хаце, у нашым супольным доме, які называецца Рэспубліка Беларусь. Мы маем права даваць дазвол адным і адмаўляць ва ўезьдзе іншым.

І ў гэтым сэнсе я не магу пагадзіцца з Настай.

Што тычыцца канкрэтна чачэнскіх уцекачоў, то далёка ня ўсе людзі, якія бягуць з Чачні, падпадаюць пад вызначэньне ўцекачоў. Гэта абʼектыўная рэальнасьць. Беларусь і Польшча не гумовыя, і мы ня можам прыняць усіх ахвотных.

Ёсьць судовыя працэдуры. У Польшчы суды дэмакратычныя, у Беларусі гэта праблема, беларускія суды залежныя ад улады. І безь незалежнай судовай сыстэмы цяжка казаць пра выкананьне нашых міжнародных абавязкаў па абароне ўцекачоў.

Карані беларускага страху перад мігрантамі

Дракахруст: Днямі мы правялі апытаньне ў Менску наконт стаўленьня да міграцыі. Апытаньне нерэпрэзэнтатыўнае, тым ня менш паказальнае, пераважная большасьць адказаў — ня трэба іх тут нам.

​Такія адказы — цемрашальства, спадчына СССР, няздольнасьць прасякнуцца каштоўнасьцямі сучаснасьці ці здаровая рэакцыя грамадзтва на небясьпеку?

Зянковіч: Гэта, безумоўна, цемрашальства, але яго крыніцы трэба шукаць нават не ў савецкіх часах, а ў значна больш глыбокіх пластах беларускай культуры. Навукоўцы кажуць, што беларусы сядзяць на сваёй тэрыторыі апошнія 10 тысячаў гадоў. Беларусы заўсёды ня надта віталі тут прыхадняў. Зь іншага боку, яны заўсёды імкнуліся іх асыміляваць.

Але тут павінна быць роля дзяржавы і праваабаронцаў. У Беларусі няма іншай магчымасьці папоўніць дэфіцыт працоўнай сілы, зь якім мы раней ці пазьней сутыкнемся, апроч як прымаць мігрантаў.

Тут павінны быць выхаваўчыя захады: што гэтыя людзі не нясуць пагрозы, а калі будуць ствараць пагрозы, то імі будуць займацца нашы спэцслужбы.

Лойка: Пазыцыя людзей у гэтым роліку падобная на пазыцыю ў грамадзтве ў цэлым. Хаця беларусы розныя і шмат хто станоўча ставіцца да мігрантаў. Але пераважная большасьць, на жаль, мае менавіта такія погляды.

А што да каранёў, то ёсьць факт нашай біялягічнай прыроды. Нармальна для чалавека баяцца нечага нязвыклага, непадобнага да яго.

І тут паўстае пытаньне выхаваньня і адаптацыі. Варта памятаць, што большасьць беларусаў наагул ніколі не выяжджалі за мяжу ці выяжджалі толькі ў бліжэйшыя краіны і мала бачылі людзей, зусім непадобных на іх.

Ну, і шмат стэрэатыпаў, якія зараз вельмі шырока распаўсюджваюцца праз СМІ. Таму вельмі моцныя ідэі правага папулізму, маўляў, панаедуць, усё паадбіраюць, нашую ідэнтычнасьць разбураць. Часьцей за ўсё гэтыя перасьцярогі ня маюць пад сабой ніякага фактычнага грунту.

Вельмі зручна граць на страхах людзей, многія людзі лёгка паддаюцца гэтай гульні. Многія людзі забываюць, што яны самі — мігранты, яны пераяжджаюць зь вёскі ў горад, з аднаго гораду ў іншы. І прымяраць ня сябе ніхто ня хоча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG