Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навука на фоне палітыкі. 5 польскіх прафэсараў пра пэрспэктывы беларусістыкі ў Польшчы


Эльжбэта Смулкова
Эльжбэта Смулкова

Аўтарытэтныя польскія беларусісты, філёлягі, гісторыкі, этнографы, сацыёлягі і спэцыялісты ў іншых гуманітарных навуках бяруць удзел у міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай 220-годзьдзю з дня нараджэньня Адама Міцкевіча. У праграме канфэрэнцыі, якая праходзіць 21–23 чэрвеня ў Менску, — пленарныя паседжаньні, працы ў сэкцыях, падарожжа па Міцкевічавых мясьцінах.

Карэспандэнт Свабоды распытаў польскіх навукоўцаў, якімі яны бачаць пэрспэктывы сваіх дасьледаваньняў у галіне беларусістыкі ва ўмовах, калі ў Беларусі недастаткова падтрымліваецца беларуская мова і культура і працягваецца русыфікацыя.

Смулкова: «Беларусы адрозьніваюцца ад расейцаў, хоць і карыстаюцца той жа мовай»

Эльжбэта Смулкова, філёляг, прафэсар, ганаровы сябра Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, першая амбасадарка Польшчы ў незалежнай Беларусі.

«Шмат гадоў таму, калі я яшчэ намнога меней ведала і пра саму Беларусь, і пра сацыялягічныя праблемы ідэнтыфікацыі, я для сябе сфармулявала такі погляд: нельга гаварыць, што ў беларусаў няма нацыянальнага пачуцьця. Безумоўна, яно ёсьць, толькі крыху іншае; яно падкрэсьлівае пэўную адметнасьць, якая характарызуе існасьць, так бы мовіць, самаадчуваньня. Людзі ня надта хочуць пра гэта гаварыць, але ўласную адметнасьць так ці інакш разумеюць. Думаю, што гэтую праблему можна зьвязаць з палітычнай сучаснасьцю Беларусі, гэта важней за многія іншыя працэсы.

У любым выпадку, на маё перакананьне, беларусы адрозьніваюцца ад расейцаў, хоць і карыстаюцца той жа мовай. Гэта выразна відаць у кантактах паміж палякамі і беларусамі на самых розных узроўнях. Таму так званая „няпоўная нацыянальная сьвядомасьць“ беларусаў на польскую навуку ніяк не ўплывае».

Энгелькінг: «Беларуская сытуацыя спэцыфічная ў плянэтарным маштабе»

Ганна Энгелькінг
Ганна Энгелькінг

Ганна Энгелькінг, этнограф, прафэсар Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук.

«Каб у Беларусі была іншая палітыка, дык відавочна, і ў нас беларусазнаўчая праца выглядала б крыху іначай. Зь іншага боку, у сувязі з тым, што тут сытуацыя такая, якая ёсьць, што ўвесь час палітызуецца пытаньне беларускай мовы і культуры, гэта ўзбуджае зацікаўленасьць польскіх дасьледчыкаў. Гэта вельмі спэцыфічная сытуацыя, выключная нават у плянэтарным маштабе, калі дзяржава і само грамадзтва не спрыяе, мала спрыяе або нават перашкаджае — залежна ад таго, які разглядаць момант — уласнай культуры, мове. І тое абуджае пытаньні ў навукоўцаў. Гэта што тычыцца агульнай сытуацыі.

Калі казаць пра канкрэтыку, то ёсьць пэўныя тэхнічна-арганізацыйныя моманты. Натуральна, хацелася б мець больш спэцыялізаваных беларускіх выданьняў, атрымаць доступ да шэрагу архіўных матэрыялаў. Над гэтым якраз працуем, у тым ліку зь беларускімі калегамі. Бо калі існуюць дзяржаўныя абмежаваньні, беларусістыцы нічога не застанецца, як ствараць нейкую альтэрнатыву».

Глагоўская: «Прыкра, што няма дзе прыкласьці 30-гадовы досьвед беларусістыкі»

Алена Глагоўская
Алена Глагоўская

Алена Глагоўская, гісторык, прафэсар унівэрсытэту Казімера Вялікага ў Быдгашчы, у мінулым супрацоўніца Катэдры беларускай культуры ў Беластоку.

«Я мела шчасьце 16 гадоў адпрацаваць на катэдры беларускай культуры ў Беластоку. Відаць, такі час быў добры ў 1990-х, калі падобнае стала магчыма. Але сытуацыя рэзка памянялася, са мной не працягнулі кантракт, і давялося шукаць новую працу. Самастойнаму навуковаму супрацоўніку не праблема знайсьці вакансію. Але не ў сытуацыі, калі чалавек хоча займацца беларусістыкай. У выніку прыйшлося пачаць працаваць па тэме міжнародных адносін у Быдгашчы. Часу, каб адмыслова прысьвяціць сябе беларусістыцы, няма.

Наогул захапленьне беларускай культурай у мяне пачалося яшчэ ад канца 1980-х у Гданьскім унівэрсытэце, дзе я тады працавала. Кіраўніцтву таксама было цікава, што хтосьці займаецца тым, пра што мала хто ведае. Зноў жа, быў спрыяльны час, бо карцела даведацца пра Беларусь, за савецкім часам закрытую ад вачэй нават суседзяў. Мне стварылі ўсе ўмовы, я апантана працавала. Але тое, што няма куды прыкласьці 30-гадовы досьвед працы — архіўны, бібліятэчны, асабовыя кантакты — выклікае толькі шкадаваньне».

Ціхарацкі: «Непрадказальныя палітычныя адносіны навукоўцам не замінаюць»

Пётар Ціхарацкі, гісторык, прафэсар Уроцлаўскага ўнівэрсытэту.

Пётар Ціхарацкі
Пётар Ціхарацкі

«Першы раз у Беларусь я наведаўся ў 2005 годзе. Беларуска-польскія стасункі ў той час мелі розную форму, насілі розны характар, былі лепшыя ці горшыя (часьцей горшыя), але тое не перашкаджала навукоўцам спакойна працаваць. Стасункі прэзыдэнтаў, парлямэнтаў, палітыкаў — ня думаю, што ўсё гэта нейкім чынам здольна ўплываць на дзейнасьць прафэсійных дасьледчыкаў. Магчыма, калі гаворка пра буйны супольны праект пад дзяржаўным пратэктаратам, нейкі прэсінг адчуваўся б. Але ў індывідуальным парадку падобнага няма. Штогод прыяжджаем у Беларусь і робім сваё.

Я ў асноўным займаюся гісторыяй даваеннага Палесься. А гэта абшар вельмі спэцыфічны — і ў гістарычным, і ў культурным, і ў сацыяльным аспэкце. Тут нават не абавязкова быць беларусістам, галоўнае — мець доступ да навуковых дакумэнтаў, працаваць у архівах, наведваць бібліятэкі. А ўсё гэта залежыць толькі ад жаданьня самога навукоўца».

Любась: «Шкада, што палескія хронікі Абрэмбскага невядомыя ў Беларусі»

Марцін Любась, сацыёляг, прафэсар, дырэктар Інстытуту сацыялёгіі Ягелёнскага ўнівэрсытэту ў Кракаве.

Марцін Любась
Марцін Любась

«Я шмат гадоў вывучаю спадчыну Юзафа Абрэмбскага, славутага дасьледчыка Палесься 1930-х. На жаль, гэтая творчасьць ня надта добра вядомая ў самой Беларусі, хоць гэта бясцэнныя дакумэнтальныя хронікі першай паловы ХХ стагодзьдзя. Яго не цікавіла, што палякі думаюць пра палешукоў, яго займала, што палешукі думаюць самі пра сябе. Тыя працы надзвычай актуальныя і сёньня. У Польшчы і праз 50 гадоў пасьля сьмерці аўтара студэнты штудзіруюць ягоныя кнігі.

Я ўсё жыцьцё мару наведаць мясьціны, дзе працаваў Юзаф Абрэмбскі, у прыватнасьці знакамітыя Альманскія балоты. З розных прычын рэалізаваць гэта пакуль не ўдалося. Я быў у Македоніі, дзе ён таксама праводзіў свае дасьледаваньні, але тут спэцыфіка зусім іншая. У любым разе ўнёсак, які ён зрабіў для польскай і беларускай навукі, вялізнай важнасьці. Спадзяюся, што гэтая тэма, узьнятая падчас канфэрэнцыі, надасьць увазе да Юзафа Абрэмбскага і ягонай спадчыны дадатковы імпульс і ў Беларусі».

Калета: «Палякі вывучаюць беларускую мову, а ў Беларусі ёй амаль не карыстаюцца»

Радаслаў Калета, філёляг, ад’юнкт, навуковы супрацоўнік Варшаўскага ўнівэрсытэту, прадстаўнік маладой генэрацыі беларусістаў.

Радаслаў Калета
Радаслаў Калета

«Зразумела, было б лепш, каб беларуская мова выкарыстоўвалася ў паўсядзённым жыцьці ў Беларусі — у тым ліку і для замежнікаў, якія яе вывучаюць. Разам з тым магу сказаць, што ёсьць і добрыя прыклады. Так, сёлета арганізуюцца міжнародныя летнія школы беларусістыкі — на базе Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы і Дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Вядзецца праца па сэртыфікацыі беларускай мовы як замежнай, каб іншаземцы, якія яе вывучаюць, маглі атрымаць адпаведны сэртыфікат на дзяржаўным узроўні.

Разам з тым відавочна, што моўная сытуацыя ў Беларусі даволі складаная, ва ўсіх сфэрах пераважае расейская мова. Не магу сказаць, што гэта наўпрост на ўсім адбіваецца, але, безумоўна, разьвіцьцю беларусістыкі ў Польшчы паспрыяла б падтрымка беларускай мовы з боку ўлады, грамадзтва. Яе папулярызацыя праходзіла б зь меншымі намаганьнямі. Бо калі палякі хочуць вывучаць беларускую мову і потым аказваецца, што не заўсёды могуць карыстацца ёй у Беларусі, то і цікавасьць да гэтага падае».

Як брат і сястра Абрэмбскія прышчаплялі палякам беларускасьць

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG