Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маё жыцьцё залежыць...» Што піша «чорны рыэлтар» з камэры сьмяротнікаў


Ігар Гершанкоў, галоўны фігурант справы «чорных рыэлтараў» (на дальнім пляне)
Ігар Гершанкоў, галоўны фігурант справы «чорных рыэлтараў» (на дальнім пляне)

У лістах бацькам Гершанкоў клянецца, што не забіваў уласьнікаў кватэр.

«Чорны рыэлтар» Ігар Гершанкоў, асуджаны на расстрэл, амаль год утрымліваецца ў камэры сьмяротнікаў сьледчага ізалятара № 1. Увесь гэты час ён піша скаргі на несправядлівы вырак. Клянецца бацькам, што ня мае дачыненьня да забойстваў. Днямі стала вядома, што выкананьне сьмяротнага прысуду прыпыненае.

Пра прыпыненьне сьмяротнага пакараньня 14 чэрвеня паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна». Праваабаронцы спаслаліся на рашэньне намесьніка старшыні Вярхоўнага суду.

«Наглядная скарга для любога асуджанага, — гэта заўжды шанец для таго, каб прысуд быў зьменены. Але калі гэта сьмяротны вырак, то, безумоўна, кожны такі шанец можа быць апошнім», — пракамэнтаваў прыпыненьне сьмяротнага пакараньня юрыст праваабарончай арганізацыі Павал Сапелка.

«Праверка будзе неаб’ектыўнай і негрунтоўнай», — так адрэагаваў Гершанкоў на вестку з Генэральнай пракуратуры пра праверку ягонай скаргі аб зьбіцьці і псыхалягічным ціску ў ходзе сьледзтва. Рэакцыя нагляднага ведамства і стала падставай, каб часова прыпыніць выкананьне прысуду ня толькі самаму скаржніку, але і ягонаму падзельніку Сямёну Беражному.

Сьледчы камітэт раней абвяргаў заявы Гершанкова пра парушэньні ягоных правоў. У інтэрвію інфармацыйнай кампаніі БелаПАН начальнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч адзначыў: праведзеная праверка не знайшла пацьверджаньня зьвестак асуджанага.

За што асудзілі Гершанкова

Магілёўскі абласны суд 21 ліпеня 2017 году прызнаў Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога вінаватымі

  • у забойстве шасьці чалавек;
  • у падрыхтоўцы да забойства яшчэ траіх;
  • у шэрагу іншых злачынстваў (махлярства, вымагальніцтва, разбой, захоўваньне наркатычных рэчываў).

Фігурантамі гэтак званай справы «чорных рыэлтараў» былі таксама

  • жонка Гершанкова Тацяна — яе асудзілі на 24 гады калёніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці;
  • жыхар Магілёва Барыс Калесьнікаў — атрымаў 22 гады.

Паводле сьледзтва, зламысьнікі цягам шасьці гадоў пераконвалі ўласьнікаў кватэр прадаваць сваё жытло, а пасьля забівалі іх. На вясковых могілках было адшукана шэсьць пахаваньняў і тры падрыхтаваныя яміны для будучых ахвяраў. Імі станавіліся людзі, якія злоўжывалі алькаголем і знаходзіліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы.

Усе чацьвёра абскарджвалі вырак у Вярхоўным судзе, але той пакінуў яго ў сіле.

Чаму асуджаны ня верыць у справядлівасьць праверкі

У лісьце родным асуджаны аргумэнтаваў недавер тым, што Генэральная пракуратура пакінула без увагі ягонае патрабаваньне правесьці почырказнаўчую экспэртызу і агляд матэрыялаў, прадстаўленых экспэрту, каб выявіць утойваньне ўзору ягонага почырку і тым самым ілжывасьць экспэртызы.

Ён настойвае: напісаная ягонай рукой заява аб яўцы з павіннай была атрымана пад узьдзеяньнем фізычнай сілы і псыхалягічнага ціску. Гэта, на думку асуджанага, нескладана выявіць, параўнаўшы той почырк зь ягоным звычайным, які сьледчы «не перадаў на почырказнаўчую экспэртызу, тым самым зьдзейсьніўшы злачынства».

«Гэта значыць, што праверка ня будзе аб’ектыўнай і грунтоўнай. Належным чынам яе праводзіць не жадаюць, бо выявіцца ўся праўда пра тое, што я выкладаю ў кожнай сваёй скарзе», — рэзюмуе ў лісьце ад 24 траўня Гершанкоў.

На што спадзяецца

У лісьце ад 24 траўня ён зьвяртаецца да маці: «Спадзявацца ня трэба ні на кога, і нават на праваабарончыя арганізацыі (беларускія. — РС). Магчыма, яны і маюць пэўны ўплыў, але дапамагчы ў адзіночку ім цяжка».

«Маё жыцьцё залежыць ад камітэту ААН, АБСЭ ды Страсбурскага суду», — піша ён.

З васьмі старонак ліста сьмяротніка турэмная цэнзура на волю прапусьціла чатыры.

На што наракае ў няволі

Гершанкоў у сваіх лістах выказвае занепакоенасьць, што ня ўсе ягоныя лісты даходзяць на волю. Аддзел цэнзуры сьледчага ізалятара № 1 «не сьпяшаецца аддаваць» і тыя, што прыходзяць яму.

«Я іх ужо прасіў, каб не затрымлівалі, але бясплённа. Відаць, жадаюць дамагчыся ад мяне канчатковай „сухой галадоўкі“», — страшыць Гершанкоў турэмшчыкаў у лісьце родным ад 4 чэрвеня.

Маці зьняволенага Людміла кажа: сынавы скаргі, якія ён дасылаў у менскі офіс Дэпартамэнту грамадзкай інфармацыі ААН, да адрасата не дайшлі. Не атрымалі іх і ў праваабарончым цэнтры «Вясна». Жанчына сьцьвярджае, што сама спраўджвала ў гэтых арганізацыях, ці атрымалі яны лісты ад сына.

Ці лічыць сябе вінаватым

У лістах бацькам Гершанкоў клянецца, што не забіваў уласьнікаў кватэр, а толькі дамаўляўся зь імі, каб яны сваё жытло прадалі. Настойвае, што вымушаны быў у «гэтым удзельнічаць», бо быў вінен Сямёну Беражному вялікую суму грошай, якую той патрабаваў як найхутчэй сплаціць. Пра забойствы даведаўся, толькі калі яго затрымалі.

Гершанкоў пераконвае, што ў многім агаварыў сябе падчас папярэдняга сьледзтва, бо ўмовы ўтрыманьня ў сьледчым ізалятары «дужа абмяжоўвалі высьвятленьне сапраўдных акалічнасьцяў» справы. У Магілёўскай турме № 4 пагражалі стварыць праблемы ягонай сям’і і жонцы, а таксама зьбівалі яго.

«Мама, родная, ты ведай, я, сын твой, не забойца і забойцам ня быў ніколі! Памятайце гэта заўжды з татам», — піша ён.

За што і каму дзякуе

У лістах дзякуе бацькам за дапамогу. «Мама, тата, — піша ён, — дай Бог нам усім сілы. За ўсё вам удзячны. Няма слоў...»

Лісты асуджанага да родных поўняцца просьбамі да іх пра дапамогу ў перасылцы скаргаў у розныя інстанцыі і ў мэдыі.

Што кажуць бацькі

Апошні раз Людміла Гершанкова бачыла сына на спатканьні 23 траўня.

У часовым прыпыненьні сьмяротнага прысуду бачыць добры знак і спадзяецца, што расстрэл заменяць на іншае пакараньне.

Кажа, што сын знэрваваны, схуднеў і пасівеў. Амаль увесь час аддае пісаньню скаргаў. У перапынках адпісвае родным. Не забывае пра сына. У камэры стаіць фатаздымак ягоных дзяцей.

У трохмесцавай камэры цяпер ён сядзіць адзін. На прагулкі яго не выводзяць, кажа жанчына. Сонца бачыць толькі ў маленькае вакенца. На вуліцу трапляе, калі вядуць згорбленага на спатканьне.

Amnesty International​ вітае прыпыненьне сьмяротнага пакараньня Гершанкову і Беражнову

Прыпыненьне сьмяротнага прысуду вітала дырэктар рэгіянальнага офісу Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі Мэры Струзэрс.

«Гэта вельмі значнае і беспрэцэдэнтнае рашэньне для адзінай краіны ў рэгіёне, якая працягвае караць сьмерцю людзей усе гэтыя гады», — адзначыла яна і выказала спадзеў, што пасьля некалькіх гадоў абмеркаваньня тэмы сьмяротнага пакараньня Беларусь гатовая прасунуцца наперад.

«Сьледчыя білі сына ў прысутнасьці адваката», — маці асуджанага на сьмерць «чорнага рыэлтара» атрымала зь ім спатканьне

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG