Беларускі пісьменьнік і філёзаф Валянцін Акудовіч на просьбу Радыё Свабода камэнтуе сытуацыю, якая ўзьнікла пасьля адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим» ў непасрэднай блізкасьці ад урочышча Курапаты.
— Наколькі, на вашу думку, Курапаты значныя для Беларусі?
— Артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці» ў 1988 годзе зрабіў землятрус у мацерыку, які называецца Валянцін Акудовіч. І так скаланула і страсянула не аднаго мяне. Я тады ўпершыню бачыў, як «ЛіМ» ксэракапіявалі.
У сёньняшніх спрэчках пра рэстаран ня ўлічваюць таго факту, што зь першага паходу ў Курапаты 19 чэрвеня 1988 году пачалася рэвалюцыя ў Беларусі. Для найноўшай гісторыі Беларусі роля Курапатаў сакральная.
— Гэтай сакральнасьцю, відаць, і тлумачыцца тая зацятасьць, зь якой апошнія 15-20 гадоў грамадзкія актывісты бароняць урочышча і народны мэмарыял. Але, як выглядае, ня ўсе сакральную ролю Курапатаў разумеюць і прызнаюць.
— Так. А беларуская незалежнасьць пачыналася з Курапатаў. Вядома, разваліўся СССР і іншыя працэсы адбыліся, але беларуская незалежнасьць са сваёй праўдай і няпраўдай пачыналася з таго артыкулу і першага шэсьця ў Курапаты.
Сам я браў удзел у іншым шэсьці, увосень 1988 году, калі быў разгон, і калі Пазьняк падмануў міліцыю, павёў людзей ва ўрочышча, а пасьля нечакана спыніў за кальцавой і правёў мітынг у полі, а спэцназ паехаў у Курапаты.
— А што б вы сказалі ўладальнікам рэстарану «Поедем поедим» ў сувязі з тымі падзеямі, якія цяпер адбываюцца?
— Апрача таго, што Курапаты зьяўляюцца сакральным месцам для Беларусі, і іх спакой не павінен быць ніякім чынам парушаны, яны маюць яшчэ і свой асобны сацыяльна-палітычны лёс. Там пачалася наша незалежнасьць і ўсе гады гэтай незалежнасьці Курапаты застаюцца яе канстантай.
Курапаты, такім чынам, маюць сацыяльна-палітычнае і культурнае значэньне ня толькі як месца масавага пахаваньня ахвяр сталінскіх рэпрэсій, але і як месца, дзе пачалася беларуская незалежнасьць, дзе пачала фармавацца ідэя нашай незалежнасьці.
Таму Курапаты ў розных сэнсах і розных праекцыях ня проста вартыя абароны. Згубіць ў рамках гэтых забаваў і забаўляльных комплексаў сакральнасьць Курапатаў — гэта згубіць нашу незалежнасьць ці, прынамсі, чысьціню гэтай незалежнасьці. Можа гэта і гучыць патасна, але для мяне гэта ня патасна.
Таму ў мяне толькі адно слова для тых, хто там зьбіраецца арганізоўваць забавы і забаўляцца — прэч! Прэч адтуль усе, хто са сваімі бруднымі бізнэсовымі праектамі лезе да Курапатаў, хай сабе і трошку побач, а не ў самім лесе. Усё роўна, прэч, прэч і прэч!
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.