Князь Карэл Шварцэнбэрг, дэпутат чэскага парлямэнту, былы міністар замежных справаў Чэхіі (2007—2009, 2010—2013) пракамэнтаваў канфлікт у Беларусі вакол Курапатаў і прыгадаў падобную сытуацыю ў Чэхіі.
— На месцы, дзе загінула столькі людзей, мусіць быць памятная зона, дзе людзі могуць успомніць расстраляных, задумацца, што прывяло да тых расстрэлаў. І павінен стаяць помнік загінулым.
Супраць рэстарацыяў у прынцыпе я нічога ня маю, але не ў такім месцы. Рэстарацыя ня можа быць ля магілаў расстраляных. Гэта папросту непавага да загінулых.
У нас у Летах, на поўдні Чэхіі, была падобная праблема: ля канцэнтрацыйнага цыганскага лягеру часоў Другой сусьветнай вайны пабудавалі у свой час сьвінарнік, але дзякаваць богу, ён быў зьнесены.
Спадзяюся, у Беларусі настолькі далёка рэчы ня зойдуць, але найразумнейшым рашэньнем, на мой погляд, было б зачыніць гэтую рэстарацыю, а тое і ўвогуле прыбраць.
Блізу былога канцэнтрацыйнага лягеру для цыганоў у Летах, што ў Паўднёвай Чэхіі, была у 70-я гады 20-га стагодзьдзя пабудаваны сьвінакомплекс. Спробы прыбраць яго і паставіць там помнік ахвярам канцлягеру, рабіліся шмат гадоў. Нарэшце ўрад выкупіў сьвінарнік ва ўладальніка, вырашыў зьнесьці комплекс ды паставіць помнік.
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.