Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кшыштаф Занусі пра Курапаты: Беларусь пагадзілася на барбарства


Польскі рэжысэр, сцэнарыст, філёзаф і пісьменьнік Кшыштаф Занусі выказаўся наконт рэстарану каля месца масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах.

— Спадар Занусі, як вы ацэньваеце існаваньне такога рэстарану побач зь месцам расстрэлаў дзясяткаў тысяч людзей? Ці варта супраць такога пратэставаць?

— Гэта вельмі прынцыповая справа. Разьвіцьцё чалавецтва пачалося ад таго моманту, калі людзі пачалі хаваць памерлых. Жывёлы мёртвых не хаваюць. Прымітыўны чалавек пачаў быць чалавекам пасьля таго, як пачаў адчуваць сувязь з тым, што мінула. Адносіны да гэтага месца — гэта паказьнік культуры краіны і народу. Мне вельмі сумна, што ў цэнтры Эўропы разуменьне гэтага важнага пытаньня такое слабое. Я веру, што просты чалавек у Беларусі разумее, што нельга таптацца па могілках і будаваць там рэстаран. Гэта нягодны ўчынак. Мне вельмі прыкра, што знайшліся людзі, якія ў такім месцы хочуць зарабляць грошы. Гэта доказ нізкага ўзроўню культуры і вельмі кепска паказвае Беларусь у сьвеце. Думаю, што ўлады Беларусі задумаюцца, ці добрай ідэяй было даць згоду на такую ўстанову.

— Ці ўяўляеце вы, каб нешта такое адбылося ў Польшчы? І якая была б рэакцыя польскага грамадзтва?

— У Польшчы такое ўявіць немагчыма. Палякі вельмі прывязаныя да месцаў памяці. Барбарства здараецца паўсюль, але важная рэакцыя на яго. Я веру, што годная рэакцыя будзе і ў Беларусі.

— Чыноўнікі, супрацоўнікі і прыхільнікі рэстарану кажуць: так, тут побач Курапаты, але шмат дзе ў краіне пахаваныя людзі, а жыцьцё ўсё ж працягваецца і, маўляў, давайце думаць пра жывых.

— Жывыя людзі, якія вяртаюцца ў часы барбарства, — гэта кепская ідэя. Думаючы пра жывых, яны дэградуюць і цягнуць за сабою беларускае грамадзтва. Гэта вельмі прыкра, бо і для жывых людзей у Беларусі дастаткова месца для рэстарану. Я быў ня раз у Курапатах. Да іх і так ужо прыклееная аўтастрада. Гэта проста адсутнасьць далікатнасьці ў важных пытаньнях.

— Вы кажаце, што былі ў Курапатах. Што вы адчувалі ў гэтым месцы? З аднаго боку — гэта месца вялізарнай трагедыі, а зь іншага — проста непатрэбны дзяржаве галаўны боль, ад якога яна ня можа пазбавіцца гадамі.

​— Я адчуваў там вялікі сум, як і ў многіх іншых забытых месцах чалавечых пакут. Усё гэта адбылося так нядаўна. І гэтая кароткая памяць — гэта кепскі знак пра жыхароў Менску. Хачу верыць, што шмат хто мае ўсё ж пачуцьцё, што спакой гэтага месца парушаны. Гэтае барбарства — кепскі знак на будучыню. Шкада, што многія гэтага не разумеюць. Непавага да памерлых адгукнецца ў будучыні. Дзеці і ўнукі потым будуць гэтага саромецца.

— У Беларусі кажуць, што мёртвым не баліць. Але і жывым ня вельмі баліць, бо бараніць Курапаты прыходзіць жменька людзей.

— Мёртвым можа не балець. Але чалавецтва пачалося ад культуры. А мы назіраем у Курапатах адварот ад культуры. І на гэта балюча глядзець. Беларусь пагадзілася на барбарства. Пра такое нават дыскусіі быць не павінна, бо гэта відавочныя рэчы.

— Вы ў адным інтэрвію сказалі, што «на хлусьні можна пабудаваць толькі прапаганду, якая хутка міне, бо сапраўдныя толькі праўда, прыгажосьць і дабро». Чаму з Курапатамі тады ваююць 80 гадоў і гэта ніяк ня скончыцца?

— Праўда адна: сыстэма, пабудаваная на хлусьні, можа жыць, але яе лёс відавочны. Адна такая сыстэма ўжо рассыпалася 30 гадоў таму. І гэта якраз пацьвярджае, што на хлусьні доўга нічога не існуе. І гэта паўторыцца таксама ў выпадку з Курапатамі.

* * *
Кшыштаф Занусі (нар. 17 чэрвеня 1939 году ў Варшаве) — польскі кінарэжысэр, сцэнарыст, пісьменьнік. Ляўрэат нацыянальных прэміяў Польшчы, Італіі, Францыі і Ўкраіны. Ганаровы прафэсар Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы.

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Чытайце таксама:

«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць: дэпутат, рокер, лекар-дыетоляг

«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў

«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць Ганна Бонд, Уладзімір Войнавіч і Юлія Чарняўская

«Пытаньне ня ў тым, што побач, а ў тым, як гэта спалучаецца», — рабін Абрамовіч пра рэстарацыю ля Курапатаў

Касманаўт Кавалёнак пра Курапаты: Нельга, каб побач са сьвятым месцам былі гулянкі з голымі азадкамі

Дэпутат Марзалюк: «Рэстаран не на касьцях. Але есьці там ніколі ня буду»

Лявон Вольскі: «Установа грамадзкага харчаваньня ля Курапатаў — гэта зусім цынічна»

Мікалай Чаргінец пра рэстаран каля Курапатаў: «Праяжджаючы міма, адварочваў бы галаву»

Лія Ахеджакава пра Курапаты: Там, дзе расстрэльвалі, ставіць рэстаран — ганебна!

Алексіевіч пра Курапаты: «Гэтыя „шуневічы“ пачуваюцца абсалютна беспакарана»

ІТ-прадпрымальнік Юры Гурскі: «Я ў сумнеўных месцах ня ем»

Дэпутатка Анісім: «Нават калі б падала з голаду, туды не пайшла б»

Лыжнік Далідовіч пра рэстаран каля Курапатаў: «Я туды дакладна не паеду бавіць час»

Ярмошына пра Курапаты: «Тэма палітычна разьдзьмутая, але свой юбілей тут не адзначала б»

Музыка Андрэй Макарэвіч пра Курапаты: Ставіць у такім месцы рэстаран — непрыстойна

Генадзь Хазанаў пра Курапаты: Я б у такі рэстаран не пайшоў ні пры якіх абставінах!

Другі сакратар БРСМ: «Рэстарацыя каля Курапатаў — гэта непрымальна»

«Вам пад ногі коцяць бомбу». Украінская пісьменьніца пра рэстаран у Курапатах

Віктар Пракапеня пракамэнтаваў сытуацыю ў Курапатах адным сказам

Князь, былы міністар замежных справаў Чэхіі пра Курапаты: «У нас была падобная сытуацыя»​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG