Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік БАЖ: «Справа супраць Ліпая нагадвае справу Бяляцкага»


Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец пракамэнтаваў інфармацыю Камітэту дзяржаўнага кантролю адносна пачатку крымінальнай справы супраць дырэктара БелаПАН Алеся Ліпая, якога вінавацяць у нясплаце падаткаў на 173 тысячы рублёў.

Дырэктара БелаПАН Ліпая абвінавацілі ў нясплаце падаткаў на 173 тысячы рублёў

Андрэй Бастунец зьвяртае ўвагу на два моманты, якія тычацца справы супраць Алеся Ліпая.

«Па-першае, тое, што сама справа і яе фармулёўка вельмі нагадвае справу Алеся Бяляцкага. Бо там тое самае было ў абвінавачаньні. Па-другое, што тычыцца дзеяньняў, якія зрабіў Алесь, — я думаю, гэта пэўным чынам супярэчыць дзеяньням, якія праводзілі сьледчыя. Але мне цяжка тут нешта камэнтаваць, будзем чакаць далейшага разьвіцьця падзеяў», — сказаў Андрэй Бастунец.

Якім можа быць гэтае далейшае разьвіцьцё падзеяў? Бастунец лічыць, што «самым розным».

«Пачынаючы ад таго, што будзе спыненая крымінальная справа, калі сьледзтва сьцьвярджае, што былі выплачаныя падаткі. І заканчваючы тым, што будзе ісьці разьвіцьцё падзеяў у непажаданым кірунку», — сказаў старшыня БАЖ.

БАЖ і праваабарончыя арганізацыі чакаюць «больш поўнай інфармацыі, каб рэагаваць адэкватна».

Ліпая адпусьцілі, БелаПАН працягвае працаваць

У 17.30 БелаПАН паведаміў, што Алеся Ліпая выпусьцілі пасьля допыту.
У агенцтве Свабодзе паведамілі, што кампанія працягвае працу, але камэнтаваць выстаўленыя дырэктару абвінавачаньні адмовіліся.

Ператрус цягнуўся больш за 6 гадзін

Паводле БелаПАН, прадстаўнікі ДФР прыйшлі ў кватэру Ліпая 14 чэрвеня каля 7.00. Ліпай адразу ж зьвязаўся з праваабаронцам Алесем Бяляцкім і да яго прыходу не адчыняў дзьверы. Вобшук пачаўся прыкладна ў 8.00.

У 14:35 заснавальніка і кіраўніка агенцтва БелаПАН праваахоўнікі вывелі зь ягонай кватэры.

​З кватэры Ліпая праваахоўнікі выносілі аргтэхніку.

Падабенства са справай лідэраў прафсаюзу РЭП і Бяляцкім

10 траўня старшыні незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзю Фядынічу і кіраўніку менскай арганізацыі Ігару Комліку выставілі абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), за што пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

Паводле такога самага артыкула ў 2011 годзе пасадзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага — асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыю маёмасьці, але вызвалілі праз тры гады. Беларускія, эўрапейскія і амэрыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязьнем, прысуд быў названы палітычна матываваным.

* * *

Алесь Ліпай — заснавальнік і кіраўнік БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе ад 1991 году. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Першую кнігу паэзіі «Пад сьнегам» выдаў у 2000 годзе. У 2007 годзе выйшаў зборнік паэзіі «Рэшта».

Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёну. У 1988 годзе, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, перасьледаваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насьценгазэты «Лірнік». Напрыканцы 1980-х гадоў — удзельнік Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя».

У 1988 годзе стаў першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі.

Алесь Ліпай, заснавальнік і кіраўнік БелаПАН на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску, 25 сакавіка 2018 году
Алесь Ліпай, заснавальнік і кіраўнік БелаПАН на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску, 25 сакавіка 2018 году

У 1991 годзе, цягам працы ў газэце «Знамя юности», вёў беларускамоўную старонку «Родны склон». Аўтар перакладу на беларускую мову Дамовы аб вывадзе ядзернай зброі зь Беларусі. На пачатку 1990-х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш як тысячы кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Нямеччыне, і распаўсюдзіў іх па школах ды бібліятэках.

У чэрвені 1996 году, падчас апэрацыі па вызваленьні дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у дзіцячым садку ў Менску, браў інтэрвію ў тэрарыста, адцягваючы тым самым ягоную ўвагу.

У 2004 годзе БелаПАН быў уганараваны прэміяй імя Дзьмітрыя Завадзкага — «За мужнасьць і прафэсіяналізм», як «пацьвярджэньне бездакорнай рэпутацыі БелаПАН і прызнаньне высокага прафэсіяналізму журналістаў». У 2005 годзе інфармацыйная кампанія БелаПАН была названая ляўрэатам прэміі імя Герда Буцэрыюса «Маладая прэса Ўсходняй Эўропы». У 2006 годзе БелаПАН і ягоная інтэрнет-газэта Naviny.by атрымалі «Прэмію Рунэта» — у намінацыі «Рунэт за межамі Ru».

На мяжы 2014 і 2015 гадоў невядомыя блякавалі сайты БелаПАН і Naviny.by, а таксама шэрагу іншых недзяржаўных рэсурсаў. За атакі ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьці і не назваў прычынаў, але БелаПАН мяркуе, што прычынай атакі стаў артыкул пра «Малітву за Беларусь».

БелаПАН быў генэральным партнэрам менскага мітынгу-канцэрту «Сьвята Незалежнасьці», прысьвечанага 100-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Ліпай выступаў на сьвяце, сярод іншага заклікаў да салідарнасьці з затрыманымі з палітычных прычын, зачытаў верш Уладзімера Някляева, які той напісаў за кратамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG