Міжнародная арганізацыя працы (МАП) на сэсіі, якая праходзіць у Жэнэве, уключыла Беларусь у так званы «кароткі сьпіс» — гэта пералік краін, дзе груба парушаюць правы наёмных працоўных і прафсаюзаў.
Пра гэта рашэньне Свабодзе паведаміў старшыня незалежнага прафсаюза рабочых радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзь Фядыніч.
«Са мной зьвязаўся Вальтэр Санчэс — генэральны сакратар Глябальнага саюзу IndustriALL, які аб’ядноўвае больш за 50 мільёнаў прамысловых работнікаў у 140 краінах сьвету. Ён удзельнічаў у абмеркаваньні беларускага пытаньня. Паседжаньне праходзіла надзвычай актыўна, выступілі прадстаўнікі 22 краінаў. 18 рэзка крытыкавалі беларускі ўрад і афіцыйныя прафсаюзы. А падтрымалі толькі чатыры краіны: Расея, Туркмэністан, Куба і Турэччына», — сказаў Фядыніч.
Афіцыйнай падставай для ўключэньня Беларусі ў «кароткі сьпіс» сталі тры дэкрэты: №№ 1 («Аб зьмене Дэкрэта Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь»), 3 («Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства»), 29 («Аб дадатковых мерах па ўдасканаленьні працоўных адносінаў, умацаваньні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны»). Згодна са статутам МОТ, калі нейкая краіна трапляе ў «кароткі сьпіс», то Міжнародная арганізацыя працы абавязкова выносіць па ёй сваё рашэньне. У дадзеным выпадку яго аб’явяць не пазьней за 8 чэрвеня.
Летась Беларусь таксама спрабавалі ўключыць у «кароткі сьпіс». Але тады ўладам пашанцавала: у Жэнэве палічылі, што сярод парушальнікаў заканадаўства і без таго зашмат эўрапейскіх краін.
Фядыніч: з 11 тамоў «справы прафсаюзаў» вывучыў ужо 9
4 чэрвеня Генадзь Фядыніч зноў наведаў Сьледчы камітэт. Яму і бухгальтару РЭП Ігару Комліку выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), за што пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасьці. Крымінальная справа складаецца з 11 тамоў. Па ёй апыталі ўжо 814 актывістаў РЭП.
«Знаёмства са справай у мяне мусіць скончыцца да 8 чэрвеня. Ня ўпэўнены, што я пасьпею ўсё прагледзіць. Мабыць, давядзецца прасіць аб падаўжэньні тэрміну знаёмства з дакумэнтамі. Мы з Ігарам тройчы прасілі дазволіць нам скапіяваць дакумэнты, каб іх можна было пагартаць і дома. Аднак усе тры разы нам адмаўлялі», — сказаў Свабодзе Генадзь Фядыніч.
Суд можа адбыцца ўжо ў чэрвені. Да таго Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч ад пачатку сьледчых дзеяньняў у жніўні 2017 году застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Што важна ведаць
- Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах РЭП.
- Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».
- Паводле гэткага ж артыкула (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 годзе праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму. Беларускія, эўрапейскія і амэрыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязьнем, прысуд быў названы палітычна матываваным.
- Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
- Сьледчыя апыталі ўжо больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
- Фядыніча і Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году.
Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць