Новая рэдакцыя Кодэксу аб адукацыі паступіць у Палату прадстаўнікоў на дзьвюх мовах. Пра гэта Свабодзе сказала 7 траўня дэпутатка Алена Анісім пасьля сёньняшняй сустрэчы зь міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам.
«Ён мне пацьвердзіў: як толькі законапраект будзе канчаткова падрыхтаваны і ўзгоднены, дакумэнт паступіць у Палату прадстаўнікоў на дзьвюх дзяржаўных мовах. Раней такога не было. Законапраект мусяць перадаць у парлямэнт да 1 ліпеня», — сказала Алена Анісім.
Якія спэцыялісты найперш патрэбныя Беларусі?
Другое пытаньне, якое абмеркавалі сёньня міністар Карпенка і дэпутатка, старшыня Таварыства беларускай мовы Анісім, было адкрыцьцё беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча. У новай навучальнай установе пакуль хочуць рыхтаваць толькі спэцыялістаў-гуманітарыяў.
«І тут міністар гаворыць, што ў нас ужо і так зашмат філёлягаў, гісторыкаў, юрыстаў, эканамістаў, а не хапае тэхнічных спэцыялістаў: айцішнікаў, інжынэраў... Падчас дыскусіі высьветлілася, што патрэбныя спэцыялісты ў пэдагагічнай сфэры зь беларускай мовай навучаньня. Вось тут нашы погляды супалі», — кажа дэпутатка.
Яна кажа, што па-ранейшаму будзе змагацца за тое, каб нацыянальны ўнівэрсытэт пачынаў працаваць і даваць адукацыю. Паводле Алены Анісім, арганізатары новай навучальнай установы ня сьпяць у шапку, а і цяпер займаюцца «вельмі вялікай арганізацыйнай і папяровай працай»:
«Тое ж ліцэнзаваньне запатрабавала шмат удакладненьняў. На словах нібыта ня вельмі складана, а як пачынаеш паглыбляцца, то ўзьнікае мноства пытаньняў».
За беларускамоўнымі садкамі будзе патройны кантроль: бацькоў, дэпутаткі, міністэрства
А пачалася гутарка Карпенкі і Анісім з праблемы беларускамоўных дзіцячых садкоў, найперш у Менску. Бацькі дамагаюцца, каб іх дзеткам было забясьпечана канстытуцыйнае права адукацыі ў дашкольных установах на адпаведным узроўні.
У Менску адмовіліся стварыць рознаўзроставую групу ў дзіцячым садку для беларускамоўных
На мінулым тыдні гэтыя бацькі былі на прыёме ў міністра. А ўжо пасьля гэтага да яго зьвярнулася і дэпутатка.
«Што датычыць беларускамоўных садкоў, то міністар цьвёрда паабяцаў: гэтае пытаньне абавязкова будзе на кантролі. І я буду таксама трымаць гэта на кантролі. Каб быў плённы вынік. Літаральна праз тыдзень-два я зноў вярнуся да гэтага», — запэўніла Алена Анісім.