Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт: салдата Коржыча давялі да самагубства


Магіла Аляксандра Коржыча
Магіла Аляксандра Коржыча

Аляксандар Коржыч, які праходзіў службу ў Печах пад Барысавам, быў даведзены да самагубства. Пра такія высновы сьледзтва паведаміў 19 красавіка журналістам начальнік галоўнага сьледчага ўпраўленьня Сьледчага камітэту Алег Шандаровіч.

Як паведамляе БЕЛТА, паводле Шандаровіча, дзеяньні трох сяржантаў у Печах прывялі да самагубства Аляксандра Коржыча.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча

Ім прад’яўлена абвінавачваньне ў шматлікіх фактах перавышэньня ўлады ў дачыненьні падначаленых і ў атрыманьні хабараў. Паводле сьледзтва, сяржанты «неаднаразова ўжывалі гвалт да калегаў», у тым ліку да Коржыча. У справе прызнаныя пацярпелымі яшчэ 57 вайскоўцаў зь Печаў, усяго ўстаноўлена 150 эпізодаў, піша БЕЛТА.

«Неаднаразова наносілі ўдары рукамі і нагамі па розных частках цела, прымушалі за дазвол схадзіць у краму на тэрыторыі вайсковай часткі бязвыплатна набываць для іх прадукты і цыгарэты. Салдаты фактычна за грошы куплялі сабе права карыстацца ў любы час мабільнымі тэлефонамі», — сказаў пра абвінавачаных Алег Шандаровіч.

У прыватнасьці, Аляксандар Коржыч плаціў аднаму зь сяржантаў за такі дазвол і за тое, каб той не ўжываў да яго фізычны гвалт. Таксама Коржыч плаціў адступныя за ягонае знаходжаньне на стацыянарным лячэньні ў мэдроце. «Фактычна Аляксандар Коржыч баяўся вяртацца з мэдыцынскага лячэньня», — адзначыў сьледчы.

Сяржанты сыстэматычна, у тым ліку і ў начны час, пасьля каманды «адбой» зьдзекаваліся, прымушалі падначаленых прысядаць, адціскацца і выконваць іншыя фізычныя практыкаваньні.

Абвінавачаныя ў справе Аляксандра Коржыча сяржанты прызналі віну часткова.

«Яны часткова прызнаюць віну — не прызнаюць тое, што іх дзеяньні давялі Коржыча да самагубства. Таксама не прызнаюць той факт, што прадукты, якія ім куплялі бязвыплатна, зьяўляліся хабарам ім як службовых асобам», — заявіў Шандаровіч.

21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай 3 кастрычніка 2017 году ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. 5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.

Коржычавы таварышы па службе атрымлівалі пагрозы ў сацсетках. Сябры Коржыча вялі альтэрнатыўнае расьсьледаваньне.

Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата ў тым, што хлопец учыніў суіцыд.

У выніку Сьледчы камітэт распачаў справу паводле ч. 3 арт. 443 Крымінальнага кодэксу (парушэньне статутных правілаў узаемаадносін паміж ваеннаслужачымі, пры адсутнасьці адносін падпарадкаванасьці, якое пацягнула цяжкія наступствы). Паведамлялася, што разглядаюцца тры вэрсіі таго, што здарылася: давядзеньне да самагубства, забойства і самагубства.

Паведамлялася, што па справе Коржыча былі заключаныя пад варту 10 чалавек, у тым ліку два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 году нараджэньня, і ягоны намесьнік, капітан за 1989 год нараджэньня, сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцьце мераў па прадухіленьні гібелі Коржыча з войска звольненыя пяць чалавек, яшчэ двое — адхіленыя ад працы.

Усяго было заведзена 15 крымінальных спраў. Але, паводле сьледзтва, дачыненьне да гібелі Коржыча маюць толькі тры крымінальныя справы, якія былі заведзеныя ў дачыненьні да трох сяржантаў.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апытаныя 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў Беларусі праверылі на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў беларускай арміі, заведзеныя 2 крымінальныя справы. Былому начальніку фізычнай падрыхтоўкі 72-га вучэбнага цэнтру ў Печах Дзьмітрыю Кісялару прысудзілі 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем званьня, а прапаршчыка Ігара Хішчанку з 72-га вучэбнага цэнтру ў Печах пакаралі 5 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем званьня.

10 красавіка на сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ ​Аляксандар Лукашэнка заявіў, што асабіста кантралюе сытуацыю па расьсьледаваньні гібелі Коржыча, «і там жорстка разьбіраюцца». «Абавязкова разьбярэмся і трымаем у курсе справы маці, запрашаем на допыты, — паведаміў Лукашэнка. — Абсалютна дэмакратычна ўсё гэта расьсьледуецца, таму што я не прымаю, калі ў мірны час нават у войску гінуць людзі».

Усё пра гвалт у войску

Што зьмянілася ў краіне пасьля сьмерці Сашы Коржыча?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG