Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Катаваў электрашокерам, біў па галаве, забіраў грошы. У Барысаве судзяць прапаршчыка з вучэбкі ў Печах


Барысаўскі раённы суд, ілюстрацыйнае фота
Барысаўскі раённы суд, ілюстрацыйнае фота

У Барысаўскім раённым судзе працягваецца суд над прапаршчыкам Ігарам Хішчанкам, які служыў у 72-м вучэбным цэнтры, што ў мікрараёне Печы.

Працэс ідзе з пачатку сакавіка. Праверку дзеяньняў прапаршчыка Ігара Хішчанкі пачалі яшчэ да сьмерці ў Печах шарагоўца Аляксандра Коржыча і, паводле пракуратуры і Сьледчага камітэту, гэтая справа ня мае дачыненьня да той трагедыі. Але яна яскрава дэманструе норавы ў вайсковай частцы, якія сталі прычынай гібелі салдата Коржыча.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Прапаршчыка Хішчанку абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх атрыманьне хабару, злоўжываньне службовым становішчам, зьнявага вайскоўцаў. Матэрыялы справы складаюцца з 15 тамоў, у справе 18 пацярпелых, якіх ужо дапыталі.

Цяпер ідзе апытаньне сьведак, іх заяўлена 17. Некаторыя з пацярпелых і сьведак не змаглі прысутнічаць на працэсе, іх апытваюць празь відэасувязь.

Катаваў электрашокерам, вымагаў цыгарэты

Праз Скайп 14 сакавіка апыталі жыхара гораду Кіраўску Магілёўскай вобласьці Дзьмітрыя Стэльмаха. Былы салдат у 2016 годзе праходзіў службу ў 72-м цэнтры, вучыўся на мэханіка-кіроўцу. Прапаршчыка 3-й вучэбнай роты Ігара Хішчанку сьведка пазнаў. Пра абвінавачанага ён згадаў, што той ужываў да салдат у казарме электрашокер. Гэта было пасьля адбою. Сьведка ня бачыў, да якой часткі цела салдатаў падсудны прыкладаў электрашокер, але чуў «характэрны трэск» і бачыў успышкі «электрадугі». Таксама, паводле сьведкі, прапаршчык перакульваў ложкі тых салдат, да якіх меў прэтэнзіі адносна дысцыпліны.

Пацьвердзіў сьведка Стэльмах і тое, што ў ягоным узводзе салдаты мусілі на свае грошы купляць прапаршчыку цыгарэты, інакш бы ён не пусьціў іх у салдацкі буфэт. Грошы за цыгарэты Хішчанка, паводле сьведкі, не вяртаў.

Біў салдатаў скруткам з газэт, загадваў есьці цыбулю

Вайсковая частка ўПечах, ілюстрацыйнае фота
Вайсковая частка ўПечах, ілюстрацыйнае фота

Васіль Жуковіч, які служыў у Печах, прыехаў у суд зь Менску, дзе жыве і працуе. Сьведка пазнаў прапаршчыка Ігара Хішчанку, сказаў, што ведае яго па службе, той быў камандзірам 4 узводу 3 роты.

«Ён запальчывы», — ахарактарызаваў Хішчанку сьведка і расказаў пра тое, як той ужываў да салдат гвалт. Найперш згадаў пра электрашокер. «Я пачуў характэрны гук — трэск. Гэта Хішчанка ўжыў электрашокер да шарагоўца Комара, я сам гэта бачыў, бо нашы ложкі былі побач. У плячо яго ўдарыў. Комар закрычаў». Таксама, паводле сьведкі, Хішчанка ўжываў электрашокер да салдата Шпака. «Я адзін раз такое бачыў», — сказаў сьведка.

Таксама сьведка Васіль Жуковіч згадаў, як абвінавачаны біў салдат скруткам з газэт. «Біў за розныя парушэньні дысцыпліны», — патлумачыў сьведка. Пра тое, ці ўжываў Хішчанка партупэю і ўказку, сьведка згадаць ня змог.

Сьведка таксама распавёў пра факт зьдзеку над шарагоўцам Кучарам. Паводле Жуковіча, прапаршчык Хішчанка прымусіў Кучара зьесьці цыбуліну. «Кучар потым мне казаў, што яму было блага, яго ванітавала».

Біў па галаве — «прабіваў лася»

Сьведка распавёў, як Хішчанка нанёс Комару адмысловы ўдар, які ў іх называўся «прабіць лася»:

«Гэта калі чалавек закрывае лоб рукамі, якія вывернутыя далонямі наперад, а другі чалавек б’е яму па руках кулаком. Потым я служыў у Полацку, там такога не было. А ў Печах — часта».

Васіль Жуковіч згадваў і факты зьнявагі салдат з боку Хішчанкі. Назваў імя шарагоўца Гаручкі. «Зьневажаў яго, калі той ня мог адказаць на пытаньні, называў тупым ды іншымі крыўднымі словамі».

Грашовыя паборы

Салдаты з вайсковай часткі ў Печах, ілюстрацыйнае фота
Салдаты з вайсковай часткі ў Печах, ілюстрацыйнае фота

​У іх узводзе было заведзена, што байцы зьбіралі грошы, на якія набывалі прапаршчыку Хішчанку цыгарэты ды розныя тавары падчас наведваньня «чайнай». Паборы былі за тое, што прапаршчык дазваляў гэтыя візыты ў салдацкі буфэт.

«Іншыя афіцэры і прапаршчыкі гэтага не патрабавалі, а ім гэтак было заведзена. Мы ўсе ведалі, што калі яму выгады ня зробіш, дык і ён нам ня зробіць».

Паводле сьведкі, салдаты абураліся фактам пабораў, але не пратэставалі і нікому на Хішчанку ня скардзіліся, бо баяліся, што за гэта адпомсьціць ён ці іншыя камандзіры: «Усе думалі, каб толькі даслужыць».

Сьведка адзначыў, што паборы з боку Хішчанкі былі неаднаразова. «Мне грошы Хішчанка не вяртаў», — сказаў сьведка.

Падсудны: нічога такога не было

Паводле матэрыялаў справы падчас праверкі Ігар Хішчанка не прызнаў, што ўжываў адносна падначаленых электрашокер. Таксама ён пісаў у рапарце камэнданту гораду, што нікога з ваеннаслужачых ня біў скруткам газэт ці партупэяй, не прымушаў адціскацца ад падлогі, не перакульваў ложкаў, ня біў па лбе ў скрыжаваныя рукі, не патрабаваў ад ваеннаслужачых, каб яны куплялі яму на свае грошы цыгарэты і прадукты. Тады, на пачатку лета 2017 году, прапаршчык прызнаваў толькі тое, што ўжываў «пэўную лексыку» адносна салдата Драневіча, таму што «той парушыў дысцыпліну».

Але пазьней на сьледзтве, у кастрычніку і лістападзе 2017 году, на допытах і вочных стаўках з салдатамі, якіх сьледзтва прызнала пацярпелымі, Ігар Хішчанка часткова прызнаваў, што ўжываў адносна ваеннаслужачых гвалт і зьнявагу.

За што біў?

Гэтак, на допыце Ігар Хішчанка прызнаў, што даў каманду шарагоўцу Кучару зьесьці цыбуліну. Чаму? Бо даведаўся, што на сьняданак шараговец Кучар зьеў дзьве порцыі замест адной.

«Прайшоў двойчы праз раздачу і атрымаў дзьве порцыі. Значыць, некаму не дасталася порцыі ўвогуле», — сказаў на допыце прапаршчык і распавёў, што выклікаў Кучара ў кабінэт і там прымусіў зьесьці цыбуліну «ў мэтах перавыхаваньня». Перад Кучарам на вочнай стаўцы Хішчанка выбачыўся.

За што яшчэ прапаршчык Ігар Хішчанка караў падначаленых?

  • што ляжаў на ложку і паказваў дрэнны прыклад іншым салдатам. Пакараў шарагоўца Д’ячэнку, ударыўшы яго скруткам газэт. Але «скрутак ня быў абматаны скотчам».
  • што размаўляў на занятках. За гэта ўдарыў па галаве шарагоўца Комара, «прабіў лася». На вочнай стаўцы выбачыўся.
  • што не прысутнічаў на праглядзе праграмы «Арсэнал», а быў у бытоўцы. За гэта ўдарыў салдата партупэяй.
  • што пакінуў агульны кубак у месцы, дзе нельга. За гэта ўдарыў Драневіча кубкам па галаве.
  • што парушыў дысцыпліну. Загадаў Арэхаву за гэта выконваць практыкаваньне «лыжнік у адгазьніку».
  • што сеў на крэсла несвоечасова. За гэта ўдарыў парушальніка па галаве кулаком у баксёрскай пальчатцы.
  • што шумеў у прыбіральні, разьліваў ваду на падлогу. Ударыў за гэта Завадоўскага партупэяй. На вочнай стаўцы выбачыўся.
  • што размаўляў падчас заняткаў. Струнеўскага за гэта ўдарыў па ягадзіцах скруткам газэт.
  • за парушэньне дысцыпліны на занятках прымусіў шарагоўца Ш. выконваць фізычныя практыкаваньні ў бронекамізэльцы. «У яго было зашмат энэргіі».
  • што ішоў павольна, не пасьпяваў на заняткі. За гэта прымусіў Леваненю адціскацца ад падлогі і ўдарыў скруткам газэт. «Але не ўжываў электрашокера». Выбачыўся.
  • што не падшыў каўнерык. За гэта пакараў шарагоўца Матушкіна ўдарам скруткам газэт. «Але ня біў яго электрашокерам. Гэта быў ліхтарык, а не электрашокер».
  • што не падняўся пасьля каманды «Пад’ём» з ложка. Прымусіў шарагоўца Падлескага адціскацца ад падлогі 150 разоў ды выконваць іншыя практыкаваньні.

На сьледзтве Ігар Хішчанка патлумачыў, чаму ўжываў да салдат забароненыя статутам сродкі: бо інакш ня мог дамагчыся дысцыпліны. «Нечарговы нарад на іх ня дзейнічаў, у адпачынак яны ўсё роўна не маглі хадзіць. Трэба было неяк узьдзейнічаць, а да іх не даходзілі словы».

На судовым працэсе Ігар Хішчанка адмаўляецца даваць паказаньні.

Скардзіўся на дзедаўшчыну — скончыў у псыхбальніцы. Усё пра салдацкую герархію і паборы ў войску

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG