Тэрміны расьсьледаваньня сьмерці салдата Аляксандра Коржыча працягнутыя на неназваны тэрмін, заявіў БЕЛТА старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч. У час расьсьледаваньня выявіліся новыя факты нестатутных адносін як у частцы, дзе загінуў Коржыч, так і ў іншых.
«Маладыя вайскоўцы і тыя, якія адслужылі пэўны тэрмін, пачалі даваць паказаньні адносна падзеяў гадавой, двухгадовай даўнасьці, сьцьвярджаючы, што і яны былі аб'ектамі гвалту з боку таварышаў па службе, — сказаў Іван Наскевіч. — Для таго каб дадаткова праверыць усе факты, якія мы маем у цяперашні момант, спатрэбіўся час.
Мы не гатовыя ў бліжэйшыя дні скончыць расьсьледаваньне па гэтай справе. Прыйшлося падоўжыць тэрміны расьсьледаваньня, для таго каб поўна, абʼектыўна і ўсебакова дасьледаваць усе наяўныя ў нас заявы і паведамленьні аб учыненых злачынствах».
Пасьля сьмерці Коржыча ў частцы была яшчэ адна спроба суіцыду? Што цяпер адбываецца ў Печах
Як разьвіваліся падзеі ў Печах
Цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі 3 кастрычніка ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стала самагубства. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.
13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы. Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17 гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю падвала, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».
Яшчэ ў верасьні Коржыч быў у мэдчастцы з вострай рэсьпіраторнай інфэкцыяй, і тады яго аглядаў псыхіятар. Дыягназ быў «здаровы». Пасьля таго як Коржыча выпісалі 26 верасьня, зьвестак пра ягонае далейшае месцазнаходжаньне ў сьледчых няма.
Супраць старшыны роты, які скраў з карткі Коржыча ня менш за 150 рублёў і рабіў плацяжы «бязь ведама ўладальніка ў асабістых мэтах у крамах і кавярнях Барысава», распачалі крымінальную справу аб махлярстве. Сяржанты з вайсковай часткі праходзяць падазраванымі ў справе аб нестатутных адносінах, «прымаюцца рашэньні аб іх затрыманьні».
У сувязі са «справай Коржыча» завялі «каля 15» крымінальных спраў
Папярэдне разглядаліся вэрсіі давядзеньня да самагубства празь «дзедаўшчыну», зьдзекі, гвалт, вымаганьне ці адбіраньне асабістых рэчаў і грошай; забойства з асабістых або карысьлівых матываў або праз «валоданьне зьвесткамі, якія кампрамэтуюць іншых вайскоўцаў»; самагубства праз псыхалягічную траўму або нежаданьне служыць.
Коржычавы таварышы па службе атрымлівалі пагрозы ў сацсетках. Сябры Коржыча вялі альтэрнатыўнае расьсьледаваньне.
Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча ў тым, што хлопец учыніў суіцыд. Цяпер сытуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі.
14 кастрычніка стала вядома, што ў сувязі са справай Аляксандра Коржыча з Узброеных сіл звольненыя чатыры службовыя асобы. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Макараў.