Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль Расея ваюе — Беларусь гандлюе. У Кіеве буйная выстава беларускіх вытворцаў


Выстава беларускай прадукцыі Made in Belarus адкрылася ў Міжнародным выставачным цэнтры ў Кіеве. Яна будзе доўжыцца чатыры дні.

Асноўны акцэнт зроблены на беларускае машынабудаваньне, якое стала галоўным складнікам беларускага экспарту ва Ўкраіну. Беларусь экспартуе сюды прадукцыю машынабудаваньня, нафтахіміі, лёгкай прамысловасьці. З Украіны ў Беларусь пастаўляюць перш за ўсё прадукцыю аграпрамысловага комплексу. Беларуская фармацэўтыка, лёгкая прамысловасьць і турызм таксама гатовыя пашырыць сваю прысутнасьць на ўкраінскім рынку.

Гэта адбываецца ў той час, як Расея абмяжоўвае сваю прысутнасьць з прычыны анэксіі Крыму і вайны на Данбасе.

Украіна цяпер абмежавала свой рынак для расейскай прадукцыі, якая раней тут была ў лідэрах. Раней Украіна падпісала з Эўрапейскім Зьвязам пагадненьне аб асацыяцыі, якое адкрывае новыя магчымасьці для прасоўваньня і беларускай прадукцыі ня толькі на ўкраінскі, а і на эўрапейскі рынак.

Беларуска-ўкраінскі гандаль: рост, падзеньне, зноў рост

За ўсю гісторыю беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў 2012 год стаў найбольш удалым для ўзаемнага гандлю — тады ўзаемны таваразварот вырас да 8 мільярдаў даляраў. Кіеў і Менск плянавалі да 2015 году пераадолець 10-мільярдную адзнаку, але сытуацыя памянялася. У 2014 годзе ва Ўкраіне перамаглі Эўрамайдан і Рэвалюцыя годнасьці, зьмянілася ўлада, Расея анэксавала ўкраінскі Крым, а на Данбасе пачаліся баявыя дзеяньні. Украінская эканоміка аслабла, грыўня ўпала амаль у тры разы. Гэта не магло не адбіцца на гандлёвых сувязях Украіны зь Беларусьсю.

Амбасадар Беларусі ва Ўкраіне Ігар Сокал прызнае, што таваразварот упаў з аб’ектыўных прычын.

«Але летась мы ўжо дадалі да ўзроўню 2016 году 20 адсоткаў і дасягнулі 4,6 мільярда даляраў. Сёлета за першыя два месяцы — ужо 700 мільёнаў даляраў (480 — наш экспарт, 220 — украінскія пастаўкі ў Беларусь)», — кажа амбасадар Сокал.

Паводле ягоных падлікаў, сёлета краіны павінны выйсьці на 5,5–6 мільярдаў даляраў таваразвароту за кошт усіх таварных пазыцый.

«Гэты сэктар ва Ўкраіне вельмі моцна разьвіты: зусім іншая зона земляробства, і вырошчваецца тая прадукцыя, якая ў Беларусі не вырошчваецца», — кажа пасол Беларусі ва Ўкраіне Ігар Сокал.

Беларусы могуць удзельнічаць ва ўкраінскіх тэндэрах

Намесьнік міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны Юры Броўчанка аглядае беларускі трактар
Намесьнік міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны Юры Броўчанка аглядае беларускі трактар

Паводле намесьніка міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны Юрыя Броўчанкі, цяпер Беларусь выйшла на другое месца сярод краін СНД у зьнешнім гандлі Ўкраіны.

Ад 2015 году ўсе бюджэтныя закупы ва Ўкраіне робяцца праз электронную тэндэрную сыстэму Prozorro. Апроч таго, у парлямэнце рыхтуецца закон «Купляй украінскае», які можа ўскладніць удзел беларускіх вытворцаў ва ўкраінскіх дзяржаўных закупах.

«Канкурэнцыя. Сёньня гэта адзінае, што вызначае прысутнасьць на рынку. У нас сапраўды створаная сыстэма Prozorro, і ўсе беларускія прадпрыемствы могуць браць удзел у тэндэрах і пастаўляць сюды сваю прадукцыю. Гэтак жа як і ўкраінскія прадпрыемствы маюць магчымасьць выходзіць на тэндэры ў Рэспубліцы Беларусь», — кажа Юры Броўчанка.

Перавага супольным прадпрыемствам

Паводле словаў Броўчанкі, найбольшую ўвагу варта скіраваць на стварэньне супольных прадпрыемстваў.

«У Беларусі шмат камплектуючых вырабляецца з украінскай сыравіны — гэта і гідраўліка, і мэтал, і чыгун, якія вырабляюцца ва Ўкраіне, завозяцца ў Беларусь, і там ужо вырабляецца канчатковы прадукт. Сёньня мы працуем па некалькіх праектах, якія дазволяць стварыць супольныя прадпрыемствы паміж Украінай і Беларусьсю, адзін зь іх на базе Драгобыцкага заводу аўтамабільных кранаў (Львоўская вобласьць. — РС) супольна зь беларускім „Амкадорам“. І па гэтым праекце мы сёлета будзем працаваць. Гаворка ідзе пра будаўнічую і дарожную тэхніку, але ў першую чаргу — аўтакраны», — сказаў Свабодзе намесьнік міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны Юры Броўчанка.

Летась ва Ўкраіне працавалі 8 супольных беларуска-ўкраінскіх прадпрыемстваў, сказаў беларускі амбасадар Ігар Сокал.

«У Луцку мы адкрылі прадпрыемства па вытворчасьці тралейбусаў. Аднак мы рэгіструем ня толькі супольныя прадпрыемствы, а і прадстаўніцтвы нашых кампаній. Зарэгістраваныя прадстаўніцтва „Белаўтадар-Украіна“, а таксама кампаніі па вытворчасьці мінэральных угнаеньняў», — дадае беларускі дыплямат Ігар Сокал.

Патэнцыял разьвіцьця ўзаемнага гандлю бакі ацэньваюць аднолькава: рынкі блізкія, Украіна — добрая пляцоўка для далейшага прасоўваньня беларускай прадукцыі ў Эўропу, а Беларусь як сябра Эўразійскай эканамічнай супольнасьці — для ўкраінскіх тавараў у краінах СНД.

Супраца ў ВПК ёсьць, хоць і абмежаваная

Сёлета ў лютым у Дзяржаўным вайскова-прамысловым камітэце Беларусі заявілі, што ўзаемадзеяньні ў гэтай сфэры з Украінаю не рэалізуюцца. Маўляў, Беларусь — пляцоўка для вырашэньня канфлікту на Данбасе і не павінна ствараць дадатковыя праблемы.

Але ў Кіеве заяўляюць: супраца зь Беларусьсю ў галіне ВПК вядзецца.

«Яна вельмі абмежаваная, але адбываецца. Дэталі я ня буду камэнтаваць», — сказаў у інтэрвію Свабодзе намесьнік міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны Юры Броўчанка. Сёньня ён праехаў у кабіне ралійнага МАЗа. Шасі Менскага аўтамабільнага заводу ўсё часьцей выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці вайсковай тэхнікі ва Ўкраіне.

Беларускай прадукцыі ва Ўкраіне будзе больш, — амбасадар

Амбасадар Беларусі ва Ўкраіне Ігар Сокал мяркуе, што працаваць зь беларускімі вытворцамі для ўкраінскіх кампаній выгадна. У тым ліку таму, што ў Беларусі створаны такі інстытут падтрымкі, як экспартнае крэдытаваньне — калі замежная кампанія, якая купляе ў крэдыт беларускую прадукцыю, можа разьлічваць на пагашэньне часткі адсоткаў па крэдыце з боку беларускага Міністэрства фінансаў. Беларусь штогод выдаткоўвае на гэта каля 200 мільёнаў даляраў. Ва Ўкраіне такія апэрацыі абслугоўвае «Укргазбанк».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG