Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве да юбілею БНР абяцаюць канцэрт, экскурсіі і памятную шыльду


2018 год у Магілёве пройдзе пад знакам юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра гэта заявілі прадстаўнікі грамадзкіх і палітычных арганізацый гораду, якія на працягу некалькіх месяцаў рыхтавалі сьвяточныя імпрэзы. 15 сакавіка на прэсавай канфэрэнцыі працоўная група расказала пра іх.

У плянах актывістаў

  • зладзіць разам з магілёўскімі гісторыкамі экскурсію па гарадзкіх мясьцінах, зьвязаных з БНР,
  • арганізаваць сьвяточны канцэрт,
  • зрабіць відэаролік пра ўтварэньне БНР,
  • надрукаваць тэматычныя каляндарыкі,
  • правесьці публічныя лекцыі пра фармаваньне і дзейнасьць Магілёўскага Беларускага камітэту.

Цягам году працоўная група плянуе ўсталяваць на доме, у якім 31 сакавіка 1918 году магілёўцы прызналі ўладу БНР, памятны знак.

Вырабіць шыльду гатовы скульптар Андрэй Вераб’ёў. У тэлефоннай гутарцы з карэспандэнтам Свабоды ён сказаў, што перакананы — улада ня будзе супраць увекавечваньня 100-гадовага юбілею БНР.

«Калі ў Менску дазволілі ўсталяваць памятную дошку, то чаму ў Магілёве будуць супраць?» — сказаў ён.

Дом, у якім магілёўцы падтрымалі БНР
Дом, у якім магілёўцы падтрымалі БНР

Магілёўскі гарвыканкам выказаў гатоўнасьць спрыяць правядзеньню круглага стала, прысьвечанага гісторыі БНР, у адным зь мясцовых унівэрсытэтаў.

Разам з тым у афіцыйным адказе, падпісаным намесьніцай старшыні гарвыканкаму Алай Галушкай, ня згадваецца яшчэ адна ініцыятыва прадстаўнікоў грамадзкасьці — арганізаваць сумесна з уладай урачысты канцэрт. Яго працоўная група вырашыла правесьці ў грамадзкім цэнтры «Кола», бо на іншыя пляцоўкі, як вынікала з тлумачэньняў старшыні Алега Дзьячкова, няма рэсурсаў. Паводле яго, грошы на імпрэзы зьбіраюцца талакою.

На 25 сакавіка заплянаваны інфармацыйны пікет да Дня Волі. Яго зьбіраюцца правесьці ў цэнтры гораду. З заяўкай па дазвол у гарвыканкам зьвярнуліся Аляксандар Сілкоў з руху «За свабоду» і Алег Аксёнаў з аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Адказу ад чыноўнікаў пакуль няма.

Як у Магілёве падтрымалі незалежнасьць Беларусі. Гісторыя першай беларускай арганізацыі гораду

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG