Учора я напісаў, што калі апазыцыя ня прыме рашэньня з нагоды сьвяткаваньня гадавіны БНР, то рашэньне за яе прымуць абставіны. Так і атрымалася. Ну не зусім абставіны — рашэньне прынялі ўлады сваім спрытным ходам. Сталічны гарвыканкам адхіліў першапачатковую заяўку на правядзеньне 25 сакавіка і мітынгу-канцэрту, і шэсьця. Аднак адразу ж была пададзеная новая заяўка, ужо толькі на мітынг і канцэрт, але ўжо на іншай пляцоўцы, каля Опэрнага тэатру. І, зразумела, сярод тых, хто падаваў новую заяўку, не аказалася тых, хто дамагаўся шэсьця любой цаной.
Гэтыя два крокі ўжо фармальна зафіксавалі раскол у шэрагах апазыцыі, які абазначыўся 26 лютага на пасяджэньні аргкамітэту сьвяткаваньня. Зрэшты, ужо тады было відаць, што ніхто нікому не зьбіраўся саступаць. Было відавочна, што Мікола Статкевіч і Вячаслаў Сіўчык не адмовяцца ад шэсьця ні пры якіх абставінах, таксама было ясна, што, скажам, Антон Матолька і лідэры БНФ зусім не зьбіраюцца за тое шэсьце класьціся касьцьмі.
Яны і не ляглі. Фармальна кажучы, і пасьля адхіленьня гарвыканкамам першапачатковай заяўкі аб’яднанага аргкамітэту ён мог бы працягваць настойваць на сваім, аспрэчваць гэтае рашэньне. Праўда, незразумела, як бы яго чальцы змаглі дамагчыся свайго, нават калі б былі адзіныя ў сваіх памкненьнях. Адзінае практычна рэальнае, чаго яны маглі дамагчыся, — дык гэта правесьці недазволеную акцыю. Але для Матолькі і яго аднадумцаў гэта якраз і азначала б саступіць апанэнтам, чаго яны не зьбіраліся рабіць.
Цяпер кожная частка апазыцыі пойдзе сваім шляхам. Аднак яны не ізаляваныя, факт расколу будзе ўплываць і на адных і на другіх. Прыхільнікі шэсьця ў сацыяльных сетках ужо бурна абвяшчаюць анафэму «згоднікам», прыхільнікі дазволенага мітынгу-канцэрту вінавацяць сваіх апанэнтаў у неразумным радыкалізьме і нават правакатарстве. Можна меркаваць, што гэты абмен праклёнамі будзе працягвацца да самага 25 сакавіка.
Праўда, варта адзначыць адну асаблівасьць. Аўтараў новай заяўкі ахрысьцілі «здраднікамі». Але на канцэрт будуць запрошаныя вядомыя ў краіне музыкі, і, хутчэй за ўсё, яны будуць там выступаць. У сутнасьці, менавіта яны і будуць галоўнымі героямі сьвята. Як дасьціпна заўважыў мой калега Сяргей Навумчык, дык тады і Вольскі, і Вайцюшкевіч, і іншыя зоркі — таксама здраднікі. Цікава, хто рашыцца іх так назваць.
Калі тыя, хто хацеў шэсьця любой цаной, яго ўсё роўна арганізуюць, то агітаваць за яго ім будзе няпроста. Інфармацыйныя рэсурсы ў арганізатараў сьвята і да расколу былі ня вельмі вялікія. Пасьля расколу ў прыхільнікаў радыкальнага сцэнару іх будзе менш, чым у іхных апанэнтаў.
Зрэшты, наяўнасьць двух сцэнароў наагул спародзіць вялікую блытаніну ў розумах. Гэтыя клічуць сюды, тыя — туды, лепш наагул нікуды не ісьці — так абавязкова падумае нямала людзей.
Пакуль няма ні згоды гарадзкіх уладаў на другую заяўку, ні заклікаў на нейкія іншыя, недазволеныя акцыі ў гонар угодкаў БНР. Аднак калі згода, як і альтэрнатыўныя заклікі, усё ж будзе, то вынік грамадзтва, публіка будзе ацэньваць у першую (і ў галоўную) чаргу паводле колькасьці. Так не заўсёды бывае, калі акцыя з адной нагоды адна. Калі адна, але нешматлікая, то можна сказаць, што народ скаваў страх, ён запалоханы, а ў душы ён ужо ў масавым парадку адхіліў прыгнёт і тыранію.
Ну а калі дзьве акцыі з адной і той жа нагоды? На адну, скажам, прыходзіць тысяч 10 — на дазволеную, з музыкай, сьпевамі і весялосьцю. А могуць і прыйсьці. А на іншую — на пратэст, скажам, ад сілы тысяча. Тлумачэньні, што адна акцыя правільная, а другая — няправільная, адна — за свабоду, а другая — за дыктатуру, ня вельмі будуць працаваць. Нагода адна, значыць, хто больш людзей сабраў, асабліва калі больш у разы — той і малайчына, той і выйграў.
І ў вачах шырокай публікі, і ў вачах апазыцыйнай, і ў вачах Захаду, дарэчы.
Калі толькі не... Адзінае, што можа «перабіць» гэтую арытмэтыку — гэта гвалт. Калі ёсьць гвалт, і маштабны, то для мэдыяў — гэта больш яскравая «карцінка», чым нават вялікая маса людзей, зусім мірных і зь якімі мірна абыходзяцца. СМІ так збудаваныя, найлепшыя навіны — гэта кепскія навіны.
Ня тое, каб хтосьці гэта плянаваў ці на гэта разьлічвае. Ня ведаю, сьвечку не трымаў. Проста ёсьць палітычныя інтарэсы, якім адпавядае такое разьвіцьцё падзеяў. Інакш спрацуе чыстая арытмэтыка.
Зрэшты, розныя інтарэсы ёсьць ня толькі ў апазыцыйным лягеры. Ня ўпэўнены, што і ва ўладным лягеры ўсім так ужо падабаецца ідэя дазволіць канцэрт на 25 сакавіка. Не даваць волі на Дзень Волі, як і на ўсе іншыя — яно неяк больш надзейна. Да таго ж карціна сапраўды вялікай колькасьці людзей, якія адзначаюць усё ж гадавіну незалежнасьці — гэта крышачку хістае пэўныя ідэалягічныя «скрэпы». І з Масквы гэта неяк кіславата будзе выглядаць: маўляў, мы ж думалі, што беларусы — пагалоўна гарой за Расею, «рускія са знакам якасьці», а за навязаную ім незалежнасьць — толькі «кучка агалцелых адмарозкаў». А яно вось, аказваецца, як там. А навошта засмучаць нашых рускіх братоў такім кагнітыўным дысанансам?
Вось і атрымліваецца, што супрацьлегласьці, іх інтарэсы часам вельмі мудрагеліста сыходзяцца. А не хацелася б, каб у гэтым выпадку разьвіцьцё падзеяў адбылося на карысьць такіх інтарэсаў.
А раскол... Думаю, што ён перажыве і 25 сакавіка. Ён насьпяваў даўно. І гэты раскол усё ж прынцыповы, ідэйны, а ня толькі вынік сутыкненьня амбіцыяў і барацьбы за рэсурсы. Беларуская апазыцыя занадта доўга не мянялася. І цяперашні раскол — гэта сымптом не дэградацыі, а абнаўленьня.
Перадрук з парталу TUT.BY
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.