Заходнія сэксапатолягі і сямейныя псыхолягі пачынаюць задумвацца над стварэньнем правілаў паводзінаў для партнэрскіх пар з улікам актыўнасьці людзей у сацыяльных сетках. Пра гэта піша газэта The New York Times.
Рэальнасьць праблемы
Ніколі яшчэ ў гісторыі людзі так шчыльна не кантактавалі паміж сабой праз уласныя старонкі ў сацыяльных сетках. Таму дачыненьні паміж партнэрамі на фоне сацыяльных сетак — абсалютна нязьведаная тэрыторыя.
Падчас апытаньня, праведзенага ў 2014 годзе, 45 працэнтаў прадстаўнікоў пакаленьня, народжанага незадоўга да і пасьля 2000 году, заявілі што сацыяльныя сеткі аказваюць істотны ўплыў на іх дачыненьні з партнэрам.
Сёньня лекары і псыхолягі прызнаюць, што сацыяльныя сеткі выклікаюць сапраўдныя пачуцьці, і што гэтыя пачуцьці маюць значэньне.
Варта зрабіць прыярытэтным час, які вы праводзіце без сацыяльных сетак
Сёньня шмат хто зь сямейных псыхолягаў можа расказаць гісторыю пра тое, як плянаваная каханкамі рамантычная ноч ператвараецца ў балбатню пра публікацыі ў сацыяльных сетках.
Справа зайшла так далёка, што стала ўплываць на паводзіны людзей у спальні. Цяпер ня рэдкасьцю зьяўляецца сытуацыя, калі цыгарэту і абдымкі пасьля сэксу замяніў прагляд стужак у сацыяльных сетках.
варта знайсьці хаця б 20 хвілін у дзень, які вы праведзяце разам без сацыяльных сетак
Псыхолягі раяць рабіць так, каб ваш партнэр разумеў, што ён для вас больш важны за ваш тэлефон. Ненавязьлівая парада палягае на тым, што варта знайсьці хаця б 20 хвілін у дзень, які вы праведзяце разам без сацыяльных сетак.
Калі ж вы зможаце знайсьці больш часу без сацыяльных сетак для дваіх — гэта выдатна.
Нядрэнна будзе адключыць апавяшчэньні тады, калі вы знаходзіцеся разам са сваім партнэрам.
Парайцеся з партнэрам, перш чым посьціць
Прыярытэтам павінен быць ваш жывы партнэр, а не віртуальныя партнэры ў сацыяльных сетках.
аб’ём публікаваных сумесных фатаздымкаў не зьяўляецца рэальнай прыкметай посьпеху і цеплыні ў вашых дачыненьнях
Здараецца нямала канфліктаў з прычыны таго, што адзін з пары больш актыўны і адкрыты ў паказваньні дэталяў вашага сумеснага жыцьця, чым вы.
Самая простая парада, каб пазьбегчы такіх непаразуменьняў: папытайцеся ў партнэра першы чым публікаваць вашу сумесную фатаграфію, дэталі вашага падарожжа ці візыту да сяброў.
Таксама псыхолягі нагадваюць, што аб’ём публікаваных вамі ў сацыяльных сетках сумесных фатаздымкаў не зьяўляецца рэальнай прыкметай посьпеху і цеплыні ў вашых дачыненьнях.
Цеплыня — у рэале.
Асабістыя межы варта паважаць і ў сетках
Распаўсюджанасьць сацыяльных сетак і рост актыўнасьці людзей размываюць межы сацыяльнай дысцыпліны.
Людзі не заўважаюць, як нярэдка парушаюць асабістую прастору іншых або кажуць нешта такое, што яны ніколі б не сказалі жывому чалавеку ў твар.
Калі вы ня зробіце нешта ў рэальным сьвеце, не рабіце тое і ў сацыяльных сетках
Непрыстойны камэнтар да новага купальніка ў Instagram можа паказацца больш бяскрыўдным, чым у рэальным жыцьці.
Парада тут такая. Уявіце сабе, што вашы паводзіны ў сацыяльных сетках адбываюцца так, нібыта проста побач з вамі ў гэты момант знаходзіцца ваш партнэр.
Калі вы ня зробіце нешта ў рэальным сьвеце, не рабіце тое і ў сацыяльных сетках.
Не віжуйце
Сацыяльныя мэдыі зрабілі магчымым лёгка сачыць за паводзінамі свайго партнэра. Для гэтага ня трэба пераапранацца і наклейваць сабе вусы, дастаткова ўзяць у рукі тэлефон мужа ці жонкі, пакуль ён ці яна прымае душ.
Зь іншага боку многія ўспрымаюць актыўнасьць у сетках як прыватны бок свайго жыцьця, не задумваючыся над тым, як лёгка знайсьці інфармацыю ў інтэрнэце.
глядзіце на вашы дачыненьні, а не на актыўнасьць партнэра ў сацыяльных сетках
Некаторыя партнэры настойваюць на перадачы ім пасвордаў і пін-кодаў для свабоднага доступу ў тэлефон партнэра. Матывуюцца такія просьбы тым, што у парах не павінна быць сакрэтаў адно ад аднаго. Іншыя наадварот ня хочуць гэтым дзяліцца, настойваючы на тым, што гэта выключна прыватная справа.
Насамрэч, псыхолягі раяць глядзець на вашы дачыненьні, а не на актыўнасьць партнэра ў сацыяльных сетках.
Калі вы адчуваеце патрэбу сачыць за актыўнасьцю партнэра ў сацыяльных сетках, значыць гаворку трэба весьці пра адсутнасьць даверу ў вашых рэальных дачыненьнях і пра вашае унутранае пачуцьцё бясьпекі наагул.
Не і ня трэба забывацца, што быць часам на адлегласьці адно ад аднаго карысна ня толькі ў рэальным жыцьці, але і ў інтэрнэце.
Дайце свайму партнэру прэзумпцыю невінаватасьці
Вы можаце лёгка і няўзнак наткнуцца ў сацыяльнай сетцы на падазроную інфармацыю.
Большасьць з нас схільныя рабіць хуткія высновы, маючы абмежаваную колькасьць інфармацыі.
Трэба памятаць, што тон і намер значна цяжэй ацаніць анлайн.
Заўсёды лепш спачатку спытацца ў партнэра пра тое, што вас турбуе, перш чым панікаваць і сварыцца.