Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША папярэдзілі аб небясьпечнасьці расейскіх газаправодаў


Ілюстрацыйнае фота. Першыя трубы для газаправоду «Паўночны паток — 2»
Ілюстрацыйнае фота. Першыя трубы для газаправоду «Паўночны паток — 2»

Дзярждэпартамэнт ЗША актывізаваў кампанію супраць будаўніцтва газаправодаў «Паўночны паток — 2» і «Турэцкі паток», папярэдзіўшы, што іх будаўніцтва «ўзмоцніць дамінаваньне Расеі» на эўрапейскіх газавых рынках, нанясе шкоду Ўкраіне і ўмацуе ўплыў Масквы на кантынэнце.

«Мы згодныя з многімі з нашых эўрапейскіх партнэраў у тым, што праект „Паўночны паток — 2“ і шматканальны „Турэцкі паток“ могуць узмацніць дамінаваньне Расеі на газавых рынках Эўропы, — заявіла ў чацьвер афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Гэзэр Наўэрт. — Яны скароцяць колькасьць магчымасьцяў для дывэрсыфікацыі прыродных рэсурсаў, створаць рызыкі для бясьпекі ў і без таго напружаным Балтыйскім рэгіёне».

Расея ўжо запусьціла ў эксплюатацыю газаправод «Паўночны паток — 1», які працягнуўся ад Выбаргу да нямецкага горада Грайфсвальд. Гэта самы доўгі падводны трубаправод у сьвеце. Аднак з-за санкцыяў Эўразьвязу у дачыненьні да «Газпраму» задзейнічаная толькі невялікая частка ягоных магутнасьцяў, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Трубаправод «Паўночны паток — 2» плянуецца пракласьці пад Балтыйскім морам з Расеі ў Нямеччыну, у абыход некалькіх эўрапейскіх краін-транзытэраў. Завяршэньне праекту намечана на 2019 год. У паўднёвай Эўропе Расея плянуе пабудаваць газаправод «Турэцкі паток», ад Анапы праз Чорнае мора да берагоў Турэччыны.

27 лістапада, выступаючы з тэлефонным брыфінгам для эўрапейскіх журналістаў, намесьнік памочніка дзяржсакратара Джон МакКарык, які працуе ў Бюро па энэргетычных рэсурсаў Дзярждэпартамэнту, адхіліў ідэю аб тым, што гэтыя праекты, асабліва «Паўночны паток — 2», калі-небудзь сапраўды будуць рэалізаваныя. Ён заявіў, што ўлады ЗША «ня бачаць верагоднасьці таго, што „Паўночны паток — 2“ можа быць пабудаваны».

Раней у мінулым годзе ЗША ўвялі санкцыі, якія прадугледжваюць штрафныя меры ў дачыненьні да эўрапейскіх кампаніяў, якія ўдзельнічаюць у праекце «Паўночны паток — 2» і іншых расейскіх энэргетычных праектах у Эўропе.

Гэта супрацьпастаўляе пазыцыі ЗША і Нямеччыны, якая пакуль падтрымлівае праект трубаправоду, здольнага забясьпечыць пастаўку 55 мільярдаў кубамэтраў газу з Расеі ў Нямеччыну.

У чацьвер Дзярждэпартамэнт актывізаваў кампанію супраць праекту.

«Будаўніцтва „Паўночнага патоку — 2“ засяродзіць каля 75% імпарту расейскага газу ў Эўразьвяз на адным маршруце, стварыўшы патэнцыйную кантрольную кропку, што істотна ўзмоцніць ўразьлівасць Эўропы да магчымых перабояў з пастаўкамі, — заявіла Наўэрт. — Мы лічым, што гэтыя два праекты дазволяць „Газпраму“ спыніць транзытныя пастаўкі праз тэрыторыю Ўкраіны, пры гэтым па-ранейшаму задавальняючы попыт у Заходняй Эўропе, што пахісьне эканоміку Ўкраіны, пазбавіўшы яе каля 2 мільярдаў даляраў штогадовага прыбытку ад транзыту».

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту таксама выказала здагадку, што Масква зможа маніпуляваць пастаўкамі газу ў палітычных мэтах.

«Мы ўжо назіралі, як у вельмі халодныя зімовыя месяцы Ўладзімір Пуцін спыняў энэргетычныя пастаўкі, выклікаючы павелічэньне выдаткаў і часам пакідаючы людзей без ацяпленьня», — сказала яна.

Расейскія энэргетычныя праекты, як мяркуецца, будуць абмяркоўвацца падчас візыту дзяржсакратара Рэкса Тылерсана ў Эўропу на наступным тыдні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG