Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвяры савецкіх партызанаў: боязь адкрытых архіваў


Помнік на магіле Васіля Струпаўца ў вёсцы Якімавічы
Помнік на магіле Васіля Струпаўца ў вёсцы Якімавічы

Пад Слонімам у вёсцы Якімавічы грамадзкія актывісты ўсталявалі помнік Васілю Струпаўцу, пацярпеламу ад савецкіх партызанаў.

Калі б я быў краязнаўцам, я б абавязкова прывёў мясцовых школьнікаў на магілу і распавёў пра гэтага ўнікальнага чалавека, які жыў у 1928-2000 гады. У 1944-м Васілю было 16 гадоў і ён быў адзіным са сваёй сям’і, хто выжыў у расстрэле, які зладзіў камандзір партызанскага атраду Іван Зайцаў.

Гісторыя сталася вядомай шырокаму колу, калі малады слонімец Сяргей Ёрш у 1997-м задакумэнтаваў сьведчаньні некалькіх жыхароў Якімавічаў, напісаў артыкул, а газэта «Наша Ніва» ў сакавіку 1997-га апублікавала матэрыял пад назвай «Што яны выраблялі!..»

Васіль Струпавец, "Наша Ніва", 1997
Васіль Струпавец, "Наша Ніва", 1997

Усяго савецкія партызаны атраду імя Панамарэнкі забілі больш за 40 жыхароў Якімавічаў. Сяргей Ёрш апублікаваў жахлівыя падрабязнасьці. Пад час расстрэлу Струпавец схаваўся пад печ. Куля прабіла яму нагу і назаўжды зрабіла Васіля інвалідам.

Я таксама размаўляў з Васілём Струпаўцом. А яшчэ зь яго сваячкай і суседкай спадарыняй Вольгай, якая чула крыкі сям’і Струпаўцоў. І стрэлы партызан. Паводле выжылых, асноўны матыў злачынстваў — рабаўніцтва.

Калі прыйшло савецкае войска, сяляне паскардзіліся. Некалькі забойцаў салдаты расстралялі на месцы, але войскі хутка пайшлі далей на захад. А камандзір партызан Іван Зайцаў ня толькі ня быў пакараны, але пасьля вайны стаўся начальнікам у Слоніме. У 1997-м Зайцаў, маючы больш за 90 гадоў веку, яшчэ жыў у суседняй вёсцы, прыкаваны хваробай да ложку.

Пасьля вайны Васіль паставіў помнік сваім забітым аднавяскоўцам. Помнік неўзабаве зьнесьлі.

Сёньня мы ведаем пра некалькі выпадкаў, калі партызаны расстрэльвалі невінаватых сялян. Але сапраўдныя маштабы падобных трагедый ведаюць адно архіварыюсы КГБ РБ і расейскай ФСБ.

Унікальнасьць Васіля Струпаўца ў тым, што на пачатку 1960-х ён напісаў генсэку Мікіту Хрушчову ліст, трапіў да Хрушчова на прыём, распавёў гісторыю вёскі Якімавічы і... застаўся на волі.

Пасьля да Струпаўца прыехалі чорныя «Волгі» з маскоўскімі нумарамі, людзі ў цывільным доўга распытвалі што да чаго і ўрэшце загадалі маўчаць.

У 1997-м Струпавец натарыяльна засьведчыў свае паказаньні і скіраваў іх у пракуратуру.

Калі зьвесткі непраўдзівыя, пракуратура мусіць іх афіцыйна абвергнуць. Але вынікам справы сталася папярэджаньне газэце «Наша Ніва», якая апублікавала сьведчаньні Васіля Струпаўца. Папярэджаньне «за паклёп на партызанскі рух». І ўсё.

«А чаму па гэтай тэме нічога няма ў школьных падручніках?» — спытаецца школьнік з экскурсіі. — «Чаму наагул так мала інфармацыі пра падобныя дзеяньні савецкіх партызан?»

Я б мог расказаць пра ўнутрыпалітычны рэзон, пра тое, што прырода камуністычнай улады тоесная прыродзе сучаснай — лукашэнкаўскай, дзе інтарэсы сыстэмы вышэй за інтарэсы людзей і вышэй за законы. Таму разбураць савецкі міт для ўлады тое самае, што рубіць сук, на якім сядзіш.

Я б мог распавесьці пра зьнешнепалітычны рэзон уладаў РБ, пра тое, што саветчына — гэта адзіная «скрэпа» з Расеяй, таму разбураць савецкі міт у Беларусі — рабіць нядобразычлівы крок у бок «саюзьніка».

Але я пачаў бы з цытаты словаў спадарыні Вольгі, якая ўвесь час падкрэсьлівала, што баіцца сьведчыць журналістам на камэру і дыктафон.

Спадарыня Вольга казала зь непадробным жахам у голасе: «Я баюся! Я баюся што прыйдзе сын былога камандзіра партызанскага атраду. Прыйдзе і мяне заб’е!».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG