Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне Каляды будуць святкаваць двойчы, як і ў Беларусі


Раство ў каталіцкай царкве, ілюстрацыйнае фота
Раство ў каталіцкай царкве, ілюстрацыйнае фота

Вярхоўная Рада Ўкраіны ўнесла зьмены ў Кодэкс законаў аб працы, згодна зь якімі 25 сьнежня, калі вернікі каталіцкіх ды пратэстанцкіх цэркваў Украіны адзначаюць Раство Хрыстова, стане сьвяточным і выходным днём, як і 7 студзеня.

Адпаведныя зьмены падтрымалі 238 з 331 дэпутатаў, прысутных у сэсійнай зале.

«Ёсьць краіны, якія двойчы сьвяткуюць Раство — Беларусь, Малдова, Лібан і Альбанія. Таму мы таксама можам сьвяткаваць і 25 сьнежня, і 7 студзеня. Але пры гэтым у праекце Працоўнага кодэксу, які амаль прыняты ў цэлым, зьяўляецца пункт аб выключэньні 2 траўня ў якасьці сьвяточнага непрацоўнага дня. Думаю, гэта было б правільна», — сказала старшыня парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях сацыяльнай палітыкі Людміла Дзянісава, прадстаўляючы законапраект.

Такім чынам, парлямэнтарыі Ўкраіны скасавалі сьвяточны і выходны дзень 2 траўня, а 1 траўня, які заўсёды адзначаўся як Дзень міжнароднай салідарнасьці працоўных, цяпер будзе адзначацца як Дзень працы і застанецца выходным.

Раней Украінскі інстытут нацыянальнай памяці ў рамках дэкамунізацыі прапанаваў адмовіцца ад сьвяткаваньня 8 сакавіка як Дня міжнароднай жаноцкай салідарнасьці і перайменаваць яго ў Дзень барацьбы за правы жанчын. Але пакуль што гэтая прапанова не зацьверджаная і 8 сакавіка па-ранейшаму застаецца ва Ўкраіне сьвяточным выходным днём.

Ад 2015 году ва Ўкраіне зьмянілі традыцыі сьвяткаваньня 9 траўня як Дня перамогі ў Другой усясьветнай вайне. Цяпер Украіна адзначае гэтыя падзеі разам з Эўропай 8 і 9 траўня — як Дні памяці і прымірэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG