У Крычаве кіраўніцтва Цэнтру творчасьці дзяцей і моладзі «Крэчут» вінавацяць у крадзяжы. Паводле сьледзтва, дырэктарка і яе намесьніца за два гады «незаконна завалодалі і выкарысталі на ўласны одум грашовыя сродкі дзяржаўных устаноў адукацыі на суму больш за 6000 рублёў».
Сьледчы камітэт імёнаў не называе, але паведамляе, што падазраваныя фіктыўна стваралі групы вучняў, расьпісвалі расклад заняткаў і на іх падставе вялі табэль уліку працоўнага часу, паводле якога налічваўся заробак. Такія махінацыі рабіліся цягам апошніх трох гадоў. Сьледзтва кваліфікавала іх як крадзеж шляхам злоўжываньня службовым становішчам.
Былая дырэктарка і яе намесьніца цяпер працуюць шараговымі мэтадыстамі ў цэнтры, якім кіравалі. Пагутарыць зь імі не ўдалося. Вядома, што дырэктарка дзіцячай установы Лаліта Сідарава шкоду дзяржаве сплаціла. Намесьніца дырэктаркі Вольга Міхно шукае сродкі, каб да суду разьлічыцца зь дзяржаваю. На маёмасьць абедзьвюх накладзены арышт.
Паведамленьне пра крымінальную справу супраць Сідаравай і Міхно зьявілася неўзабаве пасьля зьняцьця Лукашэнкам кіраўніка Крычаўскага райвыканкаму Васіля Сысоева. За адстаўку чыноўніка было сабрана больш як 400 подпісаў жыхароў раёну. Незадаволеныя грамадзяне даводзілі аблвыканкаму і дэпутатам райсавету, што Сысоеў не дае рады сваім абавязкам. За час, што ён кіруе раёнам, стан мясцовай эканомікі і сацыяльнай сфэры пачаў «пагаршацца імклівымі тэмпамі».
На незаконную дзейнасьць Лаліты Сідаравай і Вольгі Міхно органы крымінальнага перасьледу зьвярнулі ўвагу задоўга да адстаўкі Сысоева. І цяпер, паводле рэдактара крычаўскай газэты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага, службоўкі сталі ахвярамі намэнклятурных разборак. Тое, што названая сума шкоды дзяржаве адносна невялікая, ня мае ў «чыноўніцкіх войнах» істотнага значэньня.
«Чыноўніцкае асяродзьдзе не аднароднае. У ім ёсьць свае групоўкі, якія імкнуцца ўплываць на расстаноўку кадраў, а таксама шукаюць сабе „парасоны“ ў вышэйшых эшалёнах улады. Гэтыя групоўкі выкарыстоўваюць напрацаваны праваахоўнымі органамі кампрамат супраць сваіх апанэнтаў. Як, напрыклад, на Сідараву і Міхно», — кажа журналіст.
«Паколькі сыстэма ўлады закрытая, — дадае Няроўны, — то грамадзкасьць толькі назірае за тым, што адбываецца ў выканкамах. Людзям незразумелы сам мэханізм прызначэньня і здыманьня кіраўнікоў розных устаноў. У такой сытуацыі пасады займаюць прызначэнцы з сумнеўным прафэсійным узроўнем».
Што да карупцыі ва ўстановах адукацыі Крычаўскага раёну, то ў ліпені пад абвінавачваньне ў крадзяжы трапіла намесьніца галоўнага бухгальтара тамтэйшага каледжа. Падазраваная неаднаразова завышала сябе заробак і суму прэміяльных: за два гады больш як на пяць з паловай тысяч рублёў.