Афіцыйнай тэмай перамоваў заяўлена «разьвіцьцё стратэгічнага партнэрства паміж дзьвюма краінамі ў розных сфэрах», але міністар фінансаў РФ Антон Сілуанаў раней пацьвердзіў, што Вэнэсуэла ў верасьні зьвярнулася да Крамля менавіта з просьбай аб доўгу.
Гаворка ідзе, па-першае, пра крэдыт $ 2,2 млрд на пастаўку ўзбраеньня, які Расея ў 2011 годзе дала Вэнэсуэле на просьбу Каракасу. Да верасьня 2016 году, па дадзеных Падліковай палаты, частка доўгу была пратэрмінаваная і Расея рэструктуравала яе з адтэрміноўкай плацяжоў. Але Вэнэсуэла працягвала не плаціць па крэдыце і цяпер, калі Мадура і Пуцін не дамовяцца, краіне пагражае дэфолт. Падліковая палата Расеі прагназавала, што РФ не атрымае ад Вэнэсуэлы ў 2017 годзе прыкладна $ 1 млрд. плацяжоў, якія тая павінна была заплаціць.
Па-другое, апроч доўгу Расеі, размова на перамовах таксама можа ісьці аб даўгавых абавязацельствах дзяржаўнай нафтавай кампаніі PDVSA, абʼём якіх складае $ 35 млрд. Гэтая кампанія зьвязаная абавязкамі з расейскай «Раснафтай», якая ў жніўні 2017 году ўклала ў Вэнэсуэлу $ 6 млрд. у рамках угоды, якую экспэрты нафтавага рынку лічаць вельмі сумнеўнай і называюць «незваротнымі стратамі».
5 кастрычніка Мадура прыедзе ў Менск, дзе правядзе аналягічныя перамовы з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і адкрые помнік Сымону Балівару, а яшчэ праз дзень прыйдзе ў Стамбул і сустрэнецца з прэзыдэнтам Рэджэпам Эрдаганам. Экспэрты мяркуюць, што ён будзе казаць пра тое, як сумесна супрацьстаяць новым амэрыканскім санкцыям, прасіць аб выдачы новых крэдытаў, адтэрміноўку па ўжо існуючым і пастаўках тавараў народнага спажываньня па льготных цэнах.
*****
Да якога палітычнага і эканамічнага крызісу праўленьне Мадуры прывяло Вэнэсуэлу за апошнія некалькі гадоў, і як палітык пасварыўся практычна з усімі краінамі Захаду.
5 сакавіка 2013
Уга Чавес, кіруючы краінай практычна 13 гадоў, памёр пасьля некалькіх гадоў барацьбы з ракам. На працягу прэзыдэнцтва ён умацоўваў уласную ўладу, мяняў законы і Канстытуцыю краіны, каб забясьпечыць сабе перавыбраньне. Тым ня менш, ён карыстаўся падтрымкай шматлікіх вэнэсуэльцаў, асабліва, людзей з нізкім дастаткам.
Будучы ва ўладзе, ён нацыяналізаваў многія замежныя кампаніі, у тым ліку буйныя нафтавыя актывы. Нафта была апорай папулісцкага рэжыму Чавэса.
У гэты ж дзень
Выконваючым абавязкі, а неўзабаве прэзыдэнтам краіны стаў Нікалас Мадура. Чавес назваў яго сваім пераемнікам пасьля перамогі на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах за некалькі месяцаў да сваёй сьмерці.
Мадура, у мінулым кіроўца аўтобуса, быў прэзыдэнтам Нацыянальнай асамблеі, міністрам замежных спраў і віцэ-прэзыдэнтам Вэнэсуэлы.
Лістапад 2014
У адказ на самыя нізкія за апошнія некалькі гадоў цэны на нафту, Мадура абвясьціў аб скарачэньні дзяржаўных выдаткаў на 20%. У краіне, дзе 96% даходаў ад экспарту складае продаж нафты, ужо некаторы час назіраўся эканамічны спад і недахоп асноўных тавараў.
Вэнэсуэльцы, якім скарацілі зарплаты і пэнсіі, пачалі выходзіць на антыўрадавыя пратэсты.
Сьнежань 2015
Апазыцыя ўпершыню за некалькі гадоў выйграе большасьць месцаў у Нацыянальнай асамблеі Вэнэсуэлы, заканадаўчым органе краіны. Партыя Чавэса (якую затым узначаліў Мадура) страціла большасьць упершыню з моманту свайго стварэньня.
Студзень 2016
З прычыны далейшага падзеньня даходаў дзяржбюджэту Мадура абвясьціў у краіне надзвычайную эканамічную сытуацыю. Цэнтральны банк паведаміў, што за дзевяць першых месяцаў 2015 году эканоміка краіны скарацілася на 4,5%. Інфляцыя склала 141,5% — на той момант найгоршы паказчык у сьвеце.
60-дзённы рэжым надзвычайнай сытуацыі даваў Мадуру больш шырокае права ўмешвацца ў вядзеньне бізнэсу або абмяжоўваць доступ да валюты.
1 верасьня 2016
У Каракасе прайшоў адзін з самых маштабных пратэстаў за больш чым дзесяцігодзьдзе. Журналісты пісалі аб некалькіх сотнях тысяч дэманстрантаў, вэнэсуэльская апазыцыя казала пра мільён.
Мітынгоўцы патрабавалі адстаўкі Мадуры. Многія скардзіліся на недахоп базавых тавараў, ежы, мэдыкамэнтаў і беспрацоўе.
30 сакавіка 2017
Вярхоўны суд Вэнэсуэлы, членаў якога называюць ляяльнымі да Мадуры, распусьціў Нацыянальную асамблею (парлямэнт), якая знаходзіцца ў апазыцыі да прэзыдэнта. Вярхоўны суд узяў абавязкі парлямэнта на сябе. Рашэньне пацягнула новую хвалю антыпрэзыдэнцкіх пратэстаў, а экспэрты казалі пра тое, што Мадура ператвараецца ў дыктатара.
1 красавіка 2017
Вярхоўны суд заявіў, што перагледзіць сваё рашэньне, але пратэсты ўсё роўна працягнуліся.
16 ліпеня 2017
Апазыцыя арганізавала неафіцыйны рэфэрэндум, у якім, па дадзеных экспэртаў, прынялі ўдзел больш за сем мільёнаў вэнэсуэльцаў (усяго ў краіне больш за 31 мільён грамадзян).
98 адсоткаў прагаласаваўшых выказаліся супраць ідэі Мадуры склікаць Канстытуцыйную асамблею (гэты орган валодаў бы большай уладай, чым любыя іншыя органы краіны). Удзельнікі рэфэрэндуму таксама прагаласавалі за тое, каб вэнэсуэльскія войскі абаранялі канстытуцыі краіны, і за правядзеньне датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў.
Мадура назваў рэфэрэндум нелегітымным і не прызнаў яго вынікаў.
30 ліпеня 2017
Мадура правёў галасаваньне ў Канстытуцыйную асамблею. Сярод больш чым 500 новаабраных членаў органа шмат паплечнікаў Мадуры, напрыклад, яго жонка.
Апазыцыя рэфэрэндум байкатавала. Але, па афіцыйных дадзеных, у галасаваньні ўзялі ўдзел больш за восем мільёнаў грамадзян. (Кампанія, якая дала Вэнэсуэле машыны для галасаваньня, заявіла, што ўрад перабольшыў яўку як мінімум на мільён.)
Галасаваньне суправаджалася беспарадкамі і гвалтам: за некалькі дзён да і пасьля рэфэрэндуму загінулі больш за сто чалавек.
Жнівень 2017
Пасьля рэфэрэндуму і жорсткага разгону пратэстаў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп наклаў на Мадуру і вэнэсуэльскую эканоміку новыя санкцыі і прапанаваў зрабіць тое ж самае краінам ЭЗ. Санкцыі перш за ўсё тычацца доступу вэнэсуэльскіх кампаній на сусьветныя фінансавыя рынкі і забараняюць гандляваць у ЗША бондамі дзяржаўнай нафтавай кампаніі PDVSA. Таксама яны абмяжоўваюць амэрыканскае падразьдзяленьне гэтай нафтавай кампаніі ад адпраўкі дывідэндаў і іншых выплат галаўной кампаніі, што зьяўлялася важнай крыніцай валютных паступленьняў для вэнэсуэльскіх уладаў.
Спачатку Мадура прыгразіў ЗША ваенным адказам, аднак пазьней зьмяніў рыторыку і паабяцаў, што ў пачатку 2018 гадоў у краіне пройдуць выбары губэрнатараў і муніцыпальныя выбары. Гэта заява павінна была паказаць сьвету, што ён не зьяўляецца аўтарытарным кіраўніком, але пакуль адміністрацыя ЗША санкцыі здымаць не зьбіраецца.