Афіцыйна вінаватыя гэтай катастрофы да гэтага часу не ўстаноўлены, і іх імёны не названыя. Аднак паводле апошніх высноваў Міжнароднай сьледчай групы крыміналістаў (J.I.T.) пад кіраўніцтвам пракуратуры Галяндыі, «Боінг» а 16.20 мясцовага часу быў зьбіты ракетай тыпу 9M38 з баявой часткай 9N314M, якія выкарыстоўваюцца ў ракетных устаноўках «Бук» расейскай вытворчасьці ў небе над Данецкай вобласьцю (абломкі ракеты былі выяўленыя на месцы катастрофы).
Украіна, Міжнародная група крыміналістаў (J.I.T.) і экспэрты Bellingcat сьцьвярджаюць, што «Боінг» быў зьбіты ракетай, выпушчанай з расейскай устаноўкі «Бук» з тэрыторыі сэпаратыстаў. Пры гэтым устаноўкай, з высокай верагоднасьцю, кіравалі расейскія ваенныя, і яна была прывезена з Расеі ва Ўкраіну незадоўга да катастрофы. Расея гэтую вэрсію катэгарычна адмаўляе і адмаўляецца супрацоўнічаць зь Міжнароднай сьледчай групай як у расьсьледаваньні інцыдэнту, так і ў перасьледзе вінаватых у Міжнародным трыбунале.
У панядзелак, у трохгадовую гадавіну з дня катастрофы «Боінга» побач з амстэрдамскім аэрапортам Схіпхол кароль Нідэрляндаў Вілем-Аляксандр і каралева Максіма адкрыюць манумэнт памяці ахвяр трагедыі рэйса MH-17. Ён уяўляе сабой лес з 298 дрэваў з таблічкамі зь імёнамі загінулых пасажыраў і экіпажа «Боінга».
Таксама ў Гаазе недалёка ад амбасады Расеі была ўстаноўлена спэцыяльная памятная лаўка ў памяць пра ахвяраў катастрофы МН-17.
На лаўцы прымацаваная таблічка: «Мы чакаем поўнай яснасьці ў справе і ўстанаўленьня таго, хто за гэта нясе адказнасьць: памяці ўсіх 298 загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажа рэйса MH-17. Чалавечнасьць вышэй за палітыку» (апошняя фраза напісаная на расейскай мове.