Згодна з пастановай (PDF) Савету міністраў Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь мае накіраваць у 2017 годзе 1,15 млрд беларускіх рублёў (620 млн даляраў па курсе на момант публікацыі) на фінансаваньне дзяржаўных праграмаў.
У дакумэнце апісваецца, што 447,3 млн рублёў пойдуць на новыя інфраструктурныя праекты ў Нацыянальным аэрапорце «Менск», праекты Менгарвыканкаму і Ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Ўзброеных сілаў і дырэкцыю будаўніцтва Міністэрства спорту, яшчэ 17 млн рублёў дадуць Берасьцейскаму гарадзкому ЖКГ. Якая частка грошай пойдзе на кожны праект, не ўдакладняецца.
На што менавіта пойдуць 689,58 млн рублёў дырэктыўнага крэдытаваньня, не гаворыцца наўпрост: даецца спасылка на ранейшую пастанову Саўміну аб крэдытаваньні дзяржаўных праграмаў (PDF), у якую ў сакавіку былі ўнесеныя нязначныя зьмены (PDF).
Цяперашняя сума дырэктыўных крэдытаў амаль удвая меншая, чым закладзеная на 2017 год. У праграме дырэктыўнага крэдытаваньня прапісаныя толькі ліміты на дырэктыўнае крэдытаваньне для кожнай паасобнай праграмы.
Калі браць агульны ліміт дырэктыўнага крэдытаваньня за 100%, то 45% прадугледжана на аграпрамысловы комплекс; яшчэ 12,3% — на інавацыйныя праекты ў АПК; 13,5% — на крэдытаваньне арганізацыяў, якія рэалізуюць інфраструктурныя праекты; 14,2% — на крэдытаваньне ў межах рашэньняў Саўміну і Аляксандра Лукашэнкі (5,2% на «закуп сучаснай тэхнікі і абсталяваньня», 2,8% — на «разьвіцьцё паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласьці», яшчэ 6,1% — на іншыя неназваныя праграмы); 11,5% — на праграмы будаўніцтва жытла; 3,25% — на крэдытаваньне фізычных асобаў паводле рашэньняў Аляксандра Лукашэнкі.
Ці будуць адпавядаць цяперашнія сумы дырэктыўных крэдытаў долям праграмаў у вызначаных лімітах, невядома.
Дырэктыўным звычайна называецца такое крэдытаваньне, калі, акрамя грошай з банку, крэдытаатрымальнік карыстаецца нейкай падтрымкай з боку дзяржавы.