Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве баяцца, што праз палёты беларускіх аэрастатаў з кантрабандай міжнародныя авіякампаніі зьменшаць супрацу з аэрапортамі краіны


Віленскі аэрапорт
Віленскі аэрапорт

У авіяцыйнай асацыяцыі заяўляюць, што ўрад краіны не прыняў апэратыўных захадаў, каб выправіць становішча.

Існуе рызыка таго, што авіякампаніі, якія выконваюць рэйсы ў Літву і зь яе, могуць перагледзець свае расклады з прычыны пэрыядычнага закрыцьця паветранай прасторы, паведаміла Delfi старшыня кіраўніцтва Асацыяцыі грамадзянскай авіяцыі (CAVIA) Інга Дуглас.

Нестабільнасьць працы аэрапортаў, на думку Дуглас, можа паўплываць на шэраг кампаній, якія могуць пакінуць Літву.

Крыніца Delfi паведаміла, што авіякампаніі маглі зазнаць стратаў у памеры ад 1 да 5 мільёнаў эўра праз шматразовае закрыцьцё паветранай прасторы ў Літве толькі на мінулым тыдні. Кіраўніца CAVIA прызнала, што такія лічбы рэалістычныя, бо страты сапраўды могуць дасягнуць мільёнаў.

Перад тым, як даваць авіякампаніям субсыдыі, трэба вырашыць праблему з аэрастатамі, лічыць Дуглас.

«Нельга забываць, што гаворка ідзе пра збоі ў найбуйнейшым аэрапорце Літвы. Калі рух перанакіроўваецца ў аэрапорты, якія не падрыхтаваныя да такіх аб’ёмаў, гэта каштуе ім значна даражэй, чым тым, якія гатовыя іх прыняць. У нас будзе яшчэ не адна дыскусія пра фінансавую шкоду», — разважае суразмоўца.

Яна таксама скрытыкавала ўрад, які сабраў паседжаньне толькі ў панядзелак, калі да таго тры дні запар праблема паўтаралася.

Прэзыдэнт Літоўскай канфэдэрацыі прамыслоўцаў Відмантас Янулявічус раней напісаў у сваім акаўнце ў Facebook, што паўтарэньне інцыдэнтаў з пралётам аэрастатаў павялічвае рызыку плянаваньня і зьніжае давер інвэстараў. Ён дадаў, што за апошнія 5 гадоў кошт новых праектаў простых замежных інвэстыцый у Літве зьнізіўся больш як у 16 разоў.

На мінулым тыдні праца Віленскага аэрапорту чатыры разы спынялася праз мэтэаралягічныя шары з кантрабандай, якія заляталі на тэрыторыю Літвы. Прыпынялася і праца Ковенскага аэрапорту. У адказ на правакацыі ўлады вырашылі закрыць два пакінутыя памежныя пераходы зь Беларусьсю на нявызначаны тэрмін, а таксама было абвешчана, што вайскоўцы прымуць меры па зьбіцьці шароў. Некаторыя зь дзеяньняў, якія вырашыў прадпрымаць урад, не раскрываюцца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG