Гэта вынікае зь ліста ў адрас кіраўніцтва расейскага цэнтру Transparency international — R, якое дасылала адпаведны запыт.
Раней Цэнтар кіраваньня расьсьледаваньнямі паведаміў аб прыкметах неўрэгуляванага канфлікту інтарэсаў у Данкверта: сам ён валодае далямі ў некалькіх сельскагаспадарчых прадпрыемствах, а ягоная дачка ўваходзіць у раду дырэктараў аграхолдынгу «Агроплемсоюз», які падпадае ў сфэру рэгуляваньня ведамства. У ліку актываў Данкверта і ягнай сям’і таксама згадваліся кампаніі «ДомСтрой», «Стандарт плюс», паляўнічая гаспадарка «Азёрны» ды іншыя.
З гэтай нагоды прэсавая служба «Рассельгаснагляду» распаўсюдзіла адказ, у якім паведамляецца: актывы Данкверта дасталіся яму ад бацькі, усе акцыі і доля ўдзелу ў статутным капітале арганізацый у максымальна кароткія тэрміны былі перададзеныя ў даверчае кіраваньне.
«Парушэньняў забароны на ўдзел названай службовай асобы ў дзейнасьці гаспадарчых суб’ектаў ня выяўлена, паколькі долі ў статутных капіталах перададзеныя ў даверчае кіраваньне ў вызначаным законам парадку», — гаворыцца ў адказе Генпракуратуры на просьбу праверыць магчымы канфлікт інтарэсаў Сяргея Данкверта ў дачыненьні да ягонай пасады.
Абмеркаваньне гэтага пытаньня актывізавалася пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць распачаць супраць кіраўніка «Рассельгаснагляду» крымінальную справу «за нанясеньне шкоды беларускай дзяржаве». Ён матываваў гэта нібыта асабістай зацікаўленасьцю Данкверта ў абмежаваньні паставак беларускай прадукцыі і нават распарадзіўся арыштаваць чыноўніка, калі ён зьявіцца ў Беларусі.
Між тым, як сьцьвярджае Генпракуратура, ужытыя «Рассельгаснаглядам» абмежавальныя захады накіраваныя выключна на недапушчэньне парушэньняў расейскага заканадаўства: «Рашэньне „Рассельгаснагляду“ аб увядзеньні часовых абмежаваньняў на пастаўкі ў Расею субпрадуктаў з прадпрыемстваў Менску і вобласьці не накіравана на абмежаваньне канкурэнцыі сярод сельгасвытворцаў і на стварэньне асобных прэфэрэнцый канкрэтнай арганізацыі», — гаворыцца ў лісьце нагляднага органу.
Сам Данкверт назваў заявы Лукашэнкі ўціскам ня толькі на яго асабіста, але і на службу ў цэлым. Паводле яго, прэтэнзіі да беларускай прадукцыі зьвязаныя выключна з парушэньнем яе вытворцамі расейскіх патрабаваньняў і невыкананьнем тэхрэглямэнтаў Мытнага саюзу.