Кіраўнік «Рассельгаснагляду» Сяргей Данкверт у інтэрвію маскоўскай газэце «Известия» сказаў, што паміж Расеяй і Беларусьсю няма «харчовай вайны», а таксама распавёў пра крымінальную справу, якую супраць яго загадаў распачаць Аляксандар Лукашэнка, і пашкадаваў, што Расея закрыла пастаўкі толькі з 20 беларускіх прадпрыемстваў.
Сярод іншага Данкверт адказаў, як ідзе расьсьледаваньне ў крымінальнай справе, на завядзеньні якой настойваў Лукашэнка:
«На сёньняшні дзень яны праводзяць нейкія свае мерапрыемствы. Даслалі запыт у Генпракуратуру. Генпракуратура даслала іх пытаньні мне. Я на гэтыя пытаньні даў каманду адказаць. Там пытаньні пастаўленыя так: як вы закрывалі тое ці іншае прадпрыемства? Таму, калі пракуратура будзе разьбірацца ў гэтай справе непрадузята, адзіная прэтэнзія, якая можа да мяне паўстаць, — што я мала закрыў беларускіх прадпрыемстваў і шмат давяраў беларускаму боку. Таму што парушэньняў выяўлена значна больш».
Наконт сваіх сумневаў у бясьпецы паездак у Беларусь для сваіх супрацоўнікаў Данкверт адказаў:
«Нашы інспэктары, якія там працавалі, яшчэ тры гады таму прасілі мяне не пасылаць іх у Беларусь праз нездаровае становішча там. Інспэктары баяцца правакацыяў. Калі кіраўнік рэспублікі робіць такія заявы, то што могуць зрабіць з простым інспэктарам? Потым даказвай, што ты ня згвалціў кагосьці ў гатэлі і не прывёз паўтоны марыхуаны з сабой. Як гэта даказаць у чужой дзяржаве?»
Данкверт прызнаў, што Расея закрыла пастаўкі з 20 беларускіх прадпрыемстваў з 600, якія экспартуюць у Расею мяса і малако.
«Сотні беларускіх фураў штодня перасякаюць расейскую мяжу. Так што ніякай гандлёвай вайны няма.
Калі Беларусь прыме рашэньне нешта не пастаўляць, гэта іх права. У нас простыя патрабаваньні: пастаўляйце прадукцыю бясьпечную і адпаведную тым дакумэнтам, якія вы пішаце. Усяго толькі. Але як мы можам дазваляць пастаўкі, калі вы везяце ўкраінскую прадукцыю, а кажаце, што яна беларуская? Была б іншая краіна, а не Беларусь, мы б даўно закрылі наогул усе пастаўкі. Проста закрылі б усё: мяса, гародніну і садавіну.
Прадукцыі зь Беларусі паступае да нас вялікая колькасьць. І той аб’ём, які мы адлоўліваем, — добра калі 10%. Мы цяпер закрылі Менскую вобласьць для таго, каб беларускі бок разабраўся і зрабіў захады. Але нічога ня робіцца. І я не выключаю, што за Менскай вобласьцю мы закрыем пастаўкі яшчэ зь якой-небудзь, дзе выявім кантрафакт або кантрабанду».
***
«Харчовая вайна» паміж Расеяй і Беларусьсю абвастрылася ў пачатку 2017 году. Падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» 3 лютага Лукашэнка выказаўся наконт прэтэнзіяў Масквы да беларускіх прадуктаў і нават паабяцаў распачаць крымінальную справу супраць кіраўніка Рассельнаснагляду Сяргея Данкверта за «нанясеньне шкоды дзяржаве».
З 4 па 6 лютага 2017 году «Рассельгаснагляд» у Бранскай і Смаленскай абласьцях забараніў увоз больш як 37 тон ялавічыны зь беларускіх мясакамбінатаў у Любані і Магілёве.
З 6 лютага Рассельгаснагляд увёў часовыя абмежаваньні на пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з усіх прадпрыемстваў Менскай вобласьці Беларусі, а таксама некаторых з Магілёўскай вобласьці. Сярод прычын называліся падазрэньні ў тым, што беларускія прадпрыемствы прадаюць у Расею мяса ўкраінскага паходжаньня.
8 лютага Рассельгаснагляд паведаміў, што ў студзені на мяжы спынены ўвоз зь Беларусі ў Расею больш як 40 партыяў малочнай і мясной прадукцыі беларускага паходжаньня.
9 лютага Рассельгаснагляд распаўсюдзіў заяву пра адкладаньне візыту сваіх спэцыялістаў у Беларусь, якія меліся праверыць месцы захоўваньня і вытворчасьці расьліннай прадукцыі. Прычына адкладаньня візыту — магчымыя «правакацыйныя дзеяньні зь беларускага боку».
14 лютага Рассельгаснагляд пашырыў сьпіс беларускіх прадпрыемстваў, якім абмежаваная пастаўка прадукцыі ў Расею.