Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Заяц не задаволены, што Расея правярае беларускіх вытворцаў, а Беларусь — не


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Беларусь хоча праінспэктаваць расейскіх вытворцаў». Пра гэта ў праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1» заявіў кіраўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Леанід Заяц.

Чыноўнік нагадаў, што ад 2 траўня ў Беларусі пачала працаваць чарговая група экспэртаў «Рассельгаснагляду». Яны правяраюць прадпрыемствы, прадукцыя якіх забароненая ў Расеі — найперш праз падазрэньні ў выкарыстаньні сыравіны з краінаў, якія фігуруюць у санкцыйным сьпісе Масквы, а таксама з прычыны прэтэнзій да якасьці.

«Мы таксама хочам пабываць на расейскіх прадпрыемствах, у тым ліку малочных, каб паглядзець, як там пастаўлена праца, — зазначыў Леанід Заяц. — На жаль, такіх запрашэньняў і пажаданьняў з расейскага боку пакуль чамусьці няма».

Міністар пакрыўдзіўся, што Расея «ня хоча чуць» беларускіх партнэраў. Паводле яго, аргумэнты кіраўніка «Рассельгаснагляду» Сяргея Данкверта пра «невыносныя ўмовы» не вытрымліваюць ніякай крытыкі:

«Падстаў не было ніякіх. Мы законапаслухмяныя людзі. Мэханізм працы не зьмяніўся. Працуем з тымі службамі, зь якімі працавалі дагэтуль. Хацелася б, вядома, каб гэтыя службы чулі сваіх партнэраў, чулі Рэспубліку Беларусь».

Напачатку лютага Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў дачыненьні да Сяргея Данкверта варта распачаць крымінальную справу. У адказ на гэта расейскі чыноўнік рэкамэндаваў беларускаму лідэру не шукаць вінаватых, а «узяць і навесьці парадак на сваіх перапрацоўчых заводах».

Неўзабаве Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі заявіла, што распачало сьледчую праверку з нагоды прыкметаў дыскрэдытацыі дзелавой рэпутацыі беларускіх прадпрыемстваў з боку кіраўніка «Рассельгаснагляду».

У сваю чаргу Сяргей Данкверт заявіў, што ўстрымаецца ад паездак у Беларусь, паколькі асьцерагаецца за ўласную бясьпеку. Затое спэцыялісты ведамства зьяўляюцца тут рэгулярна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG