Наша цела залежыць ад гэтага мінэралу. Соль важная для рэгуляваньня крывянога ціску і перадачы нэрвовых імпульсаў.
Дагэтуль мэдыкі думалі, што калі мы зьядаем больш солі, мы пачынаем больш піць вады, каб растварыць соль і падтрымліваць яе канцэнтрацыю на нармальным узроўні, а лішак солі ўрэшце выйдзе з мачой.
Аднак, як піша Джына Колаты ў газэце The New York Times гэтая тэорыя, цалкам зразумелая і прывычная, можа быць памылковаю.
Дасьледаваньні, праведзеныя падчас мадэляваньня касьмічных палётаў у ізаляваных памяшканьнях, выявілі, што соль павялічвае ня смагу, але апэтыт. Наступныя экспэрымэнты на мышах паказалі, што жывёлы спальвалі больш калёрый, калі атрымлівалі больш солі. Каб толькі падтрымаць уласную вагу, мышам спатрэбілася есьці на 25 адсоткаў больш!
Вынікі дасьледаваньняў нямецкіх і амэрыканскіх навукоўцаў, праведзеных з дапамогай расейскіх касманаўтаў, былі апублікаваныя ў часопісе Clinical Investigation. Яны супярэчаць звычайнаму погляду на перапрацоўку солі нашым арганізмам і паказваюць, што высокія ўзроўні солі могуць прыводзіць да страты вагі. Гэта выклікала ў мэдыкаў сапраўдны шок, асабліва ва ўролягаў: вось як, аказваецца, працуе гэты мэханізм!
Экспэрымэнты на мышах паказалі, што арганізм мае ўласны спосаб здабыцьця вады: пры спажываньні падвышанага ўзроўню солі ў нашым целе расьце ўзровень глюкакартыкоідных гармонаў, якія разбураюць тлушчы і мышачныя бялкі, у выніку чаго вызваляецца вада. Каб кампэнсаваць гэтую страту, жывёлы ядуць больш.
Глюкакартыкоіды ўплываюць на мэтабалізм і імунную функцыю чалавека. Але вялікая іх колькасьць у арганізьме можа быць адказная і за дыябэт, і за атлусьценьне, і за сардэчна-судзінныя хваробы. Так што ў галоўным падыходы мэдыкаў не зьмяніліся: зашмат есьці солі ня варта.