Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагаворым пра мёд


Прадукт гэты мае пэўную аўру народнага леку. Зь іншага боку, навукоўцы кажуць, што мёд у сэнсе эфэкту для нашага арганізму — роўны цукру. Паспрабуем разабрацца.

Практычна ўвесь мёд паходзіць з нэктару — соку, які вытвараецца асобнымі групамі клетак расьлін, так званымі нэктарнікамі. Нэктар ўяўляе сабой водны раствор цукроў, амінакіслот, кіслот, пратэінаў, ліпідаў, мінэралаў і біяактыўных кампанэнтаў. Дакладны склад нэктару істотна вар’іруецца ў залежнасьці ад віду расьлін і ўмоў навакольнага асяродзьдзя. Напрыклад, агульнае ўтрыманьне цукру можа быць ў дыяпазоне ад 5 да 80 адсоткаў нэктару. Тыпы цукроў могуць таксама адрозьнівацца. У многіх нэктарах цукроза зьяўляецца асноўным або эксклюзіўным цукрам, у той час як у некаторых нэктарах цукроза, глюкоза, і фруктоза прысутнічаюць у прыкладна роўных колькасьцях.

Дакладны склад нэктару мае пэўны ўплыў на смак і якасьць мёду. Хоць і немагчыма прымусіць пчол наведваць канкрэтныя крыніцы нэктару, часта бортнікі ўсталёўваюць вульлі побач зь вялікай высадкай аднаго канкрэтнага віду расьлін, напрыклад, канюшыны, грэчкі або ліпы. Тады пчолы зьбіраюць нэктар пераважна з гэтых расьлін. Такі мёд можа законна называцца «канюшынавы мёд», або «грэцкі мёд», або, адпаведна, «ліпавы мёд».

Пчолы маюць складаную анатомію, якая дазваляе ім вырабляць мёд. На характарыстыкі мёду, акрамя якасьці самога нэктару, уплывае таксама ўнутраны працэс вытворчасьці мёду пчоламі: колькі пчол прапускаюць яго праз свой арганізм, працягласьць праветрываньня мёду у вульлі і гэтак далей.

Мёд складаецца з цукроў (каля 76%), вады (18%) і іншых інгрэдыентаў. Цукры, натуральна, надаюць мёду салодкасьць, а вада робіць яго адносна вадкім. Асноўныя цукры ў мёдзе — фруктоза і глюкоза, таксама як і ў сталовым цукры. Аднак, у цукры глюкоза і фруктоза зьвязаны паміж сабой, а ў мёдзе яны паасобку. Таму цукры зь мёду мэтабалізуюцца хутчэй.

Што ведаюць навукоўцы?

Дакладна вядома, што ўжываньне мёду ў ежу станоўча адбіваецца на нашай кішэчнай мікрафлёры. Гэта значыць, павялічваецца рост добрых бактэрый: Lactobacillus acidophilus, Bifidobacterium bifidum, Streptococcus thermophilus, B. longum, B. adolescentis, B. breve, B. bifidum і B. Infantis. Гэтымі ўласьцівасьцямі мёд абавязаны наяўнасьці алігасахарыдаў — складаных вугляводаў, пра якія вядома, што яны дабратворна ўплываюць на рост добрых бактэрый у кішэчніку.

Мёд зьмякчае боль у горле і кашаль у дзяцей і дарослых. Мёд (калі наносіць яго на скуру) паскарае загойваньне шнараў і язваў на скуры.

Мёд для дыябэтыкаў — лепш за цукар?

Глікемічны індэкс мёду — 55, у той час як глікемічны індэкс сталовага цукру — 70. Глікемічны індэкс — гэта паказчык ўплыву прадуктаў харчаваньня пасьля іх ужываньня на ўзровень глюкозы ў крыві. То бок глюкоза ў кроў пасьля мёду паступае павальней, чым пасьля цукру. Аднак усё роўна глікемічны індэкс мёду досыць высокі. Да таго ж, зразумела, мёд — гэта чыстыя вугляводы. Таму злоўжываць мёдам дыябэтыкам ня трэба. Дарэчы, навуковыя дасьледаваньні пра ўплыў замены цукру мёдам ў рацыёне дыябэтыкаў не прыйшлі да станоўчых вынікаў. То бок, доказаў таго, што мёд нашмат лепшы ў гэтым сэнсе за цукар — няма.

Некалькі цікавых фактаў

Мёд утрымлівае многія вітаміны і мінэралы, але у нязначных колькасьцях.

На грэцкім востраве Ікарыя, які вядомы сваёй колькасьцю доўгажыхароў, мёд разглядаецца як панацэя. На Ікарыі яго выкарыстоўваюць для ўсяго, ад лячэньня ран і грыпу да пазбаўленьня ад пахмельля. Старыя людзі пачынаюць свой дзень з лыжкі мёду.

Пропаліс — гэта пчаліны клей. Ён выкарыстоўваецца для ўладкаваньня жыльля пчол.

Пярга — гэта пылок, які пчолы апрацавалі сваёй сьлінай і закансэрвавалі ў мёдзе.

Маткавае малачко вырабляюць пчолы, якія не вылятаюць з вульля. Маткавае малачко трэба сям’і для кармленьня лічынак пчол і трутняў, а таксама для харчаваньня каралевы пчол — маткі.

Увага: мёд і дзіцячы батулізм

Дзіцячы батулізм зьяўляецца нэрвова-паралітычным захворваньнем, патэнцыйна небясьпечным для жыцьця. Нягледзячы на тое, што застаецца незразумелым, як батулатаксыны знаходзіць свой шлях у мёд, вядома, што іх можна знайсьці ў вулеі. Таму рэкамэндуецца на даваць мёд дзецям, якім менш за год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG