Малітву па бязьвінна загінулых прамовіў сьвятар грэка-каталіцкай канфэсіі айцец Зьміцер, а маліліся зь ім разам віцебскія актывісты, пераважна ўдзельнікі ініцыятывы «Хайсы́», названай паводле вёскі ў Віцебскім раёне.
Каля гэтай вёскі яшчэ ў 2014 годзе былі знойдзены чалавечыя парэшткі: косткі і чарапы ляжалі каля раскапаных ямаў. На думку відавочцаў, там «пагаспадарылі» так званыя «чорныя капальнікі»: яны шукалі каштоўнасьці, а чалавечыя косткі былі ім без патрэбы...
Увесну 2017-га ў тым самым лесе мясцовыя жыхары знайшлі яшчэ некалькі раскапаных ямаў з чалавечымі парэшткамі. Яны зьвярнуліся ў міліцыю, а ўдзельнікі ініцыятывы «Хайсы» — да мясцовых уладаў. Актывісты патрабавалі, каб у гэтыя мясьціны запрасілі навукоўцаў. Аднак пару тыдняў таму тут зьявіліся вайскоўцы з 52-га адмысловага батальёну. Іхная прафэсійная задача — эксгумацыя парэшткаў загінулых падчас вайны.
Віцебскія актывісты сумняюцца ў праўдзівасьці высноваў вайсковых археолягаў, якія працавалі каля Хайсоў мінулым разам, у 2015 годзе. Куды больш яны давяраюць аповедам і ўспамінам старажылаў, якія сьведчаць, што ў гэтым лесе ў 1938-39-х гадах расстрэльвалі мірных жыхароў.
Напярэдадні Радаўніцы ў гэтым «расстрэльным» лесе прагучаў малебен за тых, чые косткі дагэтуль ляжаць каля раскапаных ямаў. Костак значна паменшала ў параўнаньні з тым, як было тут раней. Відавочна, частку парэшткаў і фрагмэнтаў адзеньня сабралі вайскоўцы-пашукавікі, раскапаўшы глыбей жоўты жвір і леташняе лісьце.
Аднак у лесе відаць і новыя прыкметы дзеяньняў «чорных капальнікаў» — у той частцы, дзе невядомыя пахаваньні былі знойдзеныя ў 2014-м. Цяпер там зьявіліся новыя шурфы — невялікія ямы, якія рыюць, каб працаваць з мэталашукальнікам на глыбіні. Хаця на марадэрства ў лесе актывісты не аднойчы зьвярталі ўвагу мясцовых уладаў, тыя не зрабілі належных захадаў дзеля аховы тэрыторыі масавых пахаваньняў.
Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы» імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб гэтыя мясьціны сталі мэмарыяльнымі. Яны працягваюць зьбіраць сьведчаньні пра сталінскія расстрэлы, некалькі разоў на год прыбіраюць вакол крыжоў, усталяваных у памяць пра невядомых ахвяраў.