Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курапаты як завяршэньне ХХ стагодзьдзя


Мэмарыял у Курапатах -- народны ці дзяржаўны
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:35:51 0:00

Мэмарыял у Курапатах — народны ці дзяржаўны? Помнік — знак паразуменьня ці смутку? Ці трэба ісьці на супрацу з уладамі дзеля Курапатаў? Гэтыя тэмы абмяркоўваюць Аляксандар Лукашук, Сяргей Навумчык і Ганна Соўсь.

«Каб мэмарыяльны патэнцыял Курапатаў запрацаваў для будучыні Беларусі»

Ганна Соўсь: Пасьля чарговай абароны Курапатаў улады зрабілі з аднаго боку нечаканы, а з другога боку доўга чаканы крок. Абвясьцілі конкурс на стварэньне помніку ахвярам, якія былі забітыя ва ўрочышчы пад Менскам. Яшчэ ў студзені 1989 году пастановай Савету міністраў БССР было прынятае рашэньне ўсталяваць у Курапатах помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій 1937-41 гадоў, пра што на закладным камяні на курапацкай галгофе сьведчыць надпіс на адпаведнай таблічцы. Найперш я хачу запытацца Аляксандра Лукашука, аўтара сцэнару фільму «Дарога на Курапаты», дасьледчыка гісторыі палітычных рэпрэсій, сябра «Камітэту 58» — «Мартыралёгу Беларусі», члена камісіі Вярхоўнага Савету 12 скліканьня па правах ахвяраў палітычных рэпрэсій, аўтара кнігаў «Зьдзек», «За кіпучай чэкісцкай работай», «Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста». Ці патрэбны адмысловы помнік ці цяперашнія тысячы крыжоў, якія шмат гадоў усталёўвалі ў Курапатах актывісты і шараговыя людзі — гэта і ёсьць найлепшы помнік, сапраўдны Народны мэмарыял?

патрэбна разумнае будаўніцтва

Аляксандар Лукашук: Першы помнік Курапатам — гэта публікацыя ў газэце «ЛіМ» Яўгена Шмыгалёва і Зянона Пазьняка, якая і прывяла да стварэньня цяперашняга Народнага мэмарыялу. Тое, што ёсьць, гэта аснова мэмарыялу, але не завяршэньне. Мы ведаем міжнародны досьвед ушанаваньня памяці ахвяраў рэпрэсій, напрыклад, у Лацінскай Амэрыцы пасьля панаваньня хунты ў Чылі і Аргентыне, у Паўднёвай Афрыцы пасьля апартэіду, у Гішпаніі пасьля Франка. Адказ адзін — гэта працэс. І гэты працэс, канечне, уключае ў сябе мэмарыялізацыю гэтага месца, але на гэтым ён не спыняецца. Павінна адбыцца грамадзкае абмеркаваньне, судовы ці люстрацыйны працэс, калі гэта адбываецца адразу па сьлядах нейкага злачынства. Павінна быць інфармацыйнае забесьпячэньне, вывучэньне і доступ да гэтай інфармацыі. Калі казаць канкрэтна пра Курапаты, тут справа ня столькі ў самім помніку, таму што помнік як бы ёсьць, колькі ў тым, што трэба яшчэ зрабіць. Трэба выразна пазначыць межы. Трэба стварыць інфармацыйны комплекс побач, як напрыклад, у Катыні. Нават простыя рэчы, пляцоўка, куды могуць прыехаць экскурсійныя аўтобусы і запаркавацца, там павінна быць вада, прыбіральня. Іншымі словамі патрэбна разумнае будаўніцтва, каб мэмарыяльны патэнцыял Курапатаў запрацаваў для будучыні Беларусі.

Ганна Соўсь: Летась, калі мы з вамі, Сяргей, запісвалі інтэрвію для цыклю «Пасьля СССР. 25 гадоў незалежнасьці», вы сказалі: «Для мяне індыкатарам таго, што Аляксандар Лукашэнка зьмяніўся, было б, калі б ён прыехаў у Курапаты і паклаў кветкі да Крыжа пакуты». Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра конкурс, і як выглядае, неўзабаве можа прыйсьці ў Курапаты і кветкі пакладзе напэўна. Ваша пазыцыя.

Сяргей Навумчык: Мая пазыцыя не зьмянілася. Па-першае, я сказаў крыху шырэй, што мне вельмі мала верыцца, што Лукашэнка можа зьмяніцца з улікам «зьніклых», з улікам усяго таго, што было зроблена за гэтыя 20 зь нечым гадоў супраць нацыянальных каштоўнасьцяў, супраць нацыянальнай культуры, супраць дэмакратыі. Ну а калі ўжо вы так ставіце пытаньне, дык такім індыкатарам было б, калі б ён паклаў кветкі да Крыжа пакуты, усталяванага актывістамі Беларускага Народнага Фронту ў 1989 годзе, зламанага потым пры ягонай маўклівай згодзе (улады нічога не зрабілі, каб знайсьці людзей, якія зламалі), потым адноўленага актывістамі КХП-БНФ, — вось калі б ён прыехаў і паклаў кветкі да гэтага Крыжа, дык я падумаў бы, што так, нешта зь ім адбылося. Я пацьвярджаю свае словы, але я ў гэта ня веру.

«Перакос у бок Леніна, Сталіна ператварае Беларусь у дыназаўра нават на постсавецкай прасторы»

Ганна Соўсь: Сяргей згадаў пра Крыж пакуты, які быў зламаны, потым адноўлены. Каля 20 разоў зьведала напады вандалаў «лава Клінтана», падарунак прэзыдэнта ЗША. Вандалы неаднаразова прыходзілі ў Курапаты. Іх ніхто не пакараў. Аднойчы іх схапілі, але тым ня менш да адказнасьці яны не былі прыцягнутыя. Шмат гадоў нават на афіцыйным узроўні ставілася пад сумнеў, хто ляжыць у Курапатах, улады не ахоўвалі належным чынам гэтае месца, дарэчы гісторыка-культурная каштоўнасьці першай катэгорыі, пашыралі Менскую кальцавую дарогу праз Курапаты, участкі ля ляснога масіву аддавалі бізнэсоўцам пад камэрцыйныя праекты. На ваш погляд, чаму ўлада выступіла з такой ініцыятывай? Што ж так зьмянілася ў стаўленьні цяпер? І чаму?

для таго пакаленьня журналістаў 80-х гадоў, да якога, напрыклад, належыць галоўны рэдактар афіцыйнай, прэзыдэнцкай газэты Павал Якубовіч, адкрыцьцё Курапатаў было вялікім узрушэньнем

Аляксандар Лукашук: Мы шмат ведаем пры вынікі дзейнасьці беларускіх уладаў, але даволі мала ведаем пра мэханізмы прыняцьця рашэньняў. Адзінае, пра што можна сказаць, што гэтая ўлада не маналітная ў сэнсе выказваньня думак. Там усё ж людзі маюць права выказваць думкі, нават часам «прарываюцца» заявы памочнікаў Лукашэнкі ў прэсу. Дзеяньні, рашэньні, якія прымаюцца — гэта іншая рэч. Гучаць там розныя меркаваньні, як яны апрацоўваюцца, якія рашэньні прымаюцца — другое пытаньне. Але перакос у бок Леніна, Сталіна ператварае Беларусь у такога дыназаўра нават на постсавецкай прасторы, і магчыма, што гэта маладзейшае пакаленьне, больш прагматычнае, нават з ідэальных нейкіх меркаваньняў не хацела бы так далёка ісьці, і такія галасы чуваць.

Я хачу сказаць, што для таго пакаленьня журналістаў 80-х гадоў, да якога, напрыклад, належыць галоўны рэдактар афіцыйнай, прэзыдэнцкай газэты Павал Якубовіч, адкрыцьцё Курапатаў было вялікім узрушэньнем. Для нашага пакаленьня яно не праходзіць бясьсьледна. А наконт таго, што зьмянілася. Гэта паказчык пэўнага люфту. Я памятаю, як неяк мы з вамі, Ганна, зімой былі ў Курапатах (вы адтуль вялі штодзённыя рэпартажы, вас там усе ўсе добра ведалі), да нас падышоў нейкі чалавек, аказаўся міліцыянтам, недзе яны там хаваліся, потым падышоў ягоны начальнік, і ён мне проста адрапартаваў, калі вы прадставілі, што я дырэктар беларускай службы Свабоды, што «мы нясем тут ахову»... Будзе ўказаньне, будуць ахоўваць.

Ганна Соўсь: Сяргей, я хацела згадаць яшчэ адну вэрсію Ігара Кузьняцова, дасьледчыка сталінскіх рэпрэсій. І інтэрвію Свабодзе ён сказаў, што беларускія ўлады, магчыма, хочуць свой помнік адкрыць раней, чым у Маскве: «улічваючы, што ў цэнтры Масквы 30 кастрычніка сёлета будзе адкрыты помнік ахвярам савецкіх рэпрэсій, то ня выключана, што нехта мае задуму, каб у Курапатах гэты знак ці помнік быў адкрыты раней». І вэрсія як раз палягае ў тым, што ўлады Беларусі як раз ня хочуць быць краінай Леніна-Сталіна, а хочуць гэты помнік зрабіць раней. Гэта адна з вэрсій. А як вы мяркуеце?

у маім разуменьні не сумяшчаюцца Курапаты і «Лінія Сталіна»

Сяргей Навумчык: Мне такое крыху дзіўна чуць. Бо помнік ахвярам быў у Маскве ўсталяваны яшчэ ў 1990 годзе. Між іншым, тады я асабіста атрымаў ад Яўгена Яўтушэнкі, які нядаўна пайшоў з жыцьця, запрашэньне прыехаць разам з Зянонам Пазьняком на цырымонію ўсталяваньня гэтага каменя на Лубянцы. На жаль, не атрымалася тады прыехаць, але ў Маскве ужо 27 гадоў такі помнік на Лубянцы, ёсьць, перад будынкам былых НКВД-КГБ і дзе цяпер ФСБ. Я цалкам падзяляю тое, што сказаў Аляксандар і не хачу станавіцца ў пазыцыю амэрыканскага крэмленоляга якога-небудзь 1978 году, які вылічваў сытуацыю ў кіраўніцтве Савецкага Саюзу ў залежнасьці ад таго, па які бок і на якім месцы ад Брэжнева стаяць на Маўзалеі Кірыленка ці Чарненка. Я толькі магу сказаць, што ў маім разуменьні не сумяшчаюцца Курапаты і «Лінія Сталіна». У Беларусі моладзь зараз афіцыйна выхоўваецца на «Лініі Сталіна», на так званых савецкіх традыцыях, дзе Савецкі Саюз, камунізм узьведзеныя ў абсалют, гэта лічыцца вельмі добрым, Аляксандар ужо сказаў, што ніякага суду над камунізмам не было, у адрозьненьні ад суду над нацызмам. Фактычна, гэта — ідэйныя падмуркі ўлады, яны ўжо існуюць больш як 20 гадоў. Чаму такая ўвага да Курапатаў? Магчыма, хацелі зьнішчыць гэты «Народны мэмарыял», магчыма, хацелі «закрыць тэму», каб не было хваляваньняў моладзі — мне цяжка сказаць. Паўтару толькі, што «Лінія Сталіна» і Курапаты ніяк не сутыкаюцца разам.

«Курапаты ня толькі абʼядноўвалі, але і разьядноўвалі ня толькі ўладу і апазыцыю, але і ўнутры апазыцыі былі разьдзелы»

Ганна Соўсь: Я хацела бы нагадаць храналёгію, як усё адбывалася. Пасьля таго, як сёлета ў лютым паўстаў кругласутачны лягер абароны Курапатаў супраць будаўніцтва офіснага цэнтру, адбыўся «круглы стол» у газэце «СБ. Беларусь сегодня» пад назвай «Гісторыя, якая павінна нас абʼядноўваць». Гэта ня першы «Круглы стол» на гэтую тэму. Аналягічны прайшоў гадоў пяць таму. Матэрыялы сёлетняга стала паказалі па БТ. І неўзабаве Аляксандр Лукашэнка заявіў, што найбліжэйшым часам у Курапатах створаць мэмарыяльны комплекс. Галоўны рэдактар прэзыдэнцкай газэты Павал Якубовіч, каардынатарка ініцыятывы «Абаронім Курапаты» Ганна Шапуцька, кіраўнік грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі і дасьледчык гісторыі палітычных рэпрэсій Ігар Кузьняцоў наведалі 19 красавіка месца згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій Курапаты. Яна правялі там шмат часу, абмяркоўвалі, што можна зрабіць дзеля мэмарыялізацыі Курапатаў. Паводле Паўла Якубовіча, зь якім я пагутарыла, яны прыйшлі да думкі, што ўсё захоўваецца там, як ёсьць, але будзе ўдасканальвацца — як раз пытаньне аховы, пашырэньне ахоўных зонаў, музэйнага комплексу, і ў гэтым да нейкай згоды з грамадзкасьцю прыйшлі. І Павал Якубовіч называе сябе тут не прадстаўніком улады, а таксама энтузіястам, актывістам, чалавекам, якому баліць за Курапаты. Аляксандар, некалькі тыдняў таму вы апублікавалі на сайце Свабоды блог «Дарога да Курапатаў», у якім гаварылі пра тое, што «Курапаты не належаць ні партыям, ні ўладам, ні царкве, ні міністэрству культуры, ні гісторыкам, ні журналістам, ні паэтам, ні археолягам. Гэты мы належым Курапатам». Ці варта ісьці на супрацу з уладамі дзеля Курапатаў? Ці ёсьць небясьпека быць выкарыстаным, каб у выніку не зьявіўся помнік усім бязьвінным ахвярам 20 стагодзьдзя ў Курапатах?

Падмена паняцьцяў — гэта самая галошная небясьпека

Аляксандар Лукашук: Канечне, небясьпека заўсёды ёсьць. Падмена паняцьцяў — гэта самая галошная небясьпека. У 1970-ыя гады я больш за год працаваў экскурсаводам і вазіў экскурсіі ў Хатынь. Гэта былі сотні экскурсій, часам тры разы на дзень, турысты з усяго СССР і з-за мяжы. І калі мы прыяжджалі туды, праходзілі праз увесь комплекс і вярталіся, назад па дарозе ніхто не сьпяваў. Тэкст, які я там гаварыў, быў афіцыйна зацьверджаны — што адбылося, колькі людзей у Беларусі загінулі, згадваўся эсэсавец Дырлівангер, але не было ні слова ў гэтым тэксьце пра тых, хто насамрэч зьнішчаў Хатынь — паліцэйскіх, эсэсаўскія фармаваньні зь ліку ўкраінцаў, літоўцаў, расейцаў, беларусаў. Гэтая часта была замоўчаная, я пра гэта ня ведаў. А з Курапатамі гэта ўжо немагчыма. Мы жывем у іншы інфармацыйны век, таму я бы сказаў, што хаця гэтая небясьпека ёсьць, але яна пераадольная. Кожны раз, калі што-небудзь будзе гаварыцца ня так пра Курапаты, кожны раз ёсьць што сказаць у адказ. А што тычыцца таго, што абʼядноўвае ў гісторыі. Я скажу, што гісторыя не абʼядноўвае, гісторыя можа і абʼядноўваць і разьядноўваць людзей. І Курапаты таксама ня толькі абʼядноўвалі. але і разьядноўвалі ня толькі ўладу і апазыцыю, але і ўнутры апазыцыі былі разьдзелы. Такія рэчы насамрэч проста аўтаматычна не працуюць. Гэта азначае толькі адно — патрэбныя высілкі адказных, адукаваных людзей, да якіх ёсьць маральны давер грамадзтва. Гэта працэс, якім трэба займацца. Нельга проста пакінуць так і сказаць, што так яно заўсёды будзе. Не, гэта працэс, у якім трэба ўдзельнічаць.

«Я ўсё ж шкадую, Алексіевіч у гэтай камісіі мне не хапае»

Ганна Соўсь: Ці не зьяўляецца прапанова ўладаў для грамадзянскай супольнасьці «траянскім канём»? Міністар унутраных справаў Шуневіч носіць форму НКВД, пад Менскам збудаваны і актыўна функцыянуе мэмарыял «Лінія Сталіна». Вельмі часта гучаць меркаваньні, што цяперашняя ўлада — гэта ідэйныя, палітычныя нашчадкі тых катаў, якія і забівалі людзей у Курапатах. І ім, ці нават зь імі, нашчадкамі катаў, будаваць помнік ахвярам катаў? Як вы такія аргумэнты аспрэчылі ці падтрымалі ці пашырылі?

Сяргей Навумчык: Вы прыгадалі Шуневіча. А я прыгадваю, як у свой час, некалькі дзесяцігодзьдзяў таму канцлер Нямеччыны стаў на калені перад помнікам ахвярам нацызму. І гэта быў знак пакаяньня, пакаяньня немцаў за тое, што зроблена ў часы Другой Усясьветнай вайны, і за Галакост, і за ўсё іншае. І, можа быць, гэта быў і сыгнал для пэўнага прымірэньня — я маю на ўвазе не прымірэньня катаў і ахвяраў, а прымірэньня наступных пакаленьняў немцаў і габрэяў. А ўявіце сабе, што канцлер прыехаў бы ў форме СС і паклаў бы кветкі, сказаўшы, што мы ахвярам даніну павагі аддаём...

Аляксандар Лукашук: Але ж Шуневіч у Курапаты не прыехаў у форме НКВД. Ён яе адзеў на нейкі парад...

Сяргей Навумчык: Не ў Курапаты, але ён гэтую форму адзеў. Ён быў прадстаўніком улады і стаяў побач з кіраўніком дзяржавы. І гэта быў знак, і яму ніхто не сказаў зьняць гэтую форму. Калі ж казаць непасрэдна пра Курапаты, дык гадоў 25 таму на пытаньне, што там павінна быць, я адказаў бы так, як сёньня кажа Лукашэнка, ці тое, што пісаў Павал Якубовіч пра нейкі мэмарыял. І мы так казалі. Зараз не прыгадаю канкрэтна год, недзе 1992-1993, здаецца, не на сэсіі Вярхоўнага Савету, магчыма на пасяджэньні ў БНФ, я выказваў такую ідэю, што было б добра папрасіць Леаніда Левіна і Юрыя Градава, якія рабілі мэмарыяльны комплекс Хатынь, каб яны зрабілі помнік у Курапатах і яшчэ ў адным месцы — у «Яме», дзе былі зьнішчаныя габрэі зь менскага гета. Калі мы гаворым, што ў часы вайны чвэрць беларусаў загінула, улады забываюць, і ў школе нам не казалі, што сярод гэтай чвэрці — некалькі сотняў тысяч габрэяў былі зьнішчаныя, і гэта таксама частка беларускага народа.

І калі б Левін і Градаў, якія зрабілі Хатынь, зрабілі тады ў Курапатах помнік і ў Яме, гэта, сапраўды, было б пэўным сымбалем трагедыі беларускага народа, трагедыі ўсіх нацыяў, якія жылі і жывуць у Беларусі. Але зараз, праз 25 гадоў тое, што мы бачым у Курапатах, гэты Народны мэмарыял... Ведаеце, цяпер Курапаты ўжо ня тыя, якія былі ў 1989 годзе ці ў 1992. І тыя крыжы, якія там усталяваныя, яны па сваім мінімалізьме — калі казаць з мастацкіх, з візуальных пазыцый, мне вельмі нагадваюць мэмарыял ахвярам Галакосту ў Бэрліне каля Бундэстагу і бункера Гітлера, дзе проста чорныя, рознаўзроўневыя паралелепіпэды — і ніякіх скульптурных кампазыцый. На чалавека ўзьдзейнічае моцна візуальна.

Аляксандар Лукашук: Такі ж падобны мэмарыял у Катыні

Сяргей Навумчык: І гэтая «лава Клінтана» пры новай дэмакратычнай уладзе, ня трэба мяняць на новую, знакі вандалізму павінны на ёй застацца, як сьведчаньне гэтых цяперашніх дзесяцігодзьдзяў і стаўленьня рэжыму да Курапатаў. Гэтая тэрыторыя павінна быць агароджаная, усё астатняе — па-за межамі яе.

Ганна Соўсь: Яшчэ адзін нечаканы крок улады зрабілі на мінулым тыдні — з адміністрацыі прэзыдэнта патэлефанавалі нобэлеўскай ляўрэатцы Сьвятлане Алексіевіч з прапановай узначаліць камісію ў вызначэньні варыянту помніка ў Курапатах. Алексіевіч адмовілася і выказала думку, што старшынём камісіі меў бы права быць толькі адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк. Гэтая прапанова Алексіевіч узначаліць камісію, здаецца, першы крок улады насустрач Нобэлеўскай ляўрэатцы з часу яе ганараваньня прэміяй. Чаму ён зроблены?

Аляксандар Лукашук: Нобэлеўскі ляўрэат, гэта канечне, сіла, гэта міжнародны аўтарытэт. Я шкадую, што Сьвятлана Алексіевіч была вымушаная адмовіцца. Яна апынулася ў такой сытуацыі, што якое рашэньне не прыме, яно будзе мець нэгатыўныя аспэкты, таму што гэта — палітычная сытуацыя. Яна выбрала маральны адказ: «Я ня ўдзельнічаю, мусяць удзельнічаць іншыя». Тым ня менш я ўсё ж шкадую, яе ў гэтай камісіі мне не хапае.

«ХХ стагодзьдзе некалі ў Беларусі ўсё ж павінна завершыцца»

Ганна Соўсь: Інтэрвію з Алексіевіч з гэтай нагоды — найбольш чытанае і камэнтаванае на сайце Свабоды. Многія камэнтатары і на сайце, і ў сацсетках таксама кажуць пра тое, што, магчыма, ёй варта было бы і пагадзіцца. Гаворыцца і пра тое, што, магчыма, варта было бы і пагадзіцца Зянону Пазьняку, калі такая прапанова была бы яму афіцыйна зробленая. Як вы мяркуеце, Сяргей?

Сяргей Навумчык: На Свабодзе было інтэрвію Міхася Скоблы са Станіславам Шушкевічам, і Шушкевіч сказаў слушна, з майго погляду, што тут пытаньне, хто ёй прапаноўваў, што Нобэлеўскаму ляўрэату мусіць рабіць прапанову ў Беларусі толькі адзін чалавек. Прозьвішча гэтага чалавека — Лукашэнка. Толькі кіраўнік дзяржавы, а ня нехта з Адміністрацыі мусіў рабіць ёй такую прапанову.

Ганна Соўсь: Ведаючы Сьвятлану Алексіевіч, наколькі для яе важныя людзі, а не пасады, я думаю, што для яе рашэньне было ўсё ж іншым абумоўлена, а не пасадай тых, хто ён прапаноўваў.

Сяргей Навумчык: Я разумею, што гэта было матывавана іншым, але пагаджуся з Шушкевічам, што тут ёсьць пэўныя формы і нормы. Яна абсалютна слушна сказала, што Пазьняк толькі і мае права ўзначаліць гэтую камісію. Пазьняк сваю думку выказаў наконт таго, што там павінна быць у Курапатах. Тут можна падвесьці рысу. Ён сваю думку выказаў, і гэта можна было бы зрабіць і без ягонага ўдзелу і прысутнасьці. Калі казаць пра ўдзел Пазьняка непасрэдна... Гэты ўдзел Пазьняка ў камісіі, безумоўна, зьвязаны з тэмай вяртаньня ці як мінімум прыезду Пазьняка. Я глыбока перакананы, што такую прапанову Пазьняку, зважаючы на ролю Пазьняка ў гісторыі, мусіў таксама Лукашэнка зрабіць, кіраўнік дзяржавы. Гэта асобная тэма.

Аляксандар Лукашук: Гэта асобная тэма, і ўсё ж часам чалавек мусіць прымаць рашэньні, не зважаючы ні на якія абставіны, таму што ёсьць палітычныя пытаньні, ёсьць асабістыя, а ёсьць пытаньні гістарычнай адказнасьці.

Ганна Соўсь: Я хачу згадаць блог Аляксандра Фядуты пра Курапаты, у якім ён апісаў 3 фатаздымкі, вельмі сымбалічныя. Першы — зь Зянонам Пазьняком, калі Крыж Пакуты ўсталёўваюць, другі — Пазьняк з Клінтанам у Курапатах, і трэці — Аляксандар Фядута бачыць Пазьняка ў 2017 годзе ў Курапатах.

Сяргей Навумчык: Калі вы згадалі блог Фядуты, прыгадаю, чым ён заканчваецца, што Сьвятлана Алексіевіч адмовілася аддаваць рэжыму маральную вагу свайго імя. Няўжо маральная вага імя Пазьняка азначае меней?

Аляксандар Лукашук: Жыцьцё не вычэрпваецца рэжымам, а Беларусь большая, чым гэтыя нават 25 гадоў беларускай незалежнасьці. Гэтыя ахвяры былі прынесеныя ў ХХ стагодзьдзі, ХХ стагодзьдзе некалі ў Беларусі ўсё ж павінна завершыцца нейкім разумным ушанаваньнем і размовай, што там адбылося.

Ганна Соўсь: Прапанова ўладаў аб ушанаваньні Курапатаў прагучала ў вельмі вострым палітычным кантэксьце — калі сотні людзей былі зьбітыя, прайшлі праз адміністрацыйныя арышты. Асуджаны былі і абаронцы Курапатаў. Заведзеная крымінальная справа «Белага легіёну», якая выклікае змрочныя аналёгіі са справамі тых, хто ляжыць у Курапатах. Пра якое прымірэньне ў кантэксьце Курапатаў можа ісьці размова, калі людзі за кратамі, калі працягваюцца рэпрэсіі?

Сяргей Навумчык: Першы крок мусіць рабіць улада. Вядома, хацелася б, каб было пэўнае паразуменьне на гэтым месцы. Проста трэба адысьці ад гэтай тэрыторыі, пакінуць яе ў спакоі, я маю на ўвазе, пакінуць так, як зараз гэта засталося. Зрабіць пэўную агароджу і, можа быць, даць наступным пакаленьням, якія падвядуць рысу і здольныя будуць зрабіць гэтыя крокі. Курапаты — гэта беларуская тэма ўзроўню паўстаньня Каліноўскага, такой значнасьці для Гісторыі, такога маштабу, як Скарына. І наш маральны абавязак перад нашчадкамі, маральны абавязак і ўлады, і апазыцыі, і грамадзянскай супольнасьці, пакінуць гэтую тэрыторыю, такой, як яна засталася, не разбурыць.

У грамадзтве заўсёды ёсьць сьветлыя душы, якія будуць заўсёды выступаць на абароне праўды

Аляксандар Лукашук: Мы ведаем, да чаго яны прыводзяць, спробы байкоту: яны прыводзяць да перавагі аднаго боку. Калі табе баліць нага, гэта не азначае, што ня трэба лячыць галаву. Адказ на тое, што будзе з Курапатамі, насамрэч залежыць не ад Аляксандра Лукашэнкі, не ад Сьвятланы Алексіевіч, не ад Паўла Якубовіча і не ад Зянона Пазьняка. У грамадзтве заўсёды ёсьць сьветлыя душы, якія будуць заўсёды выступаць на абароне праўды, на абароне Курапатаў і прыйдуць на гэты кліч Курапатаў. Калі зьяўляецца шанец ушанаваць памяць ахвяраў і неяк гэтую рану, якая дагэтуль баліць усяму грамадзтву, пачаць лекаваць пры жыцьці нашага пакаленьня, пры якім яна ўпершыню адкрылася. Гэта вельмі важна. Таму гэта — наша адказнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG