Пра гэта ён заявіў у сваім традыцыйным велікодным звароце, вядомым як Urbi et Orbi ( «Гораду і сьвету»), з балькона базылікі Сьвятога Пятра ў Ватыкане.
«У складаных і часта драматычных сытуацыях сёньняшняга сьвету хай Гасподзь Уваскрослы (Ісус Хрыстос) кіруе крокамі ўсіх тых, хто працуе дзеля справядлівасьці і міру. Няхай ён дасьць лідэрам нацый мужнасьць, неабходную ім для прадухіленьня распаўсюду канфліктаў, і пакладзе канец гандлю зброяй», — заявіў кіраўнік Ватыкана.
Папа Францішак сказаў, што «ўваскрослы пастыр (Ісус Хрыстос) ідзе побач з усімі тымі, хто быў вымушаны пакінуць сваю радзіму ў выніку ўзброеных канфліктаў, тэрарыстычных нападаў, голаду і дзеяньняў рэпрэсіўных рэжымаў. У кожным месцы ён дапамагае гэтым вымушаным перасяленцам сустракацца з братамі і сёстрамі, якія могуць падзяліць з імі хлеб і надзею ў іх падарожжы».
Папа таксама зьвярнуў словы падтрымкі да супрацоўнікаў гуманітарных місій у Сырыі, якія нясуць дапамогу пацярпелым ад выбухаў.