Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доік і параноік


Да 500-годзьдзя беларускай Бібліі

1. Удасканальваючы вынаходзтва

Два анёлы, пераапранутыя ў мужчын, выпраўляюцца ў Садом. Трэба спраўдзіць «вялікі крык Садомы і Гаморы, які на іх». То бок, шматлікія сыгналы, якія дайшлі па спэцканалах з двух населеных пунктаў, папярэджваюць: тамтэйшыя кварталы захрасьлі ў злачынстве і беспакаранасьці.

Разьведка пацьвярджае: Садом спрэс населены ліхімі, несымпатычнымі людзьмі. Даведаўшыся пра двух прыбыльцаў, садомцы «ад малога да старога» бадзёра прапаноўваюць згвалціць гасьцей сталіцы. Анёлам даводзіцца адбівацца спэцсродкам — яны напускаюць на натоўп маньякаў сьлепату. Сваёй зламыснасьцю жыхары гораду грахоў насалілі перш-наперш самім сабе. Кварталы Садому і яго спадарожніцы Гаморы сёньня затапіла Мёртвае мора.

Адзін Госпад Бог дастаткова наіўны, каб выкарыстоўваць вынайдзеныя ім спэцслужбы па прамым прызначэньні. Ён усяго толькі паслаў вышкаленых супрацоўнікаў патаемна зьбіраць інфармацыю дзеля ўмацаваньня абароннай здольнасьці і грамадзкай бясьпекі. Навучыўшыся засноўваць разьведвальныя ўправы, камітэты і бюро, людзі пайшлі далей. Зрабілі ў разьвіцьцё сакрэтных службаў свой адметны ўнёсак. Прыдумалі цягнуць прафэсійных агентаў да зьвядзеньня палітычных рахункаў і пашырэньня палітычнай прапаганды.

Мы ўжо пісалі пра агітацыйную акцыю дванаццаці выведнікаў Майсея, якая менш за ўсё нагадвала сакрэтную апэрацыю.

Добры гандаль — імёны агентаў ведае шырокая грамадзкасьць! На 13-ты разьдзел кнігі «Лікі», у якім пададзены імёны ўсёй дванаццаткі, яўна просіцца грыф «абсалютна сакрэтна». Вось жа, пра двух шпіёнаў, якіх паслаў у варожы Ерыхон наступнік Майсея, Ісус сын Наваў, шараговаму чытачу Бібліі ўжо невядома абсалютна нічога (акрамя іхняй колькасьці, натуральна).

Замест каштоўных зьвестак пра баяздольнасьць Абяцанай зямлі дванаццаць выведнікаў прыцяглі гіганцкую вінаградную гронку. Гордыя сабой, на прэс-канфэрэнцыі яны дэманстравалі рэчдок усяму зачараванаму народу, — маўляў, Ханаан сьцякае малаком і мёдам. Сваёй мясістай тушай гронка адсланіла той факт, што пасьля шматгадовага бадзяньня па пустэльні абранаму народу давядзецца ў даважак біцца за Абяцаную зямлю з ваяўнічымі тубыльцамі, ханаанскімі плямёнамі.

Нелітасьцівай эксплюатацыяй выведнікаў у сваёй палітычнай гульні вызначылася фракцыя Авэсалома, царскага сямейніка. У барацьбе за трон той прымусіў кадравых афіцэраў выведкі заняцца не ўласьцівым ім заняткам — дэзінфармацыяй насельніцтва. Прыйшоўшы ў гарады краіны, яны павінны казаць людзям, што Авэсалом зрабіўся царом.

Арт дэ Гелдэр, “Ахімэлэх дае меч Галіята Давіду”
Арт дэ Гелдэр, “Ахімэлэх дае меч Галіята Давіду”

2. Патураючы царскай параноі

Апатэозам умяшаньня спэцслужбаў у жыцьцё грамадзтва стала гісторыя сьвятара Ахімэлэха.

Усё пачалося з Давіда, які тады быў генэралам у войску цара Саўла. Саўл, убачыўшы ўзвышэньне Давіда ў народзе, пачаў яго перасьледаваць. Уцёкшы з войска, дэзэрцір Давід дабрыў да гораду Номва. Патрапіўшы на прыём да номваскага сьвятара Ахімэлэха, апальны генэрал напускае туману:

«Цар даручыў мне дзею і сказаў мне: „хай ніхто не ведае, па што я паслаў цябе і што даручыў табе“».

Маўляў, ойча, і не пытайце, спэцзаданьне, дзяржаўная таямніца. Давід просіць у сьвятара ежы і зброі, бо царскае заданьне было настолькі тэрміновае, ажно ён не пасьпеў сабрацца. У краіне, дзе верхаводзяць спэцслужбы, ёсьць прастор для падобных хітрыкаў, дастаткова памахаць «корачкай». Ахімэлэх дае Давіду хлеб і меч.

Гісторыя з элегантным блефам Давіда так бы і мінулася, калі б роўна у тыя дні цар Саўл не зьвярнуўся да свайго атачэньня з прамовай:

«Што вы ўсе згаварыліся супроць мяне… …і ніхто не пашкадаваў мяне і не адкрыў мне, што сын мой узбудзіў супроць мяне раба майго каваць мне путы, як гэта сёньня відаць?» (Першая Кніга Царстваў 22:8)

Палітык выказвае недавер усім: ад сына Ёнатана да бліжэйшых паслугачоў. Недавер вядзе да пачуцьця адзіноты і прыўлашчваньня псыхалёгіі абложанай крэпасьці. Усе згаварыліся, усе — зламысьнікі, што куюць путы…

Кіраўнік не пасьпеў закончыць выступ, а зламысная змова ўжо выяўленая. Ахімэлэха разам з Давідам бачыла спэцслужба Доіка Ідумейца. І няважна, што службісты гэтыя — тыя яшчэ сьпяцы -сачылі за сустрэчай, але не дазналіся пра махлярства Давіда. Фабрыкуецца справа аб тэрарыстычнай групоўцы «Номваскія сьвятары».

Ахімэлэх спрабуе бараніцца. Усім вядома, Давід — правая рука Саўла. Дык адкуль яму было ведаць, што генэрал не на сакрэтным заданьні, а ў самаволцы?

Аднак мэханізмы палітычнай параноі закруціліся. Параноік наразае чарговае кола. Калі вакол зламысьнікі, знакам тым, цар — ахвяра. А ахвяра, пагатоў самадзержац, мае права бараніцца ўсімі магчымымі спосабамі.

Саўл: «Ты павінен памерці, Ахімэлэх, ты і ўвесь дом бацькі твайго».

Гэтак сваякі сьвятара неўпрыкмет ужо чээсвээны, члены сям’і ворага народу.

Пакараньне Саўл даручае клану целаахоўцаў. Але целаахоўцы не жадаюць мець на руках кроў сьвятароў — гэта вялікае блюзьнерства. Ланцуг параноі на якое імгненьне буксуе. Але на шчасьце для сябе Саўл мае некалькі спэцслужбаў, скамплектаваных паводле нацыянальнай прыкметы. Зноў прыдалася дапамога Доіка Ідумейца (то бок, іншаземца, ураджэнца царства Ідумея). У ідумейца няма сантымэнтаў да сьвятароў чужой рэлігіі. Акрамя васьмідзесяці пяці жрацоў, яго людзі забіваюць амаль усіх астатніх жыхароў Номвы. Целаахоўцы так і не далучыліся да забойстваў — але такой бяды, прынамсі, не заміналі.

Правасудзьдзе скончанае.

Павал Касьцюкевіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG