Магілёўскі абласны суд не задаволіў касацыйных скаргаў дваіх удзельнікаў акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3 Алены Кісель і Канстанціна Чарнова. Іх 16 сакавіка Ленінскі суд Магілёва пакараў штрафамі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. З вэрдыктам раённага суду Алена і Канстанцін не пагадзіліся і яго абскардзілі.
15 сакавіка, на Дзень Канстытуцыі, маладыя людзі прыйшлі на «Марш недармаедаў» з плякатамі. Іхны крэатыў, як высьветлілася пазьней, і даў супрацоўнікам міліцыі ў цывільным падставу для зьняволеньня. Пратэстоўцаў заштурхнулі ў машыну і даставілі ў аддзел. Ноч маладыя людзі правялі ў ізалятары для часова затрыманых.
На заўтра Канстанціна, які на пратэст прыйшоў з рукамі ў гіпсе, судзьдзя Тацяна Рубіс аштрафавала на 20 базавых велічыняў, а судзьдзя Вольга Ратнікава пакарала студэнтку ўнівэрсытэту імя Куляшова Алену Кісель на 15 базавых.
Алену Кісель неўзабаве пасьля суду адлічылі з унівэрсытэту. Фармальнай прычынай сталі пропускі заняткаў без пацьвярджальных дакумэнтаў. Сама ж Алена лічыць, што прычына адлічэньня — удзел у «Маршы недармаедаў». Ва ўнівэрсытэце дзяўчына адвучылася чатыры гады. На пратэст пайшла, каб падтрымаць свайго сябра Канстанціна Чарнова, якому даслалі «ліст шчасьця».
У абласным судзе маладыя людзі прасілі, каб адміністрацыйны працэс супраць іх быў спынены праз адсутнасьць складу правапарушэньня. Алена і Канстанцін не адмаўлялі свайго ўдзелу ў акцыі пратэсту, але настойвалі, што беларуская Канстытуцыя і падпісаныя Беларусьсю міжнародныя пагадненьні дае ім права на выказваньне сваёй думкі. Настойвалі на тым, што пратэст быў мірным і не парушаў грамадзкага парадку. Даводзілі суду, што міліцыянты, якія іх затрымалі, і судзьдзі, што аштрафавалі, парушылі іхныя правы. Паводле маладых людзей, судзілі іх неаб’ектыўна, з абвінаваўчым ухілам.
Абое перадалі судзьдзям звароты праваабаронца Аляксандра Хамратава да магілёўскай міліцыі, каб тая патлумачыла, чаму да адміністрацыйнай адказнасьці не прыцягнуты дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, які таксама ўдзельнічаў у мітынгу «Маршу недармаедаў». У адказе міліцыянты адпісалі: у дзеяньнях Марзалюка адсутнічае склад правапарушэньня.
«Чаму дэпутат не правапарушальнік, а мы вінаватыя? Такая пазыцыя міліцыі несправядлівая», — тлумачылі пасьля разгляду касацыйнай скаргі, сваё разуменьне сытуацыі маладыя людзі.
«Надзея маленькая была, што довад наконт Марзалюка паўплывае на пазыцыю судзьдзі, але яна была настолькі маленькай, што не спрацавала, — прызналася Алена. — Але ў любым выпадку наша хадайніцтва застанецца ў матэрыялах справы, а значыць, і ў гісторыі».
Алена пакуль не гатовая пэўна казаць пра сваю будучыню. Намераў аднаўляцца ва ўнівэрсытэце імя Куляшова ў яе няма.
Для Канстанціна вынік разгляду касацыйнай скаргі быў чаканым, хоць і ён спадзяваўся на іншы зыход суду.
«Я ня думаю, што Марзалюка варта было б караць, бо мы ўсе ўдзельнічалі ў мірнай акцыі, якую гарантуе беларуская Канстытуцыя і міжнароднае права. Аднак чаму мне давядзецца плаціць 20 базавых велічыняў за тое, што я выйшаў зь плякатам выказаць сваё меркаваньне? А вось у дзеяньнях спадара Марзалюка чамусьці не знайшлі складу правапарушэньня», — выказаўся Канстанцін Чарноў, адна рука ў якога застаецца ў гіпсе.
Алена і Канстанцін зьбіраюцца абскарджваць і пастановы абласнога суду.