Удзельніцу магілёўскага «Маршу недармаедаў» Алену Кісель адлічылі з унівэрсытэту імя Куляшова.
Фармальная прычына — пропускі заняткаў. Сама ж Алена зьвязвае адлічэньне з удзелам у акцыі пратэсту і затрыманьнем. Дзяўчына ноч правяла ў ізалятары часовага ўтрыманьня, а назаўтра, 16 сакавіка, судзьдзя Вольга Ратнікава пакарала студэнтку штрафам у 15 базавых велічыняў.
22 сакавіка, паводле Алены, рада прафіляктыкі пастанавіла хадайнічаць перад рэктарам аб адлічэньні. Сёньня ж студэнтка наведала рэктара, і ён паведаміў, што загад падпісаны.
«Фармальная прычына — гэта спроба адцягнуць увагу ад рэальнай прычыны, якая ў маім удзеле ў „Маршы недармаедаў“. Раней таксама было пропускаў нямала, але ніхто не зьвяртаў на гэта асабліва ўвагі. Не было ніякіх спагнаньняў ні з кога. Пасьля затрыманьня сталі выклікаць у дэканат і гаварыць ужо пра адлічэньне».
Алена кажа, што пайшла на «Марш недармаедаў», каб падтрымаць свайго сябра Канстанціна Чарнова, якога запісалі ў «дармаеды». Канстанціна таксама затрымалі, і судзьдзя Тацяна Рубіс пакарала яго штрафам у 20 базавых велічыняў.
Аленін сябар скончыў Гомельскі ўнівэрсытэт, але працу знайсьці ня мог. Яму прыйшоў «ліст шчасьця».
«Я ня думала, што будуць у мяне праблемы. Мы, здаецца, нічога не рабілі супрацьзаконнага. Думалі, што мірныя акцыі ў нас дазволеныя, таму не чакалі праблемаў такога маштабу», — кажа Алена.
Алена адвучылася на факультэце пэдагогікі і псыхалёгіі дзяцінства няпоўныя чатыры гады. Праз год у яе будзе магчымасьць аднавіцца, але ўжо на платнай аснове.
Алена зь сямʼі пэдагогаў і таксама хацела працягнуць традыцыю. Паводле дзяўчыны, бацькі засмучаныя, але стараюцца яе падтрымаць і шукаюць выйсьця з сытуацыі.
Прарэктар па выхаваўчай працы Ўладзімер Ясеў у гутарцы з журналістам Свабоды сказаў, што студэнтку адлічылі за пропускі заняткаў.
«190 гадзін без апраўдальных дакумэнтаў. У адпаведнасьці з Кодэксам аб адукацыі яна нават перавысіла дапушчальнае. Разам зь ёй адлічаная таксама яшчэ адна дзяўчына з чацьвёртага курсу з гэтага ж факультэту».
Суразмоўца дадае, што не было сувязі паміж адлічэньнем Алены Кісель і яе ўдзелам у несанкцыянаванай акцыі пратэсту. Кажа, што ня ведаў пра гэтую акалічнасьць.
«Яна хадзіла на прыём да рэктара, які запрасіў на яго мяне як старшыню рады прафіляктыкі, а таксама прарэктара па навучальнай працы, юрыста і дэкана факультэту. Шчыра адкажу: калі б яна сама не сказала, ці ўплывае гэта нейкім чынам, ці не, то я б і ня ведаў, што яна была на нейкім мітынгу і што яе затрымалі. Ніякіх дакумэнтаў ні з МУС, ні аднекуль яшчэ ва ўнівэрсытэт не прыходзіла», — сказаў Уладзімер Ясеў.