Сярод удзельнікаў перадачы — тыя, хто знутры зьведаў умовы няволі на Захадзе і ў Беларусі. Перш пакажам некаторыя радкі зь лістоў беларускіх зьняволеных.
Аляксандар асуджаны на 25 гадоў. Ягоная старэнькая маці — яе лісты, перадачы — засталіся ў яго адзінай сувязьзю з воляй.
«Разумею, што мая просьба можа падацца недарэчнай, — піша ён, — але маё матэрыяльнае становішча бядотнае... Да непрыстойнасьці. Настаў такі крэс, што не магу не пісаць. Відаць, сытуацыя ў краіне вельмі цяжкая, бо мама мая, як я бачу, ужо ня можа мне дапамагаць. Можа вы ведаеце адрасы нейкіх арганізацыяў, якія б маглі даслаць за краты такія рэчы, як трусы, шкарпэткі? Буду вам вельмі ўдзячны за гэта. Яшчэ раз даруйце за такую недарэчнасьць».
10 гігіенічных пракладак і 25 мэтраў паперы
Згодна з пастановай Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28.04.2010 наконт нормаў забясьпечваньня рэчамі асуджаных, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых установах, норма забесьпячэньня мужчын трусамі баваўнянымі складае — на кожнага сядзельца СІЗА — 1 штуку ў год, а на кожнага асуджанага калёніі, адпаведна, дзьве штукі. Норма баваўняных шкарпэтак — адпаведна, адна пара (для СІЗА) і дзьве пары(для калёніі)
Для жанчын, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА — адны трусы і адзін станік на год. Для тых, хто сядзіць ў калёніях — адпаведна, па дзьве штукі кожнага вырабу.
Гігіенічных пракладак 120 штук на год — 10 на месяц. Туалетнай паперы (як для мужчын, так і для жанчын) па 25 мэтраў — недзе палову рулёну для аднаго чалавека на месяц.
Для параўнаньня: у краінах ЭЗ, а таксама Паўночнай Амэрыкі забесьпячэньне насельнікаў турмаў, інтэрнатаў, шпіталёў пралічваецца з улікам спажываньня туалетнай паперы сярэднестатыстычным жыхаром. У залежнасьці ад краіны — ад трох і болей рулёнаў у месяц.
Тым часам самотных людзей за кратамі, якія ня могуць разьлічваць на нейкую дапамогу з волі робіцца ўсё больш. Няцяжка ўявіць сабе, да якога стану можа дайсьці зьняволены чалавек, калі дзяржава будзе ігнараваць яго самыя простыя патрэбы.
Вось яшчэ адна гісторыя. Навуковец зь Віцебску, палітвязень Міхаіл Жамчужны не належыць да дзёрзкіх злачынцаў. Першы раз быў асуджаны на пяць гадоў па эканамічным артыкуле, за заняткі навукова-практычнай дзейнасьцю. Другі — атрымаў прысуд у шэсьць з паловай гадоў за нейкую цьмяную шпіёнскую гісторыю. Гэты тэрмін адбывае ў калёніі ў Навасадах. Хутка пасьля першага вызваленьня ў адным са сваіх нешматлікіх інтэрвію расказаў, як яго арыштавалі на вуліцы, а потым кінулі ў камэру «ў тым, чым быў».
Што значыць трапіць у камэру ў тым, у чым ты быў? Гэта ўся вопратка (разам са споднікамі) толькі ў адным экзэмпляры. На нейкую дапамогу звонку Міхаіл разьлічваць ня мог... Самы блізкі яго чалавек — маці (яна памерла падчас адседкі сына) — тады знаходзілася ў шпіталі ў цяжкім стане. Пяць гадоў за кратамі пры поўнай адсутнасьці грэву. Зразумела, Міхаіл неяк вытрымаў...
Пазалетась гісторыя з арыштам паўтарылася. Ізноў жа, затрымалі на вуліцы, але сьпякотным жніўнем, калі людзі апраналіся ў сандалі, майкі ды шорты. Міхаілу пашанцавала — адзеньнем, ежай, грашыма яму дапамагала «Плятформа» ў асобе Алёны Красоўскай ды Мікіты Ліхавіда, якія на той час ведалі яго ўсяго некалькі месяцаў. Тагачасныя «плятформаўцы» таксама вырашалі і некаторыя іншыя ягоныя пытаньні: аплата камунальных рахункаў, розных пазыкаў... Але на чыю падтрымку можа разьлічваць затрыманы на вуліцы ў адной майцы ды шортах, калі сьледзтва па яго справе зацягваецца на месяцы? У чым яму хадзіць на турэмны шпацыр? У якой вопратцы паставіцца перад судом, калі той прызначаны, скажам, на лістапад ці сьнежань?
Яшчэ адзін ліст — ужо з жаночай калёніі. Маладая жанчына асуджаная за забойства партнэра. Таксама самотная, таксама шукае нейкую арганізацыю, якая б падтрымала, бо дапамогі няма адкуль чакаць. У калёніі працуе ў швальні.
«Адчуваю крайнюю патрэбу ў шкарпэтках, ніжнім адзеньні, гігіенічных пракладках. Шкарпэтак засталося дзьве пары, таксама засталося двое трусоў і два станікі. Адно сьціраю — адзяваю іншае. Не кажу ўжо пра тое, што гэтыя выдадзеныя рэчы не на мой памер. Крытычныя дні ў мяне цягнуцца доўга, пераношу цяжка. Пракладак нестае... Даводзіцца карыстацца рознымі анучкамі, часам паперай.. Прашу мяне зразумець — сядзець мне яшчэ вельмі доўга. Калі скончыцца мой тэрмін, мне ўжо будзе за сорак. Хацелася б выйсьці з гэтых месцаў нармальнай жанчынай. Тут ёсьць такія, якія запусьцілі сябе да такой ступені, што глядзець страшна. Вядома, гэта дрэнна асуджаць, але падысьці да іх без газаахоўніка немагчыма. Хоць яны добра забясьпечаныя, пераапрануцца і памыцца ў іх ёсьць як. Мала таго, усякія розныя дэзадаранты... Не магу зразумець, чаму яны так сябе паводзяць. Вось так яно».
Жыхарка Менску Марыя, якая вызвалілася з Гомельскай калёніі тры гады таму, цалкам згодная з апісаньнем сытуацыі.
Можна бясконца гаварыць, што многія жанчыны, трапіўшы ў турму, не глядзяць сябе, ня дбаюць пра гігіену, але ж у заходніх краінах нават уцекачоў з самых адсталых рэгіёнаў прывучаюць адпавядаць агульным санітарным нормам. Гэтаму трэба і вучыць, і патрабаваць і, зразумела, ні ў якім разе не эканоміць на розных гігіенічных сродках.
«Для карыстаньня ў камэру вязьням ўручалі адну газэту на ўсіх»
Колішні начальнік СІЗА «Валадарка», а таксама начальнік папраўчай калёніі строгага рэжыму ў Навасадах, палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў, які 15 гадоў таму папрасіў палітычнага прытулку ў Нямеччыне, кажа, што падчас яго дзейнасьці ў пэнітэнцыярнай сыстэме тая ж туалетная папера была, так бы мовіць, па-за законам. Гэта было ўжо ў ХХІ стагодзьдзі! Будучы ў Нямеччыне ў лягеры для ўцекачоў, потым знаёмячыся з рознымі нямецкімі турмамі, якія цяпер сталі музэямі, ён міжволі параўноўваў умовы ўтрыманьня чалавека ў няволі ў абедзьвюх краінах.
Алкаеў: «Турма ў цывілізаванай краіне — гэта пазбаўленьне свабоды перамяшчэньня, а не стварэньне нязручнасьці. Тут у Бэрліне многа разоў наведваў турму-музэй Штазі. Камэры для нямецкіх злачынцаў былі разьлічаныя на некалькі чалавек. Там жа быў унітаз ды душ. Тое, што пабудавалі Саветы для сваіх зьняволеных выглядала, як бэтонны склеп, дзе не было нічога акрамя парашы. І гэта на адной і той жа тэрыторыі! Калі ўбачыў гэта, адчуў нешта знаёмае ды роднае».
Алег Алкаеў успамінае сваё знаходжаньне ў лягеры для ўцекачоў у Нямеччыне, дзе ён апынуўся ў 2001 годзе.
Яму выдалі патрэбныя рэчы: зубную шчотку (няважна, ці была ў цябе свая), пасту, шампунь. Калі нешта заканчвалася, можна было папрасіць новае. Выдалі пасьцельную бялізну, ручнік, кубак, лыжку. А таксама туалетную паперу. Жанчынам — падпаскі, для дзяцей — пампэрсы. Калі ўсё заканчвалася можна было папрасіць зноў.
Па сутнасьці, такія ж правілы ў Нямеччыне дзейнічаюць і ў дачыненьні да арыштантаў.
Расказваючы пра сваё ўтрыманьне ў лягеры ўцекачоў Алкаеў параўноўвае яго з «Валадаркай» канца 1990-х — пачатку нулявых. Падсьледным жанчынам сродкаў жаночай гігіены не выдавалі. Толькі вядро гарачай вады на дзень. Заходзячы штодня ў перапоўненыя жаночыя камэры, ён бачыў як многія жанчыны, нібыта саромеючыся спрабавалі схаваць свае замытыя анучкі. Яму было ніякавата ад таго, што ў свае крытычныя дні, якія ў няволі могуць цягнуцца задоўга, жанчыны ніяк не абароненыя фізіялягічна. Гігіенічныя сродкі, туалетныя папера, многія іншыя неабходныя чалавеку рэчы яшчэ нейкіх гадоў дзесяць таму не былі прапісаныя ў законе.
Алег Алкаеў удакладняе, што замест той жа туалетнай паперы ў кожную камэру вязьням уручалі для карыстаньня адну газэту на ўсіх. Ён кажа, што спрабаваў вырашыць праблему туалетнай паперы для арыштаваных, але гэта выявілася немагчымым. Яму патлумачылі, што трэба будзе зьвяртацца ва ўрад, каб зьмянілі нормы выдачы для зьняволеных. Толькі пасьля гэтага можна было б закласьці выдаткі на туалетную паперу ў бюджэт.
Аднак само пытаньне здавалася надта нязначным, каб яго выносіць на ўрадавае пасяджэньне. Ніхто не хацеў гэтым займацца. Маўляў, жылі заўсёды без туалетнай паперы, і цяпер абыдуцца.
Уласна кажучы, туалетная папера за кратамі была забаронена, падсумоўвае спадар Алкаеў. Яе не было ў пераліку таго, што было дазволена вязьням. Яе не дазвалялі таксама прымаць у перадачах ад сваякоў. Які б ні быў начальнік установы, ён парушыў бы інструкцыі, дазволіўшы туалетную паперу.
Мыла выдавалі па норме. Яшчэ лыжку, кубак і матрац. Матрац — гэта была балесная тэма. Матрац быў на дзевяць год разьлічаны (сёньня на пяць гадоў = «Свабода ў турмах»), каб сьпісаць яго. Можаце сабе ўявіць, што зь яго заставалася? Караўка. Ні ваты, нічога там не было. Колькі на ім людзей спала! Сьпісаць яго было нельга раней за тэрмін. Ну, коўдра была. Коўдру і матрац асуджаны атрымліваў на складзе. Там жа была прасьціна, ручнік, ён цягнуў з сабой. Міска не выдавалася. Прыносілі ў абед, а па абедзе забіралі назад».
Ці выдавалі сподняе, як, напрыклад, у арміі салдатам тэрміновай службы?
Алкаеў: «Сподняе? У калёніі выдавалася. Хаця часам заблытаесься: хто меў сваё, мог не атрымліваць, хто ня меў — выдавалі. Абавязковымі былі штаны, куртка і ватоўка. І шапка, калі зіма. Каб паводле сэзону. Цяпер мне ўжо цяжка прыпомніць. Я ведаю дакладна, што цывільныя рэчы здаваліся на склад, і чалавек празь пятнаццаць год атрымліваў тое, што там засталося пасьля таго, як павукі, тараканы ды моль патачылі.
А так — усё выдавалася, хоць і не заўсёды пад памер. Бялізна (сподняя) ў калёніях мянялася ў лазьневыя дні, бо асаблівых умоваў каб мыць, не было. Але асуджаныя ў асноўным бялізну мелі сваю: памые недзе — пасушыць на батарэі. Але каб гэта было балючае пытаньне — то не. А ў СІЗА ўсе ходзяць у сваім — ні бялізна, ні адзеньне не выдаецца».
Калі ўявіць сытуацыю: лета, горача, і раптам чалавека затрымалі, у СІЗА пасадзілі, што тады?
Алкаеў: «На гэты выпадак заўсёды ёсьць так званая падменка — дадуць. Праблема з адзеньнем была, калі чалавек зьбіраўся на суд. Яго стараліся адзець чым лепей: касьцюм давалі, гальштук, кашулю, каб на суд ехаць, зьбіралі ў камэры што маглі. І вось чалавек выходзіць, а там пільны прапаршчык зь яго ўсё зьдзірае. Бо ў яго ва ўліковай картцы гэта не запісана, ён прыехаў узімку ў фуфайцы і ў валёнках. А судзяць летам. І даводзілася асабіста мне ўмешвацца. Канец канцом загад адмысловы выдаў, што гэтая інструкцыя ня дзейнічае, калі адзеньне ня гвалтам адабранае, калі са згодзы чалавек даў ці падарыў. А так — гэта было самым частым парушэньнем, калі пераадзяваліся. А на суд кожны дзень (з СІЗА) ішло па восемдзесят-дзевяноста чалавек. І ўсе ў чужым адзеньні, ці большасьць, бо стараліся чым лепей адзецца. Можа быць, сёньня гэтыя пытаньні зусім адпалі. Я думаю, усё ж істотна лепш павінна было за гэты час стаць, так мне здаецца».
«Сядзець у камфортнай турме ў ЭЗ псыхалягічна цяжэй, чым у гідкай беларускай»
Мянчук Васіль Сямашка ведае беларускія турмы і як журналіст, і як іх колішні сядзелец.
Сямашка: «У канцы 1990-х сядзеў на „Валадарцы“, у былой менскай калёніі № 1 на Кальварыйскай. Потым быў лягер для ўцекачоў у Нямеччыне, потым турма ў Нюрнбэргу, дзе быў пасьля вайны славуты судовы працэс, быў у іншай турме, дзе Гітлер напісаў „Майн кампф“, знаходзіўся ў мюнхэнскай. Гэта было ў 2005 годзе. Транзытам праехаў 12 турмаў Баварыі. Так што магу параўноўваць турмы. Сьцьвярджаю, што псыхалягічна сядзець у камфортнай турме ў ЭЗ цяжэй, чым у гідкай беларускай. У камфортнай турме менш бытавых праблем, і ёсьць больш часу падумаць. А злачынцы ўсюды аднолькавыя. Зьняволенаму ў турме не патрэбныя пуховыя пярыны. Але, навошта пазбаўляць яго магчымасьці мыцца штодня гарачай вадой або пазбаўляць яго перадач, карміць пры гэтым памыямі?»
Паводле Васіля Сямашкі, «чалавеку ў нямецкай турме даецца ўсё неабходнае: шкарпэткі, трусы, касьцюм турэмны накшталт піжамы, куртку для прагулак, абутак. Таксама зубную пасту, шчотку, танную брытву, кавалачак мыла. Усім забясьпечваюць, і чалавек ні ў чым ня мае патрэбы. Захацеўшы, можна пакінуць вопратку сваю, але ў такім разе будзе праблема з мыцьцём. Таму большасьць вязьняў за лепшае лічыць атрымліваць вопратку турэмную. За выключэньнем цёплай верхняй, у зімовы пэрыяд пакідаюць сваю куртку для прагулак. Хаця многія, хто мае грошы на рахунку, купляюць прадметы гігіены ў турэмнай краме, лепшай якасьці».
«Калі ніхто ня можа падтрымаць вас фінансава, падайце заяву на кішэнныя грошы» — урывак з анкеты Sozialamt
За кратамі вязьням таксама паведамляюць пра іх правы. Напрыклад, у фэдэральнай зямлі Баварыі cупрацоўнікі сацыяльнага ведамства (Sozіalamt) з гэтай мэтай адмыслова наведваюць турэмныя ўстановы і распаўсюджваюць сярод вязьняў ужо перакладзеныя на мовы зьняволеных анкеты. У іх прадстаўнікі ведамства паведамляюць, у які дзень бываюць у турэмнай установе, каб адказаць на любыя пытаньні сядзельцаў і дапамагчы ім вырашыць напаткаўшую іх праблему. Вось, да прыкладу, як выглядае анкета, якую служачыя Sozіalamt прапануюць запоўніць зьняволеным Баварыі.
«1. Ці ёсьць у вас бацькі, жонка, дзеці? Яны ведаюць, што вы ў зьняволеньні? Мне трэба іх праінфармаваць?
2. Хто клапоціцца аб вашых дзецях і дзе яны знаходзяцца? Ці павінны вы аплачваць іх утрыманьне? Калі трэба, каб дзіця і яго маці атрымлівалі вашы грошы, вы можаце падаць заяву ў ведамства па справах моладзі.
3. Ці да сёньняшняга дня вы працавалі або атрымлівалі дапамогу па беспрацоўі? Калі вы да гэтага жылі на дапамогу, то вам трэба ведаць: вы ня будзеце атрымліваць яе, пакуль вы ў зьняволеньні.
4. Ці хто-небудзь можа падтрымаць вас фінансава, пакуль вы зьняволены? Калі ніхто, то ў пэрыяд папярэдняга зьняволеньня вы можаце падаць заяву ў сацыяльнае ведамства на кішэнныя грошы.
5. Ці кватэра, дзе вы жылі, найманая? Як вы яе аплачваеце? Ці павінны клапаціцца аб ёй цяпер? Вам можа хто-небудзь дапамагчы? Калі вы хочаце, то можаце падаць заяву ў сацыяльнае ведамства аб далейшай аплаце кватэры. Калі ў вас няма пазыкаў па аплаце, ведамства будзе аплачваць вашу кватэру цягам шасьці месяцаў — часу вашага папярэдняга зьняволеньня.
6. Ці ёсьць у вас свойская жывёла? Ці павінны мы тэрмінова знайсьці каго-небудзь, хто дбаў бы пра яе?
7. Дзе вашы рэчы? Што з вашым аўтамабілем? Што з вашай поштай? Ці можа вам нехта прыносіць пошту ў турму? Ці лічыце вы патрэбным перадаць ключ ад вашай паштовай скрыні да нас, каб мы прыносілі вам карэспандэнцыю?
8. На час зьняволеньня вы павінны скасаваць дагавор аплаты за карыстаньне інтэрнэтам, радыё і тэлебачаньнем, каб у вас не назьбіралася даўгоў. Мы дапаможам. Ці ёсьць у вас пазыкі па аплаце пэўных паслуг, выплаце крэдытаў, іншыя даўгі?
9. Ці ёсьць у вас цяпер скаргі на здароўе? Як вы цяпер сябе адчуваеце? Вы ўжо былі ў лекара? Ці маеце вы патрэбу ў мэдыкамэнтах? Якіх менавіта? Хацелі б вы прайсьці курс тэрапіі? Ці маеце патрэбу ў тэрапіі ад алькагольнай і іншай залежнасьці?»
Як адзначае Васіль Сямашка сыстэма анкетаваньня, з дапамогай якіх супрацоўнік (Sozіalamt) высьвятляюць самыя розныя праблемы чалавека, трапіўшага ў экстрэмальнае становішча дзейнічае ня толькі ў турмах, але і ў лягерах для уцекачоў.
Таксама пры паступленьні ў турму цікавяцца веравызнаньнем — мусульманін, хрысьціянін ці юдэй. Гэта зроблена для таго, каб зьняволеную даваць адпаведную да яго веры ежу, кажа наш суразмоўца.
Асноўнае адрозьненьне ад беларускай турмы ў тым, што ў нямецкай турэмнай сыстэме паважаюць зьняволенага як асобу, ягоныя правы і свабоды, зазначае Васіль Сямашка і расказвае такі выпадак:
«У пакоі, дзе зьняволеныя чакалі суду, у прыбіральні закончылася туалетная папера. Адзін зьняволены паклікаў „кантралёра“ і патлумачыў, што гэта непарадак. Ахоўнік прынёс рульку і аддаў зьняволенаму зь перапрашэньнем: У беларускіх турмах гэта немагчыма. У адказ пачуеш лаянку ў лепшым выпадку.
У беларускіх турмах сыстэма накіраванае на прыніжэньне чалавека, на тое, каб яго зламаць. Турмы зачыненыя для грамадзкага кантролю. У нас працуе шмат псыхічна ненармальных людзей, якія атрымліваюць задавальненьне, прыніжаючы чалавека. Яны, калі трапляюць у турму на працоўнае месца, адчуваюць сябе богам, разумеюць, што могуць прынізіць любога зьняволенага. У Нямеччыне зусім па-іншаму. Там ахоўнікаў называюць чыноўнікамі (яны прыналежаць да міністэрства юстыцыі), яны нармальныя людзі. Яны не прыніжаюць зьняволенага, проста робяць сваю працу. Мяне гэта вельмі моцна прыемна зьдзівіла».
Таксама, кажа Васіль Сямашка, у нас пастаянна прыдумваюцца мерапрыемствы, накіраваныя на прыніжэньне вязьняў:
«Напрыклад, цэлы тыдзень можа быць кампанія з каляровай бялізнай. Не спадабаецца нейкаму ахоўніку, што ў зьняволеных дамашняя пасьцельная бялізна з кветачкамі. Неадкладна выходзіць загад: усё забраць. Кантралёры яго забіраюць, а потым вяртаюць за хабар. Праходзіць тыдзень, пачынаецца новая кампанія, хтосьці ўспамінае, што нельга мець стальныя лыжкі, а раптам кагосьці заб’еш ёю? Іх пачынаюць забіраць.
Увесь тэрмін зьняволены пастаянна адчувае на сабе прыніжальныя кампаніі па барацьбе з чымсьці. У Нямеччыне ўсё разумна, усё спакойна, там турма выконвае сваю ролю: ізалюе ад грамадзтва і стараецца перавыхаваць. У нас з турмы выходзіць чалавек, які сутыкнуўся з пастаянным прыніжэньнем. Ён бачыць, як турэмныя супрацоўнікі пагрузьлі ў хабарніцтве, бяруць хабар за любую дробязь — за тое, што вернуць табе тваю лыжку, што дазваляюць спаць на бялізьне, перададзенай табе сваякамі. Даў цыгарэты кантралёру — і ён ужо не заўважае, што ты сьпіш на каляровай бялізьне. Зь беларускай турмы чалавек выходзіць з горкім досьведам і нэгатыўным спрытам».