Тыя ў адказ або маўчаць, або гы-гы-гы, альбо ветліва вітаюцца. «Аказваецца, на “фашысты” яны не крыўдуюць, — робіць выснову Сьвятлана. — Затое крыўдуюць на слова «калхозьнік».
Я гляджу на паводзіны амонаўцаў у дачыненьні да затрыманых людзей і разумею, чаму яны так рэагуюць на «фашыстаў». Для іх такое параўнаньне ў пэўным сэнсе гучыць крута.
Калі ты ў чорнай форме, з арлом на шэўроне й дручком у рукох, а побач — гэткія ж арлы на шэўронах і дручкі ў рукох, ты можаш сам сябе ўявіць звышчалавекам.
Што табе да астатніх людзей насупраць, зь іхнымі недарэчнымі марамі аб волі, аб чалавечых правах, проста аб прыстойнасьці.
Ты ўжо зразумеў, што можаш зрабіць зь імі што заўгодна і табе нічога ня будзе, бо ты — звышчалавек.
Ты можаш уварвацца ў офіс праваабаронцаў, ударыць галавой аб падлогу нейкага нікчэмнага чалавечка — Аляксея Лойку, пасьля наступіць ботам яму, распластанаму на падлозе, на галаву. І насалоджвацца.
Альбо ты можаш разьдзець дагала затрыманую дзяўчыну Марыну Насенку й прымусіць яе прысядаць. І насалоджвацца.
Ці зламаць нос Алесю Лагвінцу на вачох у ягонага сына, а пасьля з усьмешкай звышчалавека сьведчыць, што той сам біўся галавой аб аўтамабіль. І насалоджвацца.
Альбо ты можаш, разам з парай-тройкай такіх, як і ты звышчалавекаў, закінуць у аўтазак кульгавага васьмідзесяцігадовага дзеда, у дадатак пхнуўшы яму ў сьпіну. І насалоджвацца.
Ты можаш у пастарунку паставіць людзей тварам да сьцяны й гадзінамі не даваць схадзіць у прыбіральню. І насалоджвацца.
«Лоэнгрын» Вагнэра, «Трыюмф волі» Рыфэншталь табе не цікавыя. Цікава ня даць схадзіць у прыбіральню вось таму ачкарыку з рукамі на сьцяне.
Ты шмат чаго можаш, бо ты ўсё ў гэтым жыцьці слушна зразумеў і надзеў уніформу з арлом на шэўроне. Ты звышчалавек, ня роўня чалавеку.
Так ім здаецца, таму яны не крыўдуюць на «фашыста».
Як сапраўдныя звышчалавекі, прыехаўшыя ў сталіцу са сваіх умоўных капыткавічаў-нядолявічаў, яны пасьля цяжкога працоўнага дня прыходзяць дадому з палтарачкай «Аліварыі», запускаюць «звышчалавечыя» сьпевы якой Алёны Апінай альбо Ўладзімірскі цэнтрал, уключаюць сэрыял № 197 пра мянтоў-чэкістаў, а пасьля чацяцца ў аднаклясьніках пра свае эпічныя перамогі, пэўна згадваючы і бот на галаве праваабаронцы, і зламаны нос палітыка-ачкарыка, і разьдзетую дагала дзяўчыну, і сваё гы-гы-гы ў адказ на вітаньне «пратэстнай рэпартэркі».
Такія звышчалавекі.
Гэта я да таго, чаму яны крыўдуюць на слова «калхозьнік».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.